Хачу ў Зуброўку!

Усe зараз толькі і гавораць пра намінанта на прэмію «Оскар», расійскі фільм «Левіяфан». Між тым, значна больш патрыятычна было б падключыцца да піяру іншай стужкі, якая прэтэндуе на прэмію амерыканскай кінаакадэміі. 



Гэта карціна Уэса Андэрсана «Гатэль «Гранд Будапешт» — камедыя, створаная па творах Стэфана Цвейга.

На першы погляд, фільм не мае ніякага дачынення да Беларусі. У цэнтры фільма падзеі ў гатэлі «Гранд Будапешт», што адбываюцца паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Мадам Д., замежная госця гатэля, сябруе з кансьержам Густавам і за сяброўства адпісвае яму каштоўную карціну «Хлопчык з яблыкам». Літаральна адразу пасля абвяшчэння пра падарунак Мадам Д. гіне ад рук невядомага забойцы. Яе сын Дзмітрый, нязгодны з завяшчаннем, спрабуе абвінаваціць Густава ў забойстве маці. Густава арыштоўваюць, і ён шукае дапамогі ў сябра, маладога калідорнага Мустафы Зеро.

Прыгоды Густава і Зеро вельмі спадабаліся аўдыторыі. Дастаткова сказаць, што фільм адхапіў шмат прызоў — ад «Залатога мядзведзя» да «Залатога глобуса». Аднак галоўная інтрыга наперадзе. Фільм мае дзевяць (!) намінацый на Оскара, у тым ліку ў катэгорыі «Лепшы фільм». Думаецца, што як мінімум шэраг галоўных прызоў на цырымоніі ўручэння Оскара яму гарантаваны.

Аднак тут важней не спіс былых і будучых рэгалій. Фантастычны поспех «Гатэль «Гранд Будапешт» прывёў да спробаў стрыгчы купоны на ўсім, што з ім неяк звязана. Ужо зараз як мінімум чатыры гатэлі Усходняй Еўропы намагаюцца давесці, што менавіта іх установа, сэрвіс або ўнутраная атмасфера натхніла Цвейга на стварэнне твораў пра гатэль «Гранд Будапешт».

Пакінем гэта спаборніцтва супрацоўнікам турагенцтваў. У фільме «Гатэль «Гранд Будапешт» ёсць тэма, якую нельга аспрэчваць. Краіна, дзе Мустафа і Густаў спрабуюць раскрыць загадку смерці мадам Д., называецца Рэспубліка Зуброўка. Пры гэтым самі аўтары стужкі прызнаюць (гэта можна, прынамсі, прачытаць на сайце той жа Wikipedia), што назваць так краіну ў фільме іх натхніла этыкетка гарэлкі «Зуброўка», што, у сваю чаргу, наўпрост звязаная з беларускай культурнай спадчынай.

Як вядома з даведнікаў, «Зуброўка» — алкагольны напой (настойка) мацункам 40°... Настойваецца на траве Зуброўка духмяная (Hierochloe odorata (L.) Wahlb.), якая расце ў Белавежскай пушчы і з’яўляецца ежай для зуброў, адкуль і пайшла назва. Можа мець розныя адценні жоўтага колеру — ад светла-жоўтага да бурштынавага.

Зуброўка выраблялася на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з пачатку XVI стагоддзя, і да XVIII стагоддзя стала адным з улюбёных напояў шляхты і сялян. У 1926 годзе польская кампанія ў горадзе Брэст-Літоўскі вынайшла спосаб масавай вытворчасці гэтага напою, які потым запазычылі мноства кампаній па ўсім свеце. Цяпер «Зуброўка» вырабляецца ў Беларусі, Польшчы, Расіі, аднак яе радзімай, безумоўна, з’яўляецца горад над Бугам.

Сёння вакол слова «Зуброўка» ў сеціве разгарнуўся сапраўдны ажыятаж. Фанаты фільму «Гатэль «Гранд Будапешт» намагаюцца мадэліраваць палітычныя працэсы, культурнае жыццё, трэнды ў віртуальнай Рэспубліцы Зуброўка. Нехта ўжо прыдумаў гімн ніколі не існаваўшай краіны. Ёсць нават спроба стварыць інтэрнэт-энцыклапедыю зуброўскай нацыі. Часопіс «National Geographic» правёў апытанне наконт таго, якое месца ў ва Усходняй Еўропе падобна на дэкарацыі падзей, што адбываюцца ў фільме.

Але наўрад ці Беларусь можа прэтэндаваць на тое, каб лічыцца правобразам Рэспублікі Зуброўка. З таго, што гучыць на экране, можна зразумець, што Рэспубліка Зуброўка — гэта нейкая абстрактная альпійская славянская ўсходнееўрапейская краіна, якая напрыканцы 1930-х стала аб’ектам экспансіі фашыстаў, а пасля вайны перайшла пад кантроль Саветаў. Пасля калапсу сацыялізму краіна перажывае цяжкую эканамічную трансфармацыю, якая таксама ставіць пад удар былы гасцінічны комплекс. Калісьці славуты гатэль, які не прыносіць прыбытку, чакае дэмантаж.

Біяграфія Цвейга, які нарадзіўся і доўгі час жыў у Аўстра-Венгрыі, яшчэ больш звужае кола пошукаў да Славакіі або Чэхіі. Напэўна, гэтыя краіны, якія паўсталі на базе былой Чэхаславакіі, лепш за ўсё пасуюць крытэрыям віртуальнай Рэспублікі Зуброўка.

Тым не менш было б проста не разумна не паспрабаваць узняць інтарэс да Беларусі за кошт фільму і назвы «Зуброўка». Цяжка казаць, якія тут могуць быць канкрэтныя піяр-крокі. Аднак тое, як упарта намагаюцца стаць часткай міфу пра фільм «Гатэль «Гранд Будапешт» шматлікія гатэлі і нават муніцыпалітэты, сведчыць, што кошт у гэтай гульні вельмі высокі. Напэўна, не менш, чым каштавала славутая карціна «Хлопчык з яблыкам».

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-01-25 21:40:35
А фільм сапраўды цікавы, дзякуй за падказку.

Каментаваць