Да 70-годдзя Купалавага дому

Вечарам 19 верасня ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Яшчэ адзін крок наперад”, прысвечанае 70-годдзю гэтай установы культуры.



3. Удзельнікі вечарыны


Намесніца міністра культуры Ірына Дрыга падзякавала калектыў музею, у асноўным, маладых людзей, за працу па захаванні памяці Песняра, якая звязаная з жыццём краіны. Паводле яе слоў, матчынай ласкай, самым добрым і светлым успамінам застаецца ў жыцці і сэрцы кожнага беларуса, у нацыянальнай культуры творчасць Янкі Купалы. “Духоўнае засваенне гэтай творчасці для ўсіх тых, хто нарадзіўся на Беларусі, звязана з гэтым музеям. Асабіста я памятаю, як хадзіла сюды ў школьныя гады, як бацькі вазілі мяне ў Вязынку. Дзіцячыя ўражанні ад гэтага засталіся назаўжды. Усе мы расцём, знаёмімся з творамі Песняра, у кожным узросце знаходзім нешта новае ў яго паэзіі і драматургіі, паглыбляемся ў спадчыну гэтага вялікага чалавека, які нягледзячы на сваё вельмі няпростае жыццё захаваў веру ў свае ідэалы, адданасць Беларусі, роднай мове і свайму народу. Менавіта на спадчыне Янкі Купалы і Якуба Коласа вырасла тая беларуская літаратура, якой мы ўсе сёння ганарымся”, — сказала Ірына Дрыга.  

На  вечарыне прагучалі словы народнага артыста СССР Паўла Малчанава з кнігі водгукаў музея: “Рэдка я бываю ў Вашым доме, відаць таму, што цяжка і балюча ўспамінаць. Экспазіцыя, як бы маланка, асвятляе мінулае: устаюць у памяці людзі, падзеі, час. Асабліва хвалюе вобраз самога Янкі Купалы, якога я ведаў з 1923 года. Ну, і вядома, цёця Уладзя, намаганнямі, энергіяй і любоўю якой быў створаны гэты помнік Купале”.  

Эвалдас Ігнатавічус 

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус зазначыў, што “чытаць Янку Купалу, гэта чытаць і разумець XX стагоддзе — трагічнае для літоўцаў, але яшчэ больш жорсткае для нашых суседзяў і братоў беларусаў”. Дыпламат нагадаў словы Песняра, напісаныя ім у 1919 годзе: “І вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”. “Незалежнасць, мова, культура, гісторыя — гэта тэмы, якія ён часта разглядаў у той час у сваіх артыкулах. Ухіл паэзіі Янкі Купалы да беларускай мовы адпавядаў духу таго часу і быў пераломным у фармаванні беларускай нацыянальнай свядомасці. Аналагічныя працэсы ў той час адбываліся і ў літоўскім народзе. Таму натуральным было і супрацоўніцтва асветнікаў абедзвюх нацый, каб абудзіць літоўскі і беларускі народы, каб дасягнуць дзяржаўнай незалежнасці. Галоўным цэнтрам гэтага супрацоўніцтва быў Вільнюс — горад маладосці і кахання Купалы. Ён быў не толькі Песняром і абуджальнікам беларускага народа, але і працягнуў мноства мастоў да іншых краёў і культур, быў сябрам шматлікіх найзнакімітых творцаў свайго часу”, — адзначыў Эвалдас Ігнатавічус. 

Жана Дапкюнас

Унучатая пляменніца Янкі Купалы Жана Дапкюнас, якая адпрацавала ў музеі 42 гады, у тым ліку 16 — яго дырэктарам, падаравала ўстанове культуры калектыўны здымак 1931 года, на якім адлюстраваныя выявы Янкі Купалы і выбітных дзеячаў беларускай культуры. 

З нагоды 70-годдзя музея адкрылася выстава “Майго жыцця бяссмертны цень”, што распавядае пра вытокі дзейнасці гэтай установы культуры па збіранні, захаванні і інтэрпрэтацыі творчай спадчыны Янкі Купалы.

У свяце ўдзельнічалі сваякі Янкі Купалы, былыя супрацоўнікі музея, кіраўнікі ўстаноў культуры і ўстаноў, якія носяць імя паэта, дырэктары літаратурных музеяў Расіі, Латвіі і Літвы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, дыпламаты. 

Каментаваць