Чым запомніўся 2017-ы ў музыцы

Падыходзіць канец года. Павел Аксіновіч вырашыў уздагадаць усё самае адметнае, што было ў 2017-м на беларускай музычнай сцэне.





Адкрыццё — Superbullz і Helious


Пачнём з самай неадназначнай катэгорыі. Некалькі выканаўцаў сёлета выпусцілі свае якасныя дэбютнікі. Хочацца ўсё ж такі адзначыць кружэлку «Хардкор Заходняга Палесся» гурта The Superbullz з нейкім прывітаннем з 90-х і сінтэзам «Леприконсов», старых «Ляпісаў» і «Крамбамбулі». Хаця ні хардкора, ні Заходняга Палесся тут няма, але канцэрты выходзяць у хлопцаў атмасфернымі і на іх ёсць жаданне хадзіць.
Таксама варта вылучыць калектыў Helious, які яшчэ не выпусціў кружэлку, але ўжо перамог у конкурсе «Заспявай 4x4». Дзяўчаты граюць цёплы і лірычны індзі-фолк. У салісткі гурта, Марыі Гаўрыленкі, даволі моцны вакал і яна сама піша свае тэксты. Мажліва ў будучыні беларускі слухач пачуе новую Паліну Рэспубліку.


Падзея года: канец «чорных спісаў»


Гэты год на музычныя падзеі стаў, верагодна, самым багатым. Тут можна ўзгадаць і беларускамоўную песню Naviband на Еўрабачанні, і адзін з найбуйнейшых праектаў за апошнія гады «(Не)расстраляная паэзія», і з’яўленне рэп-батлаў на беларускай мове. Але ўсё ж галоўнай музычнай з’явай года варта лічыць амаль поўную адмену «чорных спісаў». Лібералізацыя ў музыцы, хоць неяк, але ўсё ж адбылася. І гэта дало магчымасць правесці першы тур Brutto па Беларусі, адсвяткаваць у Мінску 25 год «Народнаму альбому», і адбыцца шэрагу канцэртаў Лянова Вольскага, «Крамбамбулі» і Змітра Вайцюшкевіча.


Альбом года: «Колер, якога няма»


Насамрэч якасных кружэлак, на жаль, выйшла не так шмат. Нельга не ўзгадаць пра выхад з дапамогай краўдфандынгу дыска «Першы» Neuro Dubel. Па словах Аляксандра Кулінковіча, гэта першая кружэлка ў новым творчым кірунку: у змененым складзе, з больш якасным гукам і амаль без мату.

Naviband парадаваў слухачоў двума зборнікамі: у пачатку года «Иллюминация», а ў снежні выйшаў цалкам беларускамоўны альбом «Адной дарогай». Абодва атрымаліся даволі якаснымі, паслядоўнымі і даволі натуральнымі. Плённым гурт можна назваць ва ўсіх значэннях гэтага слова, бо пара чакае папаўненне.

Апроч альбомаў олдскульных панкаў ды мілых Naviband можна прыгадаць толькі чатыры запісы: Tragic City гурта «ЛСП», другую частку «Малый повзрослел» Макса Каржа, кружэлку «LA NUIT*» каманды Super Besse і апошні альбом «Колер, якога няма» гурта TonqiXod. Гэты квартэт дыскаў прыемна чуць, але крышачку больш паслядоўны зборнік апошніх. Там усе песні гучаць у поўнай гармоніі і лагічна ідуць адна за другой нават, калі перад гэтым прайграць першы альбом.


Кліп года: Макс Корж, «Оптимист»


Музычныя відэа ў Беларусі прафесійна здымае далёка не кожны гурт. Зусім новы кліп Naviband на песню «А дзе жывеш ты?» атрымаўся даволі пяшчотным, цёплым і нават хатнім, а яго кранальная канцоўка не можа не выклікаць эмоцыі. Сама песня будзе, верагодна, такой жа запамінальнай, як хіты «Абдымі мяне» і «Гісторыя майго жыцця».

Вельмі годны кліп выйшаў і ў Brutto на песню «Годзе». Ролік пачынаецца з прыпеву «Зеленоглазое такси». Ёсць адчуванне настальгіі і думак, што «ляпісаўскай» версіі на той хіт — ужо дваццаць гадоў. За гэты час Міхалок кардынальна змяніўся. Гэта і адлюстроўваецца ў кліпе: больш сур’ёзны, крыху пасівелы, з новай сям’ёй. Атрымалася лірычная гісторыя музыкі, чымсьці нават біяграфічная, з моцнай сімволікай.

Усё ж такі лепшым відэакліпам сёлета можна лічыць твор Макса Каржа. Рэпер, як і герой яго альбому, пасталеў. У яго песнях цяпер менш прымітывізму, дадалася музычная разнастайнасць. «Оптимист» пранікнёны сапраўднымі пачуццямі да Мінска і яго мясцінаў. Твор выдатна дапоўніў відэаашэраг у якасным кліпе. Там паказваецца максімальна жывое начное жыццё сталіцы, што цудоўна можа стаць візітоўкай горада. Відэакліп можна нават круціць на інтэрактыўных білбордах.

Заняпад года: Віктар Каліна


На радасць, нічога звышдрэннага і няўдалага ў беларускай музыцы сёлета не адбылося. Мы вышэй хвалілі лібералізацыю, але яна не закранула пэўных выканаўцаў. Ідэолагі ўсё яшчэ не дазвалюць канцэрты «Дзецюкам». Не пашчасціла расійкаму моладому рэперу Face: Генпракуратура адмяніла выступ у дзень канцэрта, хаця гастрольнае пасведчанне ў музыкі было.

Аднак пачалі не дазваляць і канцэрты шансанье Віктару Каліне. Скандальна вядомаму прыхільніку сепаратызму на ўсходзе Украіны забаранілі выступіць у Пружанах. Яшчэ да дэманстрацыі сваіх палітычных перакананняў спявак сарваў канцэрт у мясцовым Доме культуры, за што яго і пакаралі пажыццёвай забаронай канцэртаў у гэтым горадзе.


Канцэрт/фэст: LidBeer


Гэты год парадаваў музычнымі мерапыемствамі. Апроч атмасферных дазволеных канцэртаў Вольскага і Brutto ўзгадваецца Камяніца, якая сёлета прайшла на высокім узроўні, якасныя рэгіянальныя фестывалі Mirum і Viva Braslav. Але галоўнымі фэстамі года ўсё ж такі сталі так званыя «піўныя»: Рок за Бобров, А-фэст і LidBeer.

Арганізатары фестываляў выправілі большасць са сваіх мінулагодніх памылак. Спонсарскія фэсты ўсталявалі невысокую цанавую катэгорыю на канцэрты ці ўвогуле яе прыбралі. І ўсе тры оўпэн-эйра насамрэч атрымаліся максімальна набліжанымі да еўрапейскіх.

У музычным плане ўсё ж такі выйграе LidBeer, які ўпершыню за шмат гадоў прывёз на стотысячную сцэну «Крамбамбулю» і любімцаў беларускай публікі «Океан Ельзи».


Гурт/выканаўца: Tonqixod

Калі ўзяць сумарна ўсе катэгорыі, то адзначыць за музыку ў 2017-м варта нядаўна «забароненых» Вольскага і Brutto, новы штуршок у развіцці рэп-музыкі ад Макса Каржа і «ЛСП», вельмі прадуктыўны Naviband з адразу двума альбомамі за год ды якасныя кружэлкі ад Super Besse і Tonqixod.

Усё ж такі апошні калектыў заслуговае быць сёлета лепшым, бо хлопцы, верагодна, дасягнулі свайго ўзвышша і абвесцілі пра спыненне творчай дзейнасці. Так што новай музычнай асалоды ад трыа Уладзя Лянкевіча, Максіма Субача і Андрэя Аляксеенкі ў бліжэйшы час мы наўрад ці атрымаем.


Мінулы, 2016 год у музычнай сферы назвалі даволі сумным. Сёлета крышачку цікавей па падзеях — але без вялікіх адкрыццяў і з малой колькасці якасных альбомаў. Што пакажа 2018-ы: працяг лібералізацыі, новыя кружэлкі і яшчэ больш фэстаў? Даведаемся ўжо хутка.

Фота аўтара, Уладзіслава Рубанава, сайта lohvinau.by, ganc-chas.by

Абмеркаванне:

  • Юрый Садовіч
  • 2017-12-31 00:19:28
"Памылкі ў тэксце"
  • Альтэрнатыва
  • 2017-12-31 15:55:06
Чаканы пост пра Вольскага,Макса Коржа і г.д. Без ніякага шырокага агляда. Дзеля "массового потребления". Вельмі паважаю "Новы час" за арыгінальныя думкі аўтараў,калі навіны разнастайныя і арыгінальныя,не толькі тыя,што распавядаюць пра папулярныя і масавыя падзеі,пра якія можна даведацца на шмат якіх крыніцах. "Чорныя спісы" ў аўтара - гэта толькі некалькі гуртоў і людзей(Вольскі,Брутто і г.д.).,але насамрэч выступіць праблематычна для вялікага пласта выканаўцаў,пра якіх не прынята ўзгадваць,бо яны не такія папулярныя.
Няма Вітаўта Мартыненка, няма добрага музычнага агляда. Якасць у аўтара = масавасць.
  • Рэдакцыя
  • 2017-12-31 16:13:12
Няма і Анатоля Мяльгуя, які штогод рабіў такі агляд. На жаль, моладзь яшчэ не дарасла. Але Павел стараўся :)
  • Наска
  • 2018-01-01 02:47:29
Моладзь яшчэ дарасце. Добра, што ёсць Новы час, які дае магчымасць маладым спрабаваць, рабіць памылкі, мець свае меркаванне. Магчыма, калісьці з Паўла вырасце Вітаўт ці Анатоль
  • Аўтар
  • 2017-12-31 16:13:23
Дзякуй за каментар. Абапераюся на тое, што слухаў і на што хадзіў. Але, на жаль, для большасці беларусаў Вольскі, Tonqixod ды яшчэ шэраг даволі выбітных музыкаў - андэграўнд. А пісаць пра выканаўцаў, якія існуць амаль падпольна ці якіх зусім нідзе няма, сэнсу пакуль не бачу. Тыя жа Макс Корж, Naviband і Brutto даволі шмат для нашай музыцы зрабілі сёлета. Можна, сапраўды, трэба напісаць больш шырока за што іх варта паважаць.
  • Альтэрнатыва
  • 2017-12-31 23:26:35
Але сэнс пісаць пра такіх аўтараў ёсць(якія існуюць падпольна ці ўвогуле няма нідзе). Бо пра Вольскага,Брутто ёсць каму пісаць. А пра кагосьці варта напісаць,але няма каму. Гэта і будзе альтэрнатыва. Ёсць аўтары,якія некалі былі папулярнымі,але зараз пра іх амаль не чуваць. Можна было б зрабіць з імі інтэрв'ю.Упэўнены,што знойдуцца людзі,якім будзе цікава прачытаць. Тая ж кніга Вітаўта Мартыненка ў дапамогу. Там шмат выканаўцаў.
  • лена Ляшкевіч
  • 2018-01-04 19:58:44
Такія матэрыялы робіць Алег Клімаў у газеце "Культура" - інтэрв'ю з некалі вядомымі музыкамі. Так, чытаць цікава, нават моладзі, што гэтых музыкаў не слухала. Але, баюся, масавага (прынамсі ў маштабе беларускамоўнай прасторы) чытача такія матэрыялы не знойдуць.
  • Алена Ляшкевіч
  • 2018-01-04 19:54:56
"выступіць праблематычна для вялікага пласта выканаўцаў,пра якіх не прынята ўзгадваць,бо яны не такія папулярныя" - гэта ўсё ж не пра чорныя сьпісы, а пра "дарогу маладым".
  • Iзi 4
  • 2018-01-06 12:24:58
Вершус- не рэп батл, а батл вершаваны, там паэты чыталi свае вершы, а акторы вершы Купалы i Коласа.

Каментаваць