Цяжкія падлеткі з Беларусі прадставяць італьянскія модныя брэнды

У Беларусі адбудзецца ХVI Сусветны тыдзень італьянскай мовы «Італьянская мова і творчасць: брэнды і традыцыі, мода і дызайн". Увесь кастрычнік нас чакае шэраг цікавых імпрэз у сферы моды, дызайна, музыкі, кіно, літаратуры, мовазнаўства і выяўленчага мастацтва.

Фота freesmi.by

Фота freesmi.by

Разынкай ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзіць Пасольства Рэспублікі Італія ў Рэспубліцы Беларусь стане VII паказ «Мода Італія». На ім беларусам будзе прадстаўлена калекцыя «Вясна-лета-2017». 

Па словах мадэл'ераў, у Беларусь прывязуць лепшыя італьянскія распрацоўкі. Для ўдзелу ў паказах «Мода Італіі» дапускаюцца тыя брэнды, якія ўжо супрацоўнічаюць з нашай краінай, а таксама фірмы, прадукцыя якіх цалкам зроблена ў Італіі — ад распрацоўкі да рэалізацыі.

Паверыць, што беларусаў чакае сапраўды нешта арыгінальнае і якаснае — лёгка. А вось ці будуць беларусы скупаць італьянскія калекцыі? Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янкі заверыў, што няглядзячы на крызіс, беларусы гатовы падтрымліваць італьянскую прадукцыю. 

Дызайнер Лукі Бінальі, які прыехаў у Мінск, лічыць, што дызайнеры ўсяго свету кожную раніцу пачынаюць з прыгодаў. І зараз Беларусь — адна з такіх прыгод. «Чаму б ні паспрабаваць?» — рытарычна запытаўся ён.

Ужо традыцыйным для Пасольства Італіі стала супрацоўніцтва з ЮНІСЭФ у Беларусі. Гэта партнёрства робіць паказ моды не толькі знакавай культурнай падзеяй, але і сацыяльнай.


У мінулым годзе, дзякуючы праекту ЮНІСЭФ у Беларусі, дзіцячую вопратку дэманстравалі дзеці  з асаблівасцямі развіцця. Сёлета вопратку будуць дэманстраваць падлеткі, якія парушылі закон і знаходзяцца ў карэкцыйных цэнтрах.


«Мы, як арганізацыя ЮНІСЭФ маем доступ да карэкцыйных цэнтраў, — распавёў прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. — Таму для нас нескладана абраць падлеткаў, якія б змаглі паўдзельнічаць у праекце. Для іх таксама будуць арганізаваны майстар-класы ад італьянскіх дызайнераў. Чаму менавіта падлеткі? Таму што гэта асаблівы слой грамадства. І да іх патрэбны асаблівы падыход. Калі пасля карэкцыйнага цэнтру яны вернуцца ў грамадства, ім патрэбна будзе ў яго ўліцца».


На працягу Тыдняў італьянскай мовы ў Мінску пройдзе шмат адкрытых майстар-класаў па італьянскім дызайне. Трэнеры — выкладчыкі Новага інстытута дызайна Перуджы, які вядомы сваёй школай дызайну.


Салон італьянскай мэблі «New Studio» выступае пляцоўкай як для майстар-класаў, так і для выстаў. Менавіта тут размесціцца экспазіцыя італьянскіх прадметаў побыту і вопраткі. Тут жа ўпершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены працы скульптара Стэфана Расэлі, у аснове якіх ляжыць тэма сэрца як эмпатычнага сімвалу італьянскага крэатыву.


У праграме запланаваны канцэрт вялікага майстра-лютаніста Прыма Кантавалі, музыкальная прэм’ера оперы «Травіята».


Таксама ў Акадэміі навук Беларусі італьянскія даследчыкі славянскай літаратуры выступяць з адмысловымі дакладамі.


Завяршыцца шэраг імпрэз галоўнай падзеяй — «Мода Італія», якая адбузецца 28 кастрычніка, а таксама паказам італьянскага моднага дома LEITMOTIV Belarus Fashion Week (4 лістапада).

Каментаваць