Чытаючы «Пакутны век»

Ці стварылі беларускія пісьменнікі раман, які б прэтэндаваў на тую ролю ў нацыянальнай літаратуры, які адыгрывае «Вайна і мір» Льва Талстога ў гісторыі рускага прыгожага пісьменства? Гэта пытанне не так даўно задаў сваім падначаленым пісьменнікам прэзідэнт краіны. Але адказ на яго павіс у паветры.



Ці стварылі беларускія пісьменнікі раман, які б прэтэндаваў на тую ролю ў нацыянальнай літаратуры, які адыгрывае «Вайна і мір» Льва Талстога ў гісторыі рускага прыгожага пісьменства? Гэта пытанне не так даўно задаў сваім падначаленым пісьменнікам прэзідэнт краіны. Але адказ на яго павіс у паветры.
Затое незалежная літаратурная супольнасць з захапленнем прыняла грандыёзную па ахопу падзей і глабальную па ўзнятых маральна-этычных праблемах існавання беларускага народа трылогію «Пакутны век» вядомага беларускага пісьменніка і публіцыста Васіля Якавенкі. Прэзентацыя гэтага твора сёлета праводзілася ў многіх беларускіх гарадах і мястэчках дзякуючы арганізацыйнай дапамозе кампаніі «Будзьма». І вось чаканая сустрэча з аўтарам «Пакутнага веку» адбылася ў рамках прэзентацыі трылогіі, якая прайшла ў актавай залі сталічнага Палаца мастацтваў.
Вядучы імпрэзы кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей адзначыў, што выхад трылогіі Васіля Якавенкі з’яўляецца значнай падзеяй у нацыянальнай культуры, а зараз прэзентуецца пашыраны і дапрацаваны варыянт трылогіі. «Пакутны век» складаецца з раманаў «Кабала», «Надлом» і «Гульня на згубу» і ўяўляе сабой арыгінальны для айчыннай літаратуры сінтэз сацыяльна-псіхалагічнага рамана з элементамі публіцыстыкі, гістарычнага, дакументальнага і эпісталярнага жанраў. Галоўнае, што ў творы робіцца спроба пераасэнсавання лёсу беларускага народа за апошняе стагоддзе ў кантэксце сусветных падзей.
Кандыдат філалагічных навук, прафесар Аляксей Рагуля, як прафесіянал і літаратурны аналітык, высока ацаніў трылогію «Пакутны век», адзначыўшы, што ў ёй аўтар, узброены ўласным, нябачным для іншых светласкопам, паказаў маштабную панараму гістарычнага быцця мястэчка Моталь і прылеглых да яго ваколіц, пачынаючы з ХVI стагоддзя. Трылогію, аднак, нельга трактаваць як хроніку: логіка яе структуры вызначана задачай мабілізацыі духоўных рэсурсаў беларускай нацыі, яе самасцвярджэння ў чалавечым свеце сёння. Не зважаючы на модныя патрабаванні дэканструкцыі і разбурэння логацэнтрызму, аўтар выразна акрэсліў арганізуючы матыў трылогіі. Яго можна ахарактарызаваць словамі заснавальніка беларускай філасофскай прозы Кузьмы Чорнага, які таксама ставіў перад сабой задачу стварыць панарамную карціну гістарычнага быцця нацыі: пошукі будучыні.
Свой погляд на твор, на бачанне будучыні нашага народа В. Якавенкам выказалі многія іншыя беларускія аўтары і крытыкі, сярод якіх былі літаратуразнавец і перакладчык М. Кенька, паэт Я. Гучок, музычны крытык В. Мартыненка. Музычную частку імпрэзы, як заўсёды, аздабляў сваімі песнямі на вершы беларускіх паэтаў рок-бард Андрэй Плясанаў. Да таго ж, Андрэй таксама прымаў віншаванні і добрыя словы ў свой адрас: дзень прэзентацыі кнігі «Пакутны век» супаў з яго днём народзінаў.

Каментаваць