"Чорнаму квадрату" Малевіча — 100 гадоў. Эксперты выявілі каляровы малюнак пад знакамітай карцінай

Пад мікраскопам добра відаць, як скрозь кракелюр, — праз расколіны фарбы "Чорнага квадрата" — прасвечвае іншы пласт жывапісу.



© EPA / ROLF HAID


Навукоўцы з Траццякоўскай галерыі выявілі каляровы малюнак пад карцінай "Чорны квадрат" Казіміра Малевіча. Пра гэта распавяла супрацоўнік аддзела навуковай экспертызы Траццякоўскай галерэі Кацярына Вароніна, якую цытуе сайт тэлеканала "Культура".

"Было вядома, што пад "Чорным квадратам" быў нейкі іншы малюнак. Мы высветлілі, што такіх малюнкаў не адзін, а два. І даказалі, што першапачатковы малюнак — гэта кубафутурыстычная кампазіцыя, а слой, які ляжыць пад "Чорным квадратам" і колер якога вы бачыце ў кракелюры, — гэта протасупрэматычная кампазіцыя", — патлумачыла яна.

Гэта адкрыццё было зроблена крыху больш за месяц таму, паведамляе ТАСС. Пад мікраскопам добра відаць, як скрозь кракелюр — праз расколіны "Чорнага квадрата" — прасвечвае іншы пласт жывапісу.

Нагадаем, "Чорны квадрат" як станковы твор Малевіч упершыню прадставіў у 1915 годзе.

Аўтары даследавання зрабілі і яшчэ адно адкрыццё. Яны блізкія да расшыфроўкі надпісу на "Чорным квадраце", якую лічаць аўтарскай. Уся фраза, на думку музейшчыкаў, гучыць як "Бітва неграў у цёмнай пячоры", што, верагодна, з'яўляецца адсылкай да карціны "Бітва неграў у цёмнай пячоры глыбокай ноччу", напісанай у 1882 годзе французскім пісьменнікам і эксцэнтрыкам Альфонсам Але.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што яшчэ трэба асэнсаваць зробленае адкрыццё. А мастакі такое пераасэнсаванне ўжо зрабілі. У Акадэміі мастацтваў адкрылася выстава, прысвечаная «Чорнаму квадрату». Аўтары — самыя знакамітыя сучасныя мастакі.

«Нам падалося, што было б дарэчы ў год 100-годдзя «Чорнага квадрата» падвесці рысу пад яго прэсінгам, ціскам, абаяннем і тым магнетызмам, якім ён валодае, і, нарэшце, вызваліцца, каб рушыць далей. Карацей кажучы, мы захацелі пазбавіцца ад яго ўплыву», — растлумачыў куратар выставы Іван Калеснікаў.

Каментаваць