Чачня і літаратура

Ці спявае мірны народ ваярскія песні? І што гаворыць пра сваіх стваральнікаў адна з самых «ваенізаваных» літаратур свету — руская? Літаратура, якая нараджалася і жыла на крыві і помсце, якая так і не здолела вывесці з сябе вірус агрэсіі: ад старадаўніх летапісаў (той пайшоў на таго, забіў гэтага, спаліў тое), ад класікаў ХVIII–ХІХ стагоддзяў і ажно да сучаснай растыражаванай (або масавай) прозы. Некалькі прыкладаў. І — не толькі творчасці.



Ці спявае мірны народ ваярскія песні? І што гаворыць пра сваіх стваральнікаў адна з самых «ваенізаваных» літаратур свету — руская? Літаратура, якая нараджалася і жыла на крыві і помсце, якая так і не здолела вывесці з сябе вірус агрэсіі: ад старадаўніх летапісаў (той пайшоў на таго, забіў гэтага, спаліў тое), ад класікаў ХVIII–ХІХ стагоддзяў і ажно да сучаснай растыражаванай (або масавай) прозы. Некалькі прыкладаў. І — не толькі творчасці.

1840 год. Будучы расійскі класік паручнік Тэнгінскага пяхотнага палка Міхаіл Лермантаў удзельнічае ў паходзе на цвярдыню-крэпасць Грозную (сённяшні Грозны). Грымяць шматлікія «экспедыцыі» супраць непакорных чачэнцаў. «Во время штурмов неприятельских завалов на реке Валерике, — сведчыў у сваім рапарце пра Лермантава генерал Галафееў, — он исполнял возложенное на него поручение с отличным мужеством и хладнокровием и с первыми рядами храбрейших ворвался в неприятельские завалы». За гэта быў «представлен» да вышэйшай узнагароды — ордэна Уладзіміра з бантам. Гісторыя захавала і рапарт камандзіра Асобнага Каўказскага корпуса аб узнагароджванні М. Лермантава за ўдзел у «экспедыцыі» ў Малой Чачні з 27 кастрычніка па 6 лістапада 1840 года. Паэт за чачэнскія баталіі быў уганараваны генерал-лейтэнантам Грабэ залатой шабляй з надпісам «За храбрасць». Узнагароджаны не за асветніцкую дзейнасць, а за бойню, вайну, і вайну — не айчынную, не вызваленчую.

А як сёння чачэнскім школьнікам распавядаць пра класіка? Як, да прыкладу, яны ўспрымуць ягоныя паэтычныя «ваярскія» пасланні? Пра літаратурныя «перагібы на месцах» у савецкай імперыі задумваліся пільныя рэдактары-цэнзары. Разгорнем, як узор, паэму-пасланне Лермантава «Валерык».

Валерык — назва рэчкі, прыток Сунжы, што ўпадае ў Церэк. Назва паходзіць ад «Валеран хі» / «Смерці рака» і па-чачэнску гучала б як Валарг. Лермантаў удзельнічаў у бітве, апісанай ім у паэме, 11 ліпеня 1840 года. Чытаем у мільёнамі выдадзеных тамах:

Нам был обещан бой жестокий,
Из гор Ичкерии далёкой
Уже в Чечню на братний зов
Толпы стекались удальцов.


Хоць у арыгінале (спашлёмся, напрыклад, на выданне «Сочинений М. Ю. Лермонтова под редакцией П. В. Быкова» 1891 года (Т.1, с.109) пра аніякі «братний зов» і паміну не было, а пісалася чорным па белым:

Уже в Чечню на бранный зов
Толпы стекались удальцов.


М. Лермантаў распавядаў пра сапраўдную бойку як відавочца і ўдзельнік, і — прызнацца — у тых радках бачыцца таксама і дакументальная хроніка вайны Расіі і Чачні 1930 года, калі вайнахі паўсталі пад кіраўніцтвам Шыта Істамулава (і супраць іх кінулі некалькі дывізій Чырвонай арміі на чале з камандуючым Паўночна-Каўказскай вайсковай акругі Бяловым, які пасля двухмесячных баёў і падману паўстанцаў Савецкім урадам задушыў супраціў), бачыцца і нядаўні 1997 год:

Вдруг залп... глядим:
лежат рядами.
Что нужды? Здешние полки
Народ испытанный... «В штыки
Дружнее!» — раздалось за нами.
Кровь загорелася в груди!
Все офицеры впереди…
Верхом помчался на завалы,
Кто не успел спрыгнуть с коня…
«Ура!» — и смолкло. —
«Вон кинжалы…
В приклады!» — и пошля резня.
И два часа в струях потока
Бой длился; резались жестоко,
Как звери, молча, с грудью грудь.
Ручей телами запрудили.
Хотел воды я зачерпнуть —
И зной, и битва утомили
Меня — но мутная волна
Была тепла, была красна…


Зрэшты, падобных «літхронік» не бракуе і ў сучаснай Расіі. І цяпер — як толькі не вычвараецца расійская славеснасць-журналістыка, якімі толькі тэрмінамі не прыхоўвае сваю агрэсіўнасць ды само слова «вайна»! І «аперацыяй» назаве, і «принуждением к миру». А непакорны ў стагоддзях вайнахскі народ — і «бандфарміраваннямі», і «тэрарыстамі», і «зялёнымі», і «сепаратыстамі»... Толькі цяперашнія рэдактары-цэнзары ўжо не зважаюць на далікатныя «нюансы» падпальвання міжнацыянальнай і міжэтнічнай варажнечы. А сучасная руская літаратура белетрызуе агулам не свой боль пра «вайну і мір», не гераізуе вызваленне айчыны ад агрэсара-ворага, а сама становіцца духоўным агрэсарам. Хоць падобнае — па-за скрыжалямі літаратурнага кодэксу. Падобнае — невылечная бацыла імперскай ненасытнасці. Падобнае — лакмусавая паперка спаконвечнай (нават пасіянарнай) імперыялістычнасці-агрэсіўнасці расійскай ментальнасці.

А як яшчэ можна ахарактарызаваць цяперашнія тэксты пра «вызваленне спаконрускага Крыма» ці пра ўсё тых жа «злосных чачэнаў»? Нястомныя серыялы ў прозе тыпу «Спецназ. ГРУ» Міхаіла Несцерава нястомна друкуюцца па вялікіх рускамоўных абшарах: «На данный момент своей цели террористы достигли: задача «посветиться» уже выполнена и кроваво-зелёные флаги уже показаны».

Ад літаратараў-мужчын не адстаюць і жанчыны. Вось драбок словазлучэнняў з папулярнай Паліны Дашкавай: «чеченская саранча», «тошнило от одного вида чеченцев, которых в последние годы развелось», «без настоящей войны с чеченами не обойтись»… І гэта — толькі з невялікай аповесці!..

Факт застаецца фактам: і сёння руская літаратура змагаецца з Чачнёй, і пакуль так будзе — не зважаючы на вайсковыя перамогі — у Ічкерыі будуць нараджацца кіраўнікі-паэты, такія, як Зелімха Яндарбі.

Непаслухмяных кіраўнікоў можна знішчыць. Паэтаў жа — немагчыма. Дык навошта ж народам ваярскія песні? Асабліва — пра сваё знішчэнне?..
 

Каментаваць