Чорнае і белае на беларускіх экранах

На экранах — дзве стылёвыя гісторыі. Гатычная «Жанчына ў чорным» і «Беласнежка: помста гномаў» вылучаюцца дэкарацыйнай раскошай, густоўнымі дэталямі і ненавязлівым маралізмам.

На экранах — дзве стылёвыя гісторыі. Гатычная «Жанчына ў чорным» і «Беласнежка: помста гномаў» вылучаюцца дэкарацыйнай раскошай, густоўнымі дэталямі і ненавязлівым маралізмам.

Стужка «Жанчына ў чорным» Джэймса Уоткінза, знятая ў Вялікабрытанія, — атмасферычная гісторыя з прывідамі. Малады юрыст Артур Кіпс, які пасля смерці жонкі выхоўвае маленькага сына, адпраўляецца ў закінутае мястэчка разабрацца са спадчынай памерлай самотніцы. Але чамусьці месцічы госцю не рады. Неўзабаве герой бачыць ля балота таямнічую даму ў чорным, а ў мястэчку пачынаюць гінуць дзеці.

У фільме галоўную ролю грае Дэніэл Рэдкліф, які пазбаўляецца ад навязлівага цэтліку «Гары Потэр». Але, хаця герой Рэдкліфа — інтэлігент, які любіць сына, сумуе па жонцы і амаль звыкла змагаецца з замагільнаю сілай, асноўная вынаходка карціны — брытанская старасвеччына, дзе ажываюць легенды і праклёны. Вялікабрытанія заўжды славілася палацамі з фантомамі і тарфянымі балотамі, дзе выюць злыя сабакі Конан Дойля.

Цікава, што гісторыя паводле кнігі Сьюзан Гіл упершыню пастаўленая ў 1989 годзе (гэтая тэлевізійная экранізацыя зусім не горшая за сённяшнюю). А п’еса «Жанчыны ў чорным» (назва спрачаецца з раманам Уілкі Колінза) — як з’явілася на брытанскіх падмостках, так ідзе і дасюль.

Кампанія, што ўзялася за паўторную экранізацыю, — легендарная студыя «Хамэр», якая ў 60-я гады вяла рэй у страшным кіно. Потым яна заняпала, але нядаўна адрадзілася, як Фенікс з попелу. «Жанчына ў чорным» — густоўны працяг хамэраўскага стылю: роўная і прафесійная праца папулярных акцёраў, дакладнасць старасвецкіх дэталяў, заняпалая раскоша віктарыянскіх ся­дзібаў.

Каб уразіць гледача, не трэба складаных кампутарных эфектаў: дастаткова цёмных шатаў, скрыпу, тумана і павуціны. Антыкварная машына (адмыслова ўзятая напракат), якая выцягвае з багны ўлікі старых грахоў, палохае болей за навамодныя візуальныя выбухі. А забытыя дзіцячыя цацкі (пазычаныя ў калекцыянера) — падступна трывожаць.

І, нягледзячы на апошнія кінатэндэнцыі, дзе зло выглядае татальным, стваральнікі стужкі дакладна адмяжоўваць зло ад дабра: белае супраць чорнага.

Калі «Жанчына ў чорным» — гэта страшная гатычная гісторыя, то «Беласнежка» Тарсэма Сінгха — фэнтэзі з камедыйнымі элементамі. У гэтай карціне рэй вядуць залатыя і белыя колеры. Але золата ўпадабала падступная каралева.

Злая каралева захапіла ўладу і загадала забіць падчарку Беласнежку. Але дзяўчына выжыла — і ачоліла вызваленчы атрад гномаў-разбойнікаў. Заадно гераіня пнецца адбіць у каралевы зачараванага прынца, якога нягодніца прагне ажаніць на сабе.

Сучасныя прынцэсы самі каго-заўгодна вызваляць і каму-заўгодна надаюць у каршэнь. Іранічнае прачытанне казак — новы галівудскі стандарт, працярушаны «Шрэкам». Але «Беласнежка» Тарсэма Сінгха — не проста феміністскае фэнтэзі.

Стылёвая гісторыя з развінчана-пацешнымі казачнымі нестыкоўкамі і неверагоднымі касцюмамі нагадвае перабудовачную беларускую казку Леаніда Нячаева «Не пакідай». Абрабаваныя прынцы і незаконная ўлада, тайныя марыянеткі і падкрэсленая тэатральнасць збліжаюць карціны. Бярозавы гай (падгледжаны індусам Сінгхам у Андрэя Таркоўскага) і палац з залатымі купаламі геаграфію ўдакладняюць. А сцэна збору падаткаў раскажа ўсё пра дзяржаўную ідэалогію.

Фільм — бенефіс Джуліі Робертс, якая грае пекную каралеву-зладзюку, ад імя якой і вядзецца апавяданне. Шыкоўная марнатраўніца перастаўляе людзей як шахматныя фігуркі, але дабру яна прайграе.

Карціна — радасная казка, дзе зло любіць белае, у Беласнежкі — чорныя бровы, а гераічныя змагары — гномы. Але такія стылёвыя неспадзяванкі толькі адцяняюць, што ў чалавечым сэрцы. А ў сэрцы — святло… пад балівудскія танцы.



Жанчына ў чорным (The Woman in Black)

Вялікабрытанія–Канада–Швецыя, 2012, каляровы, 95 хв.
Рэжысёр: Джэймс Уоткінз
Ролі выконваюць: Дэніэл Рэдкліф, Кірэн Гайдз, Джанет МакЦір, Дэвід Бурк, Шон Дулі, Эма Шоры, Герман Молі
Жанр: Гатычны фільм жахаў
Адзнака: 3 зоркі з 5

 

Беласнежка: помста гномаў (Mirror Mirror)

ЗША, 2012, каляровы, 106 хв.
Рэжысёр: Тарсэм Сінгх
Ролі выконваюць: Лілі Колінз, Джулія Робертс, Армін Гамэр, Шон Бін, Натан Лэйн, Майкл Лернер
Жанр: сямейнае фэнтэзі з камічнымі элементамі
Адзнака: 3 зоркі з 5

Каментаваць