Цырымонія ўзнагароджання і вялікі канцэрт «Ultra Music Awards 2011» прайшлі ў «RE:PUBLIC»

11 сакавіка ў клубе «RE:PUBLIC» адбылася цырымонія ўзнагароджання «Ultra-Music Awards 2011», на якой выступілі гурты «The Stampletons», «Monkey Bite», этна-трыо «Троіца», «Pomidor/Off», «IQ48» і «Петля Пристрастия».

Музычны партал «Ultra-Music» падводзіць вынікі музычнага года ўжо ў трэці раз. Сёлета пераможцы вызначыліся ў 13 намінацыях — 6 з іх вызначыліся галасаваннем на сайце, а яшчэ 7 лаўрэатаў узнагарод вызначыла рэдакцыя партала.



11 сакавіка ў клубе «RE:PUBLIC» адбылася цырымонія ўзнагароджання «Ultra-Music Awards 2011», на якой выступілі гурты «The Stampletons», «Monkey Bite», этна-трыо «Троіца», «Pomidor/Off», «IQ48» і «Петля Пристрастия».

Музычны партал «Ultra-Music» падводзіць вынікі музычнага года ўжо ў трэці раз. Сёлета пераможцы вызначыліся ў 13 намінацыях — 6 з іх вызначыліся галасаваннем на сайце, а яшчэ 7 лаўрэатаў узнагарод вызначыла рэдакцыя партала.

На канцэрце першымі выступілі «The Stamlpetons» і «Monkey Bite» — яны атрымалі ўзнагароды ад рэдакцыі сайта — «Адкрыццё года» і «Дэбют года» адпаведна.  «The Stamlpetons» паўсталі ў незвычайным для некаторых выглядзе — яны прадставілі свой новы псіхадэлічны EP «Croquet», а старых песень са свайго дэбютнага альбому не выканалі.

                                       «The Stamlpetons»

Між іх выступамі сваю ўзнагароду перадалі прадстаўніку гурта «Не прислоняться the band» — іх кампазіцыя «Осторожно» перамагла па выніках галасавання на сайце ў намінацыі «Лепшая беларуская песня». Сумленнасць іх перамогі выклікала справядлівы сумнеў ледзь не ва ўсіх наведнікаў партала «Ultra-Music», і тут няма чаму здзіўляцца — у галасаванні ім удалося абысці дзве гітовыя песні звышпапулярнага «Ляпіса Трубяцкога», не гаворачы ўжо пра «Без билета» і «Akute».

«Лепшым замежным альбомам» стаў «I'm With You» гурта «Red Hot Chili Peppers», а «Лепшым беларускім кліпам года» — відэа на песню «See You in Vegas» гурта «Litesound», пераможцаў сёлетняга адбору на «Еўрабачанне». Прадстаўнікі абодвух гуртоў на ўзнагароджанні прысутнічаць не змаглі, але «Litesound» запісалі адмысловы відэазварот да публікі, які і быў паказаны на канцэрце.

                                     «Monkey Bite»

Чарга дайшла і да яшчэ адных лаўрэатаў узнагароды рэдакцыі сайта — этна-трыо «Троіца». Атрымаўшы ўзнагароду ў намінацыі «За ўнёсак у развіццё беларускай музыкі», яны ўпершыню выканалі шэраг кампазіцый з альбома «Зімачка» ў клубным фармаце, а таксама прадставілі некалькі новых песень.

«Праектам года» рэдакцыя «Ultra-Music» абвясціла «Будзьма! Тузін. Перазагрузка–2»  — працяг праекта, распачатага ў 2009 годзе. Двума гадамі раней у гэтым праекце паўдзельнічалі вядомыя беларускія небеларускамоўныя выканаўцы, якія выканалі свае песні па-беларуску. А сёлета ў яго рамках замежныя выканаўцы пераспявалі свае вядомыя гіты.

«Я ганаруся гэтым праектам», — зазначыў Алег Хаменка, які прыйшоў атрымліваць узнагароду. Паводле яго словаў, праект быў складаны не толькі ў перакладах, але і ў перамовах: «Калі мы патэлефанавалі Аляксандру Рыбаку і сказалі, што трэба праспяваць па-беларуску, ён сказаў: «Да!». А потым, калі мы даслалі яму тэкст, ён сказаў, што забыўся беларускую мову. Мы папрасілі ягоную маму, каб яна навучыла яго гаварыць па-беларуску. І, дарэчы, атрымалася ў Аляксандра Рыбака вельмі файная песня!»

«Лепшай замежнай песняй» наведнікі сайта абралі «Rolling in the Deep» брытанскай спявачкі Adele. Перадаць ёй узнагароду не атрымалася, затое наступныя выступоўцы прынялі сваю статуэтку з задавальненнем — за «Лепшае рок-выкананне» рэдакцыя сайта ўзнагародзіла альбом «Патас/Попс/Прапаганда» гурта «Pomidor/Off». «Цікава неяк атрымалася: мы не ігралі, але выйгралі, — сказаў лідар гурта Аляксандр Памідораў. — Таму будзем святкаваць, весяліцца і гуляць!»

                                    «Pomidor/Off»

Наступным на сцэну выйшаў гурт “IQ48. Іх кампазіцыя «Аўтабан» стала на думку рэдакцыі «Лепшай беларускай песняй». Яшчэ дзве ўзнагароды, як і некаторыя іншыя, так і не дайшлі да лаўрэатаў — гурты «Ляпис Трубецкой» і “30 Seconds to Mars перамаглі ў намінацыях «Лепшы беларускі альбом» і «Канцэрт года ў Беларусі» адпаведна.

Хэдлайнеры канцэрта, гурт «Петля Пристрастия», атрымалі апошнюю ўзнагароду ад рэдакцыі  — іх новы дыск «Гипнопедия» рэдакцыя партала назвала «Лепшым беларускім альбомам». Выканалі яны песні не толькі з яго — прагучалі і кампазіцыі з першага альбома «Всем доволен», а асобным блокам ішлі новыя песні, якія былі выкананыя ў Беларусі ўпершыню пасля дэбюту на маскоўскім і пецярбургскім канцэртах.

                              «Петля Пристрастия»


Напрыканцы канцэрта на сцэну паднялася каманда партала «Ultra-Music». Яны абышліся без пафасных прамоў. «У наступным годзе будзе круцей», — паабяцаў нехта з арганізатараў ужо перад напалову пустой залай.
 

Каментаваць