Часопіс “ARCHE” прэзентаваў новыя кнігі

Дзень 31 мая ў кнігарні “ЛогвінаЎ” выдаўся гістарычным. На імпрэзе былі прэзентаваныя кнігі гісторыкаў Яна Шумскага і Юрася Юркевіча. Рэдактар часопіса “ARCHE” расказаў пра асартымент новых кніг на гістарычную тэматыку.



Мадэратар Валер Булгакаў расказвае пра кніжныя навінкі


Для ўдзелу ў сустрэчы з Варшавы спецыяльна прыехаў Ян Шумскі, аўтар манаграфіі “Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944–1953). Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі”. Што мы ведаем пра жыццё Заходняй Беларусі пад Саветамі, акрамя імклівай калектывізацыі? А кніга Яна Шумскага перш за ўсё расказвае пра перамены ў жыцці і свядомасці жыхароў Заходняй Беларусі. “Маё даследаванне прысвечана пасляваенным гадам, так названым “другім саветам”, — распавёў аўтар. — Дарэчы, гэты тэрмін ужываўся мясцовым насельніцтвам. У кнізе асноўным чыннікам з’яўляецца гісторыя: сваякоў, суседзяў і проста старэйшых асоб. Тое, што яны расказвалі мне яшчэ ў савецкія часы, не сутыкалася з той версіяй, якую нам выкладалі ў школе”. Для аўтара гэта  стала першым штуршком для напісання манаграфіі.

Ян Шумскі расказвае пра кнігу “Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944–1953). Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі”

У кнізе прыводзіцца цікавыя лічбы: з 1944 па 1947 год ад мабілізацыі ў Савецкае войска ўхілілася каля 75 тысяч асоб з 600 тысяч прызваных. Закранаецца ў кнізе і рэлігійны аспект насельніцтва Заходняй Беларусі. Аўтар раскрывае механізмы русіфікацыі і саветызацыі яе карэннага насельніцтва.

Кніга з’яўляецца скарочанай версіяй доктарскай дысертацыі Яна Шумскага. Праца была напісаная дзесяць гадоў таму. “На сёння беларуская гістарыяграфія пакуль не дачакалася іншага даследавання, якая бы працягвала тэматыку гісторыі ўсталявання савецкай улады ў Беларусі пачатку ХХ стагоддзя”, — адзначыў аўтар.

            Сваю кнігу “Балахоўцы. Сведчанні. Дакументы Даследаванні” прэзентаваў  гісторык Юрась Юркевіч. Кніга расказвае пра лёс войска Станіслава Булака-Балаховіча і лёс самога генерала, дастаткова спрэчнага дзеяча перыяду Першай Сусветнай і Грамадзянскай вайны. Кніга пабудавана на манаграфічным даследаванні аўтара, якое прысвечана беларускім фармацыям у  Балтыі ў 1919 годзе і на працы “Балахоўцы”, якая была напісана польскім афіцэрам Станіславам Ліс-Блонскім у 1920-я гады. Значную частку выдання складаюць ўспамінам і дакументы, прысвечаныя дзейнасці Булак-Балаховіча.

Юрась Юркевіч прэзентуе “Балахоўцы. Сведчанні Дакументы Даследаванні”

Генерал Балаховіч цікавіў гісторыка не як асоба, а як чыннік. Ці можна было ім скарыстацца дзеля дасягнення сваіх мэтаў? А мэтай тады было стварэнне плацдарму дзеля адбудовы сваёй дзяржавы. Аўтар зрабіў выснову, што будучыня ў атрада Балаховіча была. У ім налічвалася каля тысячы, але з рэальнай перспектывай хуткага павялічэння. Атрад меў сваю пэўную праграму. Асноўныя яе пункты — “адабраць” кавалачкі ў Расіі і стварыць нацыянальныя міні-дзяржавы, якія Балаховіч ужо і пачаў ствараць на тэрыторыі Браслаўшчыны і Полаччыны. Прычыны паразы гэтай ідэі аўтар дэталёва патлумачыў ў кнізе.

Напрыканцы Юрась Юркевіч адзначыў: “Гераізацыя Балаховіча дзіўная. Я не лічу, што гэтая асоба — герой Беларусі, але яна мае непасрэднае дачыненне да таго, што Беларусь стала дзяржавай. Увогуле, людзі думаюць, што Беларусь атрымала вольнасць з ласкі камуністаў. Па сутнасці, так і было, але толькі не з ласкі. Проста былі людзі, такія, як балахоўцы і слуцкія паўстанцы, якія змагаліся за незалежнасць”.

 Варта нагадаць і пра спіс новых выданняў на гістарычную тэматыку, якія чакаюць сваіх пакупнікоў на палічках кнігарні “ЛогвінаЎ”:

·        Кніга гарвардскага прафесара Сяргея Плахія “Рускі Вавілон. Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне, Беларусі” ;

 

·        Эдмундас Гімжаўскас “Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы ў 1925–1923 гг”;

 

·        Алег Латышонак “Жаўнеры БНР”;

 

·        Юры Гардзееў “Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў ВКЛ у часы чатырохгадовага сойма (1789–1792)”;

 

·        “Летапісы і хронікі Беларусі”;

 

·        Марк Бартушка “Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941–1944 гг”;

·        Алег Латышонак “Нацыянальнасць — Беларус”;

 

·        Янка Станкевіч “За родную мову й праўдзівы назоў.

Абмеркаванне:

  • demo
  • 2014-06-02 19:39:44
А што з апошняй фоткай?

Каментаваць