Чалавек у вышыванцы

Нам сваё насіць — не перанасіць! Колісь Францішак Багушэвіч у сваёй маніфестычнай прадмове да «Дудкі беларускай» напісаў, разважаючы пра нашу мову: «Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе».

 



У беларусаў была свая адметная мова, гаворка, свая адзежа, свая апратка ў святочныя дні. Свая апратка. Якая? Найперш, нашы вышыванкі, вядома. Гэтай адметнасці заўсёды трымаліся нашы продкі — свядомыя беларусы і духоўныя асветнікі — літаратары, паэты, драматургі, шматлікія дзеячы культуры.

Прыгадваецца сустрэча з Пятром Краўчанкам. Гэта было 19 ліпеня 2009 года. Мы вярталіся пасля з’ездаўскай стрэчы з беларусамі свету, якія прыехалі ў Мінск з нагоды святкавання вызвалення сталіцы ў 1944 годзе. Шмат пра што мы з ім гаварылі, а найперш пра вышыванку Краўчанкі. Ён увесь час фігураваў у ёй на згаданым з’ездзе. І тады быў апрануты ў гэтую кашулю навыпуск. Я пацікавіўся, дзе ён здабыў сваю вышыванку. І вось што пачуў:

— Колісь Якубу Коласу вышываную кашулю ахвяраваў — хто б вы думалі? — Панцеляймон Панамарэнка. А сам Панамарэнка яе прывёз з Масквы. Затым на схіле жыцця гэтую кашулю Якуб Колас перадаў свайму сакратару. А сакратаром у яго быў — хто б вы думалі? — Максім Лужанін. Затым Лужанін падараваў яе мне. Вось якая гісторыя маёй вышыванкі! Яна, між іншым, з парашутнага шоўку! У мяне ёсць, апрача гэтай, Коласавай вышыванкі, яшчэ пяць ці шэсць кашуляў-вышыванак з рознымі ўзорамі. Будучы міністрам замежных спраў Беларусі, я іх апранаў падчас выступленняў з трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. І рабіў гэта свядома. Лічыў, што беларускі традыцыйны строй не горшы за строй іранцаў ці інданезійцаў, якія прыходзілі ў ААН у сваім нацыянальным адзенні. Чаму кіраўнік урада Нарвегіі можа выступаць з трыбуны ААН у сваёй вышыванцы, а міністр замежных спраў Беларусі не? — так я разважаў. Апранаў я вышыванкі і ў Японіі.

У маладыя гады любіў насіць вышыванкі і Янка Купала. Бачым яго на вядомым фотаздымку (у музеі) з пецярбургскімі студэнтамі. І ўсе ў Купалавым доме вельмі даражылі вышыванкамі і шанавалі іх. Паводле Жанны Дапкюнас, колішняга дырэктара музея Янкі Купалы, у вышыванак ёсць свая магія. Яны заўсёды былі сімвалам святочнасці, святасці, урачыстасці. Іх апраналі на вялікія святы. Прыкладам, шлюб бралі ў вышыванках. Нарачоная старалася вышыць прыгожую кашулю свайму каханаму. Вышыванка мае сваю аўру, стварае радасны настрой. Цяжка ў вышыванцы быць самотнай, бо вышыванка і самота не спалучаюцца, яны ў дысгармоніі. І ў самоце чалавек вышыванку не апранае. Арнамент служыць традыцыйным абярэгам, надае сілу, упэўненасць. І чалавек у вышыванцы ніколі і нікому не зробіць благога.

Апранаць вышыванкі, ха­дзіць, быць у іх на людзях лічылі сваім духоўным абавязкам шмат хто з нашых нацыянальных творцаў. Чалавек у вышыванцы — асоба натхнёная.

Максім Танк, стагоддзе якога сёлета спаўняецца ў верасні, таксама не ігнараваў гэтую традыцыю.

Дык якімі мы выглядаем сёння? Вырабы кітайскія, арнамент турэцкі… Пазнаюць жа людзей ці то па гаворцы, ці то па адзежы… Нам сваё насіць — не перанасіць!

Таццяна Трубач, Уладзімір Содаль
 

Каментаваць