Чэхаславацкі легіён рускай арміі ў Мінску

11 чэрвеня пры ўдзеле пасла Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілана Экерта і ваеннага аташэ Чэскай Рэспублікі Томаша Зіпфэла ў фае сталічнага кінатэатра “Перамога” адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Чэхаславацкія легіёны ў Расеі”. У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі з чэшскіх і расійскіх архіваў.



Асаблівую цікавасць выклікаюць здымкі, на якіх адлюстраваны ўдзел чэшскіх легіянераў у баях у Беларусі (лета 1915-1917 гг.), а таксама знаходжанне чэхаславацкіх жаўнераў у Бабруйску.

Варта нагадаць, што ў 2013 годзе на тэрыторыі цытадэлі на Бярэзіне было знойдзена месца, дзе ў 1917 годзе былі пахаваныя чэшскія легіянеры. Зараз Прага сумесна з беларускімі ўладамі вырашае пытанне аб усталяванні мемарыяльнага знака на месцы пахавання.

Таксама ў рамках выставы быў паказаны фільм “Збароў”, які распавядае аб удзеле чэхаславацкага легіёну ў кровапралітных баях Першай Сусветнай на тэрыторыі Украіны.

Вечар, прысвечаны гісторыі чэхаславацкіх легіёнаў рускай арміі, прайшоў у рамках кінафестывалю “1914 revisited”, арганізаванага амбасадамі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і Чэшскай Рэспублікі сумесна з Інстытутам Гётэ, Дзяржфільмафондам Расіі і кінастудыяй “Беларусьфільм”.

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2014-06-12 16:01:21
Цікава! Бузумоўна варта паставіць помнік у Бабруйску. Увогуле, зусім не вядомая старонка нашай гісторыі

Каментаваць