«Худыя гады» Юрыя Дракахруста

Дракахруст — цяжкі аўтар, ён не для тых, хто любіць лёгкія схемы: «Тут свае, а там чужыя». Магчыма нават, у кагосці гэтая кніга выкліча і кагнітыўны дысананс — у тых, хто звыклі бачыць свет «чорна-белым».



Зараз мы ведаем, як сабраць у адным памяшканні вечна занятых экспертаў: палітолагаў, сацыёлагаў, культуролагаў і іншых разумных людзей. Яны ўсе прыйшлі на прэзентацыю кнігі свайго сябра — аналітыка «Радыё Свабода» Юрыя Дракахруста. Увечары ў сераду ён прэзентаваў сваю кнігу «Сем худых гадоў», выдадзеную ў серыі «Бібліятэка «Свабоды».

На прэзентацыі быў увесь «аналітычны бамонд Беларусі». Палітолагі Сяргей Нікалюк, Аляксандр Класкоўскі, Валер Карбалевіч, міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў, сацыёлаг Алег Манаеў, аналітык Валерыя Касцюгава, былы міністр працы Аляксандр Сасноў — усіх не пералічыць. І кніга Юрыя Дракахруста такой увагі вартая. Гэта ўнікальнае выданне для сённяшняга часу.

Унікальнае, па-першае, таму, што ў сучаснай Беларусі ўсё менш і менш выходзіць менавіта аналітычных матэрыялаў і зборнікаў. Раней гэтым займаліся НІСЭПД, аналітычны цэнтр «Стратэгія», іншыя экспертныя групы. Зараз рэгулярнае выданне, падаецца, толькі адно — «Беларускі штогоднік», які выдае экспертная суполка, згуртаваная вакол сайта «Наше мнение». Таму кніга аналітыкі Дракахруста — сапраўдная падзея для гэтай супольнасці.

Аўтар відавочна задаволены тым, якой атрымалася ягоная кніга

Па-другое, гэтая кніга — не толькі пра Беларусь і беларускую ментальнасць. Гэта такая выжымка «віру падзеяў», якія адбыліся ў краіне і па-за яе межамі, але моцна ўплывалі на яе за сем год. Аднак унікальнасць гэтай кнігі яшчэ і ў тым, што гэта — старонні погляд. Ужо 14 гадоў Юры Дракахруст працуе ў офісе «Свабоды» у Празе, і таму на яго не цісне цяжар «удзельніка падзеяў». Такі «погляд звонку», без падсвядомага жадання камусці спадабацца, а кагосці зачапіць, надае кніге асаблівы каларыт. Як прызнаўся сам Дракахруст, у сваіх блогах і ў каментарах ён спрачаўся не толькі з дзяржаўннымі ідэолагамі, але і з «калегамі па цэху».

Так, гэта выданне — зборнік блогаў Юрыя Дракахруста, якія ён пісаў для сайта «Свабоды». Гэтым яно таксама каштоўнае. Як адзначыў пад час прэзентацыі Аляксандр Класкоўскі, гэта «вялікая праца». Таму што, па ягоных словах, газета жыве адзін дзень, а блогі — і таго меней. Блог — гэта пазіцыя аўтара, і часцяком яго пішуць, абы нешта накрэмзаць. Дык Юры Дракахруст не проста «не накрэмзаў», але і творча падышоў да стварэння кнігі, дадаўшы ў яе водгукі чытачоў на свае тэксты, і палеміку з чытачамі.

Зразумела, што кніга — не для «сярэдняга чытача». «Дракахруст — цяжкі аўтар, ён не для тых, хто любіць лёгкія схемы: «Тут свае, а там чужыя, тут мы, а там — злачынны рэжым», — адзначыў Класкоўскі. Магчыма нават, па ягоным меркаванні, у кагосці гэтая кніга выкліча і кагнітыўны дысананс — у тых, хто звыклі бачыць свет «чорна-белым».

Сацыёлаг Алег Манаеў пры гэтым адзначыў выбарку чытацкіх каментароў, якія ўвайшлі ў гэтае выданне. Юры Дракахруст выбіраў не прыемныя для сабе рэчы, не «пагаджальніцкія» каменты, а наадварот — больш палемічныя, тыя, што прымушаюць задумацца. З аднаго боку, гэта дадае выданню нейкага «перчыка». З другога — сведчыць пра аб’ектыўнасць аўтара: ён не стварае для сябе «прыемнага малюнку свету». І з трэцяга, па словах Манаева, такім чынам Дракахруст не толькі сам выходзіць за межы створанага нашай уладай і часткаю грамадства «апазіцыйнага гета» ці «беларускага асяродку», — ён выводзіць з гэтых «гета» і сваіх чытачоў.

Юры Дракахруст з задавальненнем падпісваў свае кнігі "калегам па цэху"

Такім чынам, чытачы і каментатары блогаў Юрыя Дракахруста сталі, у пэўнай ступені, суаўтарамі гэтага выдання.

Што асабліва прываблівае ў кнізе — крытычны падыход аўтара і да самога сябе. Зразумела, аналітыка амаль немажлівая без прагнозу далейшага развіцця падзеяў. За сем год «блогаводства» ахопленага ў кніжцы, мы можам ужо сказаць, дзе аўтар меў рацыю, а дзе памыліўся ў прагнозах. І Дракахруст гэтага не хавае — у васьмі выпадках з ўключаных у кнігу аналітычных матэрыялаў падзеі развіваліся не так, як прагназаваў аналітык. Дракахруст не пабаяўся ўключыць у кнігу і «неспраўджаныя прагнозы», чым паспрачаўся і з папулярным выслоўем пра тое, што «аналітык — гэта чалавек, які прагназуе сітуацыю, а потым здольны патлумачыць, чаму ягоны прагноз не спраўдзіўся».

І, дарэчы, гэтае выданне не «мёртвае». Яно не пра мінулае, не пра тыя падзеі, якія ўжо прайшлі і больш ніколі не вернуца. У 34-х выпадках вынікі аналітычных прагнозаў Дракахруста яшчэ невядомыя. Так што мы зараз можам яшчэ паўдзельнічацьу дыскусіі з аўтарам, і паглядзець, што з ягоных высноваў спраўдзіцца, а што — не.

Так, пагаджуся з Аляксандрам Класкоўскім, Дракахруст — цяжкі аўтар, чытанне ягонай кнігі патрабуе нейкіх энцыклапедычных ведаў, добрай памяці на тыя падзеі, што адбываліся ў найноўшай гісторыі і нават разумення матэматыкі (у кнізе ёсць пэўная колькасць табліцаў апытанак НІСЭПД, ды й сам аўтар — кандыдат матэматычных навукаў). Але гэта толькі дадае цікавосці разабрацца: пра што ж казаў аўтар у сваім блогу? І, зразумела, уступіць з ім у палеміку…

Каментаваць