Cowek: «Мы былі ўпэўнены, што гораду неабходны такі дзёрзкі пасыл»

У Мінску працягваецца трэці беларуска-бразільскі фестываль стрыт-арту Vulica Brasil. Я сустрэўсяя з ветэранам фэстываля мастаком з Ліды Cowek, каб паразмаўляць пра жыццё, працу і пра тое, ці патрэбны нам фэсты вулічнага мастацтва.

Трэці год запар Cowek малюе на сцяне МЗКР, што на вуліцы Кастрычніцкай, 16. Найбольш вядомым і ўлюбёным гараджанамі муралам ад Cowek з'яўляецца яго знакамітая праца дзеда, які грае на гуслях, што быў намаляваны падчас першага фестывалю.

Наша размова праходзіла падчас яго працы, дзеля гэтага мне давялося нават залезці ў люльку. Шчыра кажучы, прафесія вулічнага мастака — відавочна не для тых, хто баіцца вышыні: люлька ўвесь час хістаецца, а да зямлі вой як далёка. Cowek прызнаўся, што яму таксама напачатку бывае страшна, але страх сыходзіць, калі засяроджваешся на працы.




— Чаму ты вырашыў стаць мастаком?

— Напэўна, я нарадзіўся мастаком, таму што малюю з самага дзяцінства, і бацькі ўсяляк гэтаму спрыялі. Ёсць малюнкі, якія захаваліся з 4-5 гадоў. Маляваць на вуліцы паспрабаваў упершыню ў 2001 годзе, а свядомы падыход з'явіўся з 2008-га.

 — Як жывецца мастаку ў Беларусі? Ці ўзнікаюць якія-небудзь праблемы?

 — Мне здаецца, што для тых, хто малюе на вуліцы і ў галерэях, бракуе пляцовак для рэалізацыі сваіх ідэй. Асабліва гэты тычыцца маладых мастакоў. Фэсты, накшталт Vulica Brasil, дапамагаюць рэалізаваць свае ідэі легальна. Калі пытанне тычыцца нелегальнага мастацтва, ты ўжо сам ідзеш на вуліцу, выбіраеш сабе пляцоўку, не прывязваючыся да арганізатараў. Легальных пляцовак, дзе можна рэалізаваць свае ідэі па-за фэстам бракуе. Зноў жа, мала выстаў, куды запрашаюць маладых мастакоў.

 

— Твае працы можна пабачыць на сценах будынкаў не толькі ў Беларусі, але і ў шэрагу іншых краін, напрыклад, ва Украіне ці Польшчы. Рэакцыя людзей на іх у розных краінах адрозніваецца?

— Адрозніваецца. Там гэта ўжо не дзівоцтва, грамадскасць прызвычаілася. Ды і самі мастакі там падыходзяць да рэалізацыі сваіх ідэй больш адкрыта, дзёрзка. Калі мы некалькі гадоў таму пачыналі, грамадскасць рэагавала часам негатыўна, усё новае заўсёды палохае. Ніколі не ведаешь, як успрымуць грамадскасць і гарадскія ўлады. Таму тыя, хто браў на сябе адказнасць за ўзгадненне правядзення фэсту, як мне здаецца, ішлі на нейкую рызыку. Але практыка паказала, што ёсць станоўчыя і адмоўныя водгукі, крытыка, але колькі людзей — столькі і меркаванняў. Будзе  крытыка, будуць і людзі, якім гэта ўсё падабаецца. Грамадскасць стала падтрымліваць: моладзь і старэйшае пакаленне ставяцца да гэтага прасцей і з пазітывам.

— Ты, як ветэран Vulica Brasil, адчуў гэту трансфармацыю поглядаў?

 — Фэст набірае абароты, ён не зніжае планку. Мы былі першапраходцамі, узялі цэнтр горада. Такі сумесны праект з бразільскімі мастакамі таксама быў упершыню. Але мы былі ўпэўнены ў тым, што гораду неабходны гэты фэст, неабходны такі дзёрзкі пасыл, яркія фарбы. Людзі ўвесь час у штодзённых справах. Яны як шрубка ў нейкай машыне, функцыянуюць, не заўважаючы, што адбываецца навокал. А вакол — выдатны свет. Тым самым мастацтва дае штуршок, каб людзі прачнуліся, адкрылі вочы, паглядзелі на свет.

 


 — А як ты сам прыйшоў у стрыт-арт? Можна ж было маляваць на мальберце ці пайсці выкладаць. Наколькі я ведаю, у цябе мастацкая адукацыя.

 — Калі я спрабаваў маляваць на вуліцы, гэты рух толькі пачынаў развівацца ў Беларусі. Вуліца — гэта іншая пляцоўка, іншы матэрыял. Мастак заўсёды шукае нейкія новыя матэрыялы, новыя рашэнні, новыя ідэі, каб гэта дапамагло яму выказаць тое, што ў яго там, усярэдзіне. Вуліца дапамагае ў гэтым. Гэта новы цікавы матэрыял, аб'ём, фактура, атмасфера. Ты не засяроджаны на вызначаным фармаце. Вуліца расчыняе табе вялікія дзверы.

 Які асноўны мэсыдж тваіх прац?

 — З кожным годам хочацца больш усвядомлена штосьці рабіць, уносячы нейкі сэнс, але часцяком ён сыходзіць на другі план і ты апускаешся ў атмасферу стварэння. Сам працэс рухае табой, рухае тваёй рукой, тваімі думкамі. У цябе ёсць нейкія першапачатковыя ідэі, але ты да канца не ведаеш, што ў цябе атрымаецца ў выніку. Мэсыдж, як і разуменне таго, што ты жадаў данесці, можа прыйсці праз пэўны час. Ёсць першапачатковы штуршок. У маіх ідэях — гэта сувязь чалавека і прыроды. Разуменне таго, што я зрабіў, прыходзіць нашмат пазней. Тут і цяпер працуеш, апускаешся ў атмасферу. Перадаючы атмасферу, можна перадаць тое, што рухала мной. Ужо потым ідзе рэакцыя людзей, але гэта ўжо сыходзіць на другі план.

 

— А што ты адчуваеш, калі малюеш?

 — Ёсць трывога, ёсць спакой. Спакойны стан і тое, што ўсё ідзе добра, баланс, гармонія з навакольным светам. Я ёсць тут, я існую.

 — Былі якія-небудзь цікавыя выпадкі, звязаныя з стрыт-артам із прафесіяй?

 — Мне вельмі запомнілася адна паездка ва Украіну, у Карпаты. Там адбываецца такі нестандартны фэст "Чорнае Кола". У той момант, калі я ездзіў (2012 год), фэст стаў міжнародным. Ён закрыты. Ёсць група хлопцаў, якія малююць на вуліцы нетрадыцыйныя графіці — цяпер гэта стала звацца “стрыт-артом”. Яны збіраліся разам і рабілі сумесны прадукт. Аб'ядноўвала іх месца і атмасфера таго, што адбывалася пасля малявання. Месца выбіралася загадзя: гэта мог быць закінуты лагер ці санаторый, ваенная база, ангар. Туды прыязджаюць людзі за свае сродкі. Жывуць у намётах. Днём яны бегаюць па гэтых пабудовах, рабяць сумесныя або індывідуальныя працы. Увечары збіраюцца вакол вогнішча пад зорным небам. Мяне запрасілі як аднаго з мастакоў з Беларусі. Я чуў пра гэты фэст раней і вельмі хацеў там пабываць. Чаму “чорнае кола”? Таму што ўсе збіраюцца вакол вогнішча, ён мае форму круга, усё сядзяць у крузе пад чорным зорным небам. Ёсць нейкая свая філасофія ва ўсім гэтым.

Такіх уражанняў я больш нідзе не адчуваў. Ёсць падобныя, але трохі іншыя, напрыклад, досвед узаемадзеяння беларускіх і бразільскіх мастакоў на адной пляцоўцы.

Паездкі на розныя фэсты і зносіны з мастакамі ў іншых дзяржавах даюць пачатак для рэалізацыі сваіх ідэй і штуршок для працы. Вось тое, што мне падабаецца, што пакінула ўражанне.

 

— Беларускі стрыт-арт пачынае выходзіць на сусветны ўзровень?

 — Ну, беларускі стрыт-арт яшчэ на пачатковым этапе. Хоць, калі казаць пра 2000-я гады, то ён прысутнічаў, і на добрым узроўні, у Рэчыцы. Хлопцы, якія там працавалі, рабілі сусветны ўзровень. Проста пра гэта ніхто не ведаў, усе варыліся ў сваім соке. Пры дапамозе інтэрнэту гэта ўсё стала больш шырока і даступна.

 — А што было ў Рэчыцы?

 — У Рэчыцы былі мастакі з каманды "АЗ", якія малявалі не балончыкамі, а пэндзлікамі, фарбамі. Рабілі нестандартныя рэчы, нестандартныя графіці, што цяпер завецца стрыт-артам. Потым гэта ўсё зафарбавалі.

 

Новая праца мастака тычыцца тэмы сям'і: мужчына і жанчына, якія сядзяць на сенажаці ў атачэнні сусвету

Калі Cowek прыступіў да працы, ён распавёў нам пра складанасці малявання і сам працэс. 


 — Кожны момант складаны. У мяне бывае складанасці з разметкай. Перакінуць прапорцыі, памер з эскіза на саму працу. Гэта займае час, патрэбна засяроджанасць. Потым гэта папраўляецца колерам, але разметка таксама мае вельмі шмат сваіх нюансаў. Калі правільна размеціць, то працэс рэалізацыі працы будзе спрошчаны. Ну і час, выдаткаваны на выпраўленне,таксама ўплывае. Часам вынік можа кардынальна адрознівацца ад задуманай ідэі, таму сам працэс, сцяна, атмасфера — гэта ўплывае на стварэнне.

З кожным годам я імкнуся больш адказна падыходзіць да эскіза, таму што калі будзе зроблены эскіз, пабіта каляровая гама, паслядоўнасць працы — гэта паўплывае на вынік і на сам працэс. А ў мяне гэта ўсё атрымліваецца абы як, спантана, на эмоцыях. Таму бывае працэс зацягваецца.

Moss Town Studio і экалагічная арганізацыя "Зялёная сетка" дапамогуць "ажыць" гэтаму трохгадоваму муралу Cowek.

Фэстываль Vulica Brasil арганізаваны Пасольствам Бразіліі пры падтрымцы Белавія. З працай мастака Cowek і іншых можна пазнаёміцца на наступных лакацыях:

 

1. Speto (Сан-Паўлу, Бразілія)

Месца: гатэль “БелРостІнвестБуд” (вул. Кастрычніцкая 25, левая частка сцяны)

2. Ramon Martins (Сан-Паўлу, Бразілія)

Месца: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая 19-5)

3. Imai Yusk (Сан-Паўлу, Бразілія / Берлін, Германія)

Месца: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая 19-5)

4. L7M (Сан-Паўлу, Бразілія)

Месца: Гатэль «БелРостІнвестБуд» (вул. Кастрычніцкая 25, сярэдняя частка сцяны)

5. Finok (Сан-Паўлу, Бразілія)

Месца: вул. Няміга 30 і трамвай на Кастрычніцкай

6. Bazinato (Маладзечна, Беларусь)

Месца: Гатэль «БелРостІнвестБуд» (вул. Кастрычніцкая 25, правая частка сцяны)

7. Cowek & Moss Town Studio (Ліда, Беларусь)

Месца: МЗКР (вул. Кастрычніцкая 16)

8. Grino (Мінск, Беларусь)

Месца: трамвай на Кастрычніцкай

 

З поўнай праграмай мерапрыемства можна азнаёміца тут

 

Каментаваць