Цэнтральны батанічны сад правядзе свята рададэндранаў

26 мая Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук правядзе свята рададэндранаў.

 



26 мая Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук правядзе свята рададэндранаў.

 

Як паведаміла БелаПАН загадчыца інфармацыйна-асветніцкага сектара саду Алена Сакурэнка, у гэты дзень усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у экскурсіях па батанічным садзе, азнаёміцца з калекцыяй рададэндранаў і даведацца аб асаблівасцях іх вырошчвання, натуральных месцах вырастання. У калекцыі Цэнтральнага батанічнага сада налічваецца 40 разнавіднасцяў рададэндранаў. Як падкрэсліла Сакурэнка, гэтыя кветкі з'яўляюцца аднымі з найбольш папулярных культур адкрытага і закрытага грунту, іх гісторыя налічвае больш як тры стагоддзі.

З 11.00 у садзе будзе арганізавана выстава-продаж саджанцаў рададэндранаў. Кансультацыі па выбары раслін правядуць вядучыя супрацоўнікі батанічнага сада. У 12.00 і 15.00 — бясплатныя экскурсіі па батанічным садзе. З 14.00 да 15.30 у канферэнц-зале будзе арганізавана навукова-папулярная лекцыя "Асаблівасці вырошчвання рададэндранаў". У святочны дзень таксама адбудуцца выступленні танцавальных і музычных калектываў.

Батанічны сад плошчай каля 100 га быў закладзены ў 1931 годзе. Гэта найбуйнейшы зялёны масіў цэнтральнай часткі Мінска. Тут налічваецца да 11 тыс. найменняў раслін, у тым ліку каля 2,4 тыс. відаў і гатункаў трапічных і субтрапічных.


Паводле БелаПАН

Каментаваць