Чатыры тысячы слоў ад настаўніка

Такі слоўнік зрабіў бы гонар спецыялізаванаму інстытуту. Алесь Зайка справіўся з гэтай задачай адзін.

З настаўнікам Алесем Фамічом Зайкам з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна мы сустрэліся ў Слоніме, каля мясцовай друкарні, адкуль ён з радасцю насіў у машыну пачкі са сваёй новай кнігай. «Я звычайна прыязджаю ў Слонім і вандрую па сваім Івацэвіцкім раёне на матацыкле, але сёння папрасіў сваяка, і мы прыехалі па кнігі ў друкарню на машыне», — прызнаўся Алесь Фаміч.



Такі слоўнік зрабіў бы гонар спецыялізаванаму інстытуту. Алесь Зайка справіўся з гэтай задачай адзін.

З настаўнікам Алесем Фамічом Зайкам з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна мы сустрэліся ў Слоніме, каля мясцовай друкарні, адкуль ён з радасцю насіў у машыну пачкі са сваёй новай кнігай. «Я звычайна прыязджаю ў Слонім і вандрую па сваім Івацэвіцкім раёне на матацыкле, але сёння папрасіў сваяка, і мы прыехалі па кнігі ў друкарню на машыне», — прызнаўся Алесь Фаміч.

Калі ўсе пачкі былі пагружаны ў машыну і вырашаны пытанні з друкарняй, Алесь Фаміч дастаў адну кнігу і паставіў мне на ёй свой першы аўтограф. «Гэта плён маёй 35-гадовай працы. І цяпер, Сяргей, у мяне столькі гонару за родную мову, што ты не паверыш. І мне так шкада тых, хто не ведае яе…» — радасна сказаў Алесь Фаміч і падараваў мне сваю новую кнігу «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны».

Калі я хуценька прабег старонкі вачыма — быў у шоку ад таго, што сабраў і зрабіў гэты вясковы энтузіяст. Такія слоўнікі павінны збіраць і выдаваць цэлыя інстытуты, а ён справіўся адзін і выдаў асобнай кніжкай на 270 старонак, што налічваюць каля 4000 слоў, запісаных краязнаўцам. І гэта толькі пра дыялекты Косаўшчыны. А ў планах асобнымі кнігамі Алесь Фаміч плануе выдаць «Мікратапанімію Івацэвіччыны», «Паселішчы Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», «Прымаўкі і прыказкі Косаўшчыны» і іншыя. Вось каму трэба даваць дзяржаўныя прэміі, ордэны і медалі…

Алесь Зайка нарадзіўся і жыве ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. У 1966 годзе скончыў Косаўскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Потым вярнуўся ў родную вёску, дзе працаваў настаўнікам спачатку фізкультуры, пасля беларускай мовы і літаратуры. Цяпер у роднай школе кіруе этнаграфічным музеем.

Многія этнаграфічныя работы Алеся Зайкі ўвайшлі ў выдадзеныя кнігі аб Івацэвіцкім раёне, артыкулы па даўнім і нядаўнім гістарычным мінулым раёна пастаянна друкуюцца ў прэсе, з цікавасцю сустракаюцца чытачамі. Сёлета ў Мінску ён выдаў і кнігу прозы «Дым у коміне», куды ўвайшлі лірычныя запісы, мініяцюры і апавяданні. Мастацкая проза Алеся Зайкі прасякнутая шчырай любоўю да роднай зямлі, да сваіх землякоў, напоўнена непадробным захапленнем, духоўным багаццем беларускага народа, прыгажосцю свайго краю.

Але найбольшым захапленнем Алеся Зайкі быў і застаецца збор этнаграфічных і краязнаўчых матэрыялаў. «Любіць мову — значыць ведаць яе, аберагаць, не даваць памерці, не згубіць ніводнага слова», — разважае Алесь Фаміч. І ён іх збірае, запісвае, вывучае. Гэта ён некалі адстаяў у краязнаўчых колах сапраўдную назву ўрочышча, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, — Марачоўшчына. Бо ўсе выданні пісалі на польскі манер — Мерачоўшчына. А косаўскі краязнавец даказаў, што слова «марачоўшчына» паходзіць ад слова «марочна» — гэта значыць балоцістая мясцовасць.



Чытаючы «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» Алеся Зайкі, можна знайсці сотні вельмі цікавых, арыгінальных, калі так можна сказаць, «смачных» беларускіх слоў. Ну чаго каштуе, напрыклад, слова «сухарэбрык». Ці такія словы, як «сусло», «палявік», «клёк», «дзяцеліна», «бэзло», «чарняк», «падбіванка», «навільнік», «крыкля», «званярня» і г.д.

У кнізе знайшла сваё адлюстраванне самая разнастайная па значэнню лексіка: назвы страў, адзення, абутку, назвы прадметаў ужытку, тэрміны рыбалоўства, ткацтва, будаўніцтва, лясной гаспадаркі, батанічная заалагічная лексіка, лексіка медыцыны, ветэрынарыі і іншая. Усе яны маюць адпаведныя паметы ў слоўнікавых артыкулах. Таксама шырока прадстаўлены назвы дзеянняў, стану, якасці, уласцівасцей і прымет прадметаў.

Пасля кожнага прыкладу ўказваецца населены пункт, у якім запісана слова, яго адміністрацыйная прыналежнасць. А ў канцы слоўніка аўтар прыводзіць звязныя тэксты, якія яскрава ілюструюць дыялектныя асаблівасці жывой гаворкі Косаўшчыны.

Захапленне Алеся Зайкі заўсёды падтрымліваў ягоны сябра, зямляк і аднакурснік паэт Алесь Разанаў. Гэта дзякуючы яго маральнай і матэрыяльнай падтрымцы ўбачыў свет «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны».

Калі мы развітваліся каля слонімскай друкарні, Алесь Фаміч сказаў, што, як хопіць у яго сіл, то будзе працаваць над наступнымі кнігамі. «Трэба дбайна збіраць скарбы сваёй зямлі, апрацоўваць іх, выдаваць, і тады ў нас усё будзе як у еўрапейскіх людзей», — усміхнуўся Алесь Фаміч, сеў у машыну і паехаў у сваё Заполле.
 

Каментаваць