Напрыканцы першага тыдня чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшлі ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, шырэй вядомыя ў народзе як свята Божага Цела. З гэтай нагоды каталіцкія парафіі па ўсёй краіне зладзілі традыцыйныя шэсці, удзел у якіх сёлета толькі ў Мінску ўзялі 12 000 чалавек. 

Сем вякоў традыцыі



Напрыканцы першага тыдня чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшлі ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, шырэй вядомыя ў народзе як свята Божага Цела. З гэтай нагоды каталіцкія парафіі па ўсёй краіне зладзілі традыцыйныя шэсці, удзел у якіх сёлета толькі ў Мінску ўзялі 12 000 чалавек. 

Сем вякоў традыцыі

Свята Божага Цела (Corpus Domini) прысвечанае Еўхарыстыі, або Святому Прычасцю — аднаму з самых галоўных хрысціянскіх таемстваў. Паводле евангелістаў, яго ўсталяваў сам Ісус Хрыстос на Таемнай Вячэры. Падчас Прычасця хрысціяне прымаюць Цела і Кроў Ісуса пад выглядам хлеба і віна, і, згодна з вучэннем, праз гэты акт узаемнай ахвярнай любові спалучаюцца непасрэдна з Богам.

Еўхарыстыя — абрад, які прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі. Розніца ў яго тлумачэнні. Праваслаўная, каталіцкая, армянская апостальская і некаторыя іншыя дактрыны ў прамым сэнсе атаясамліваюць хлеб і віно з субстанцыяй Ісуса. А вось рэфармаваныя цэрквы ў сваёй большасці асучасніваюць падыход да Прычасця, сцвярджаючы, што хлеб і віно толькі сімвалізуюць Кроў і Цела Ісуса: іх “каштаванне адбываецца толькі метафарычна, у духоўным плане. Само слова “еўхарыстыя ў перакладзе з старагрэчаскай азначае “падзяку, бо ўдзел у святой імшы, падчас якой хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў, — гэта, паводле ксяндза Віктара Місевіча, “найлепшая магчымасць падзякаваць Богу за ўсе дары, атрыманыя ад Яго.

Такім чынам, Еўхарыстыя — адзіны, па сутнасці, з усіх важных абрадаў, якім хрысціянства ў шырокім сэнсе адрозніваецца ад іншых рэлігійных плыняў. І менавіта таму, мяркуюць гісторыкі, свята Божага Цела займела такое значэнне ў сярэднявечнай Еўропе, дзе Рымскі Касцёл імкнуўся вылучыць хрысціянскую дактрыну ў супрацьвагу пагрозе мусульманскіх заваёваў.

Свята ўзнікла ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя ў Германіі, і неўзабаве пашырылася на ўсю Заходнюю Еўропу. У 1263 годзе ў італьянскім горадзе Бальсэне адбыўся цуд. Адзін святар, адпраўляючы імшу, засумняваўся ў рэальнай прысутнасці Ісуса ў Еўхарыстыі. У ягоных руках з аплаткі пачалі капаць кроплі крыві… Праз год Папа Урбан IV пастанавіў зрабіць гэта свята агульнакаталіцкім, надаўшы яму значэнне свайго кшталту маніфестацыі супраць “памылковых перакананняў ерэтыкоў. Канчаткова Рым зацвердзіў яго ў пачатку XIV стагоддзя. З таго часу вось ужо семсот гадоў на вуліцы еўрапейскіх гарадоў выходзяць урачыстыя працэсіі.

Свята пастаноўлена адпраўляць роўна праз шэсць тыдняў пасля Вялікага Чацвярга, калі, згодна з Евангеллем, адбылася Таемная Вячэра. Перанос адбыўся для таго, каб радасць вернікаў з нагоды Найсвяцейшага Сакрамэнту (святых дароў Ісуса — хлеба і віна апосталам — і ўсім хрысціянам) не была азмрочаная смуткам ад Укрыжавання Ісуса. Свята Божага Цела — свята радасці, — падкрэслівае Касцёл.

Гучная малітва

У Беларусі ў наш час, па меры вяртання традыцыі, адбыўся яшчэ адзін перанос. Паколькі шосты чацвер пасля Вялікадня не абвешчаны дзяржаўным выходным, каталікі ладзяць шэсці ў наступныя пасля яго суботу ці нядзелю. У Віцебску ўрачыстасць адбылася сёлета 5 чэрвеня, у Мінску — 6-га. Працэсія Божага Цела зазвычай мае класічнае пастраенне і дзейных асобаў. Святарства ва ўрачыстых залацістых уборах, маленькія дзеці, якія сёлета прынялі першую Камунію (Прычасце), у белых строях, юнакі і дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях, дужыя мужчыны нясуць трон з Найсвяцейшым Сакрамантам. Парафіяне розных касцёлаў гораду нясуць харугвы. За галавой працэсіі выстройваюцца ўсе вернікі, якія жадаюць далучыцца да радаснага дзейства. Неабходны сучасны атрыбут — мікрафоны, дынамікі і нават перасоўныя трансляцыйныя кропкі. Адна з асаблівасцяў свята Божага Цела — яго падкрэсленай гучнасць, заўважнасць.

Працэсія, паводле традыцыі, павінна прайсці чатыры стацыі, каля якіх ладзяцца набажэнствы. Гэтыя стацыі адначасова сімвалізуюць чатыры бакі свету і чатыры Евангеллі. Так, Мінская працэсія 2010 года выйшла з Касцёла святога Роху, зрабіла тры прыпынкі: перад вечным агнём на плошчы Перамогі, ушанаваўшы памяць ахвяраў другой сусветнай вайны, на Кастрычніцкай плошчы, на плошчы Незалежнасці перад Чырвоным касцёлам і на плошчы Свабоды перад катэдрай Панны Марыі. 

Мінская працэсія Божага Цела скончылася малітвай у гонар Найсвяцейшага Сакраманту і спяваннем гімна “Магутны Божа.

Каментаваць