Чарнобыльская спадчына Усходняга Палесся

Чарнобыль і Палессе ўжо даўно асацыююцца ў адзіным кантэксце як нешта глабальнае і трагічнае.

Фота birdwatch.by


Край унікальнай прыроды і старажытнай народнай культуры, Палессе заставалася такім на працягу многіх стагоддзяў. Менавіта на Палессі больш выразна, чым у іншых рэгіёнах Еўропы, захаваліся этнакультурныя традыцыі і архаічныя элементы паўсядзённага жыцця, звычаяў і абрадаў, якія калісьці былі шырока распаўсюджаны ў іншых славянскіх землях.

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя гэты край быў найвялікшай у Еўропе тэрыторыяй балот, лясоў, азёр і густой сеткі велічных ціхаплынных рэк. Гэта быў свет не толькі дзікай прыроды, часам недаступнай і варожай чалавеку, але і самабытнай культуры з шэрагам унікальных рысаў.

За савецкім часам рэгіён быў уключаны ў вялікі эксперымент пад назвай «сацыялістычная рэканструкцыя і калектывізацыя сельскіх гаспадарак». Асушэнне бяскрайніх палескіх балот абярнулася экалагічным крызісам. Забалочаныя тэрыторыі, якія калісьці падтрымлівалі пэўны ўзровень паверхневых і грунтовых вод, ператварыліся ў калгасныя асушаныя палі і лугі.

У выніку пачалася эрозія сухіх пясчана-тарфяністых глебаў. Бяскрайнія балоты станавіліся пустэчай, дзе часта гаспадарылі пясчаныя буры. Меліярацыйныя канавы і зніжэнне ўзроўню грунтовых вод абумовілі паступовае занядбанне і знікненне калісьці знакамітых і ўнікальных ў Еўропе ландшафтаў — дубовых лясоў, бароў, альшанікаў, рэдкасных раслін-эндэмікаў, мясцовай флоры і фаўны. Змена ландшафтаў звузіла прыродную кармавую базу аграрнай гаспадаркі, рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва, традыцыйных промыслаў. Назіралася нязвыклая для Палесся з’ява — знікненне чыстай грунтовай вады ў студнях.

Экалагічны крызіс на Палессі, справакаваны сацыялістычнай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі і так званай перабудовай вёскі, істотна дапоўніўся катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.

Непасрэдна ад выбуху 4-га рэактара пацярпела перш за ўсё Усходняе Палессе (раёны Брагінскі, Хойніцкі і Нараўлянскі), а ва Украіне — паўночная частка Кіеўскай і Жытомірскай абласцей. Крыху пазней у зоне значнага забруджання апынулася ўсходняя частка Магілёўскай вобласці, аднак гэта здарылася ў выніку мэтанакіраванага асаджэння радыеактыўных хмараў, што пагражальна рухаліся ў напрамку Масквы.

На тэрыторыі найбольш пацярпелых ад аварыі раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага — на плошчы 1313 квадратных кіламетраў быў створаны Палескі экалагічны запаведнік, у 1989 годзе перайменаваны ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Цяпер ён знаходзіцца ў вядзенні Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РБ. У 1993 годзе да запаведніка былі далучаныя 849 квадратных кіламетраў тэрыторый, прылеглых да зоны адчужэння, і яго сучасная плошча складае 216 578 га.

Было і такое, што тэхніка, якая закопвала цэлыя двары, ішла па пятах навукоўцаў. Тыя часу не гублялі: фіксавалі, як знікалі вёскі з мапы Беларусі.

Пасля арганізацыі запаведніка для падтрымання запаведнага рэжыму пачалося абгароджванне яго тэрыторыі, былі створаныя кантрольна-прапускныя пункты (Бабчын, Багушы, Верхне-Слабодскае, Глухавічы, Піркі, Цешкаў — усяго іх 11), пляцоўкі для правядзення навукова-даследчых работ; у Бабчыне была размешчана асноўная навуковая частка запаведніка і даследча-эксперыментальная база.

Практычна адначасова з адсяленнем людзей сюды пачалі актыўна пранікаць дзікія жывёлы і птушкі, што ў выніку прывяло да фармавання ўнікальнага па сваіх памерах і разнастайнасці біярэзервату. Дзікія жывёлы і птушкі пачуваюць сябе тут камфортна і ў сваёй стыхіі. На сучасны момант адзначана прысутнасць 46 відаў млекакормячых, у тым ліку 6 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі — буры мядзведзь, зубр, коні Пржэвальскага, барсук, рысь, соні.

Чарнобыль прывёў да радыяцыйнага забруджвання не толькі сельскагаспадарчых угоддзяў, але і лесу. Лясістасць тэрыторыі складае 51,1 % (110,4 тыс. га), 60 % лясоў знаходзіцца на тэрыторыі са шчыльнасцю забруджвання цэзіем-137 больш за 40 Кюры/км². Асноўныя лесаўтваральныя пароды ў запаведніку — сасна, бяроза, чорная вольха, дубровы. У структуры лесанасаджэнняў таксама важнае месца займаюць рэдкія пароды — усяго 40 ахоўных відаў. З сельскагаспадарчага ўжытку было выведзена болей за 264 тысяч гектараў зямлі.

Усяго з забруджаных раёнаў Беларусі было пераселена 335 тысяч чалавек (значная частка іх пакідала Чарнобыльскую зону самастойна, добраахвотна). Адначасова было ліквідавана 415 населеных пунктаў, 607 школ, 97 бальніц. Агульныя страты ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй — $ 235 мільярдаў у грашовым эквіваленце, што складала 32 гадавых бюджэты рэспублікі.

Многія забруджаныя радыяцыяй вёскі пасля адсялення былі знішчаны, другія — апусцелі і стаялі асірацелымі, там засталіся усе звыклыя рэчы паўсядзённай культуры, гаспадарчы інвентар. У першыя гады пасля Чарнобыля, яны былі закансерваваныя і ў лепшым выпадку выконвалі функцыі этнаграфічных помнікаў, своеасаблівых музеяў пад адкрытым небам.

Так выглядаюць палескія жорны. Фота Вольгі Астаповіч


У нас захаваліся дакументальныя фотаздымкі сялянскіх сядзіб у нежылых (адселеных) вёсках Чарнобыльскай зоны Нараўлянскага раёна. Каштоўнасць гэтых фотадакументаў у тым, што яны рэальна асвятляюць паўсядзённы побыт і традыцыйную культуру народаў Палесся ў ХХ стагоддзі і з’яўляюцца бясспрэчнымі каштоўнымі крыніцамі па вывучэнні гісторыі культуры Беларусі.

Аднак час робіць сваё — і зараз гэтыя помнікі аказаліся фактычна разрабаванымі. Несумненна, мала што захавалася ад культурных ландшафтаў і сялянскіх сядзіб, якія мы бачым на гэтых фотаздымках. І ўсё ж дзякуючы прафесійным дзеянням работнікаў культуры і энтузіястам многія рухомыя помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва ўдалося выратаваць. Зараз яны складаюць цікавыя экспазіцыі ці цэлыя аддзелы беларускіх нацыянальных музеяў, аддзелаў Музея старажытнабеларускай культуры пры НАН, сталіся асновай выстаў (Мінск, Парыж).

Калі мы гаворым пра наступствы Чарнобыля, варта мець на ўвазе не толькі тэхнагенную, але і гуманітарную, дэмаграфічную, цывілізацыйную катастрофы, знішчэнне культурных ландшафтаў, векавых помнікаў традыцыйна-бытавой культуры і народнага мастацтва — усё гэта атрымала незваротны характар і не можа быць узноўлена і вернута да жыцця ў ранейшым стане.

Гэта значыць, што Палессе пасля Чарнобылю — гэта ўжо зусім іншы край.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць