Выстава Mors Sola Victris, Gloria Victis у Мінску

Вечарам 19 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава “Mors Sola Victris, Gloria Victis” (“Смерць — адзіны пераможца, слава пераможаным”), прысвечаная 150-годдзю паўстання 1863–1864 гадоў. 



У экспазіцыі прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя дакументы, іканаграфічныя матэрыялы і фатаздымкі з Галоўнага архіву старажытных актаў у Варшаве, архіваў у Кельцах, Сандомежы, Любліне, Плоцку, Радаме, Седльцах, з Архіва новых актаў і Нацыянальнага лічбавага архіва, а таксама экспанаты з калекцыі аддзела мастацкіх рамёстваў і гістарычных каштоўнасцяў Варшаўскага гістарычнага музея. 

Кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Яцэк Міхалоўскі перадаў удзельнікам адкрыцця выставы прывітанне ад кіраўніка польскай дзяржавы Браніслава Камароўскага і падкрэсліў, што дзякуючы паўстанню і яго ўдзельнікам ў палякаў ёсць шанец жыць у свабоднай Польшчы, а ўкраінцам, літоўцам, латышам і беларусам жыць у сваіх незалежных дзяржавах. Міхалоўскі выказаў сваю мару пра адсутнасць межаў паміж Польшчай і Беларуссю і спадзяванне на тое, каб палякі і беларусы жылі разам ў агульнай еўрапейскай прасторы. “І я веру, што будучае пакаленне будзе жыць менавіта ў такім свеце”, — падкрэсліў кіраўнік канцылярыі галавы польскай дзяржавы.

 Яцэк Міхалоўскі

 

Аўтар выставы, навуковы супрацоўнік Галоўнага архіву старажытных актаў у Варшаве Дарота Левандоўска адзначыла, што выстава павінна нагадаць пра трагічныя для польскага народа падзеі 150-гадовай даўніны, а таксама захаваць памяць пра змаганне палякаў за незалежнасць супраць Расіі, якое, нягледзячы на адсутнасць шансаў на поспех, закранула шырокія слаі польскага грамадства. Экспазіцыя адлюстроўвае, між іншым, настрой у грамадстве перад паўстаннем, перыяд узброенай барацьбы, пазіцыю паўстанцаў, у тым ліку іншаземцаў, яго абыякавых назіральнікаў і праціўнікаў, рэпрэсіі і грамадскія наступствы паўстання.

 Дарота Левандоўска 

Самае буйнае польскае паўстанне, якое доўжылася з 22 студзеня 1863 да восені 1864-га, мела характар партызанскай вайны: у лясных атрадах змагаліся дзясяткі тысяч людзей, і яшчэ больш, часта рызыкуючы жыццём, іх падтрымлівалі. Нягледзячы на тое, што баі адбываліся выключна на землях, што знаходзіліся пад уладай Расіі, тайная адміністрацыя паўстанцаў дзейнічала і на землях, захопленых Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй, адкуль прыбылі тысячы добраахвотнікаў. Пры гэтым кіраўніцтва паўстанне дзейнічала і за мяжою праз дыпламатычныя місіі, паўнамоцных камісараў, арганізатараў узброеных сіл, а таксама спецыяльныя органы, створаныя для выканання канкрэтных задач, як Польскі камітэт у Парыжы на чале Уладзіславам Чартарыйскім.

Паўстанне адыграла важную ролю ва ўзмацненні нацыянальных традыцый, стала адной з найбольш драматычных і ўзнёслых падзей у гісторыі змагання палякаў за незалежнасць і захаванне нацыянальнай свядомасці. Пасля паразы паўстання, якая была нацыянальнай трагедыяй, польскі народ агарнула нацыянальная жалоба. Паўстанне стала сімвалам патрыятызму палякаў і рашучасці за захаванне польскасці, гучным рэхам адбілася па ўсёй Еўропе і мела значны ўплыў на развіццё нацыянальна-вызваленчага руху прыгнечаных народаў ў іншых еўрапейскіх краінах, спрыяла радыкалізацыі іх поглядаў.  

Здымкі Марата Гаравога

Каментаваць