Да стагоддзя Яфіма Тараса

Стагоддзю беларускага мастака і графіка Яфіма Тараса прысвечана выстава плакатаў, якая 25 кастрычніка адчынілася ў памяшканні Беларускага саюза дызайнераў. На ёй экспануюцца сямнаццаць прац майстра, датаваных 1940–60-мі гадамі. У цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел і сваякі Яфіма Мікалаевіча, а самаму малодшаму з іх — праўнуку Янку — споўніўся толькі год.



Стагоддзю беларускага мастака і графіка Яфіма Тараса прысвечана выстава плакатаў, якая 25 кастрычніка адчынілася ў памяшканні Беларускага саюза дызайнераў. На ёй экспануюцца сямнаццаць прац майстра, датаваных 1940–60-мі гадамі. У цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел і сваякі Яфіма Мікалаевіча, а самаму малодшаму з іх — праўнуку Янку — споўніўся толькі год.

Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі, адкрываючы выставу, падкрэсліў, што плакаты Яфіма Тараса займаюць асаблівае месца ў калекцыі БСД, паколькі яны з’яўляюцца рарытэтамі — самы стары плакат, што дэманструецца ў экспазіцыі, датаваны 1940 годам. Плакаты Тараса прысвечаны 30-годдзю БССР, уз’яднанню Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, 40-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, тлумачэнню вучэння Уладзіміра Леніна, правадыру савецкага народа Іосіфу Сталіну, выгодам, якія савецкі народ мог зведаць ад набыцця латарэйных білетаў, і інш.

Куратар выставы Ягор Сурскі зазначыў, што праца над падрыхтоўкай выставы плакатаў была надзвычай цікавая. “Калі збіраўся гэты матэрыял, адкрыліся некаторыя дадатковыя факты. Яфіму Тарасу, напэўна, пашанцавала з нашчадкамі. Дзякуючы яго сыну Валянціну Тарасу, які стварыў кнігу “На выспе ўспамінаў, дзе цэлы раздзел прысвечаны бацьку, мы можам даведацца, што талент Яфіма Тараса як плакатыста і капіравальшчыка прыдаўся яшчэ ў разведцы: дзесьці з саракавога года і падчас вайны мастак падрабляў дакументы для разведчыкаў. Давялося Яфіму Тарасу на сваім жыццёвым шляху шмат зведаць, пабачыць і вытрываць.

Упершыню лёсу чалавека “ўтылітарнай прафесіі надаецца такая дэтэктыўная цікавасць. Падчас даследавання творчасці гэтага мастака-плакатыста адкрыліся новыя цікавыя факты. Плакаты, што дэманструюцца на гэтай выставе, у свой час былі надрукаваныя агульным накладам больш за 300 тысяч асобнікаў, і можна сабе ў’явіць, што дзякуючы такой растыражаванасці яны фарміравалі тагачасную візуальную рэчаіснасць краіны, і гэта важкі аргумент на карысць гэтай прафесіі і ацэнкі працы самога мастака, — падкрэсліў Ягор Сурскі.

Сын мастака прафесар Анатоль Тарас распавёў, што яго бацька, які нарадзіўся 25 мая 1910 года ў вёсцы Мядзвежына пад Мінскам, быў прадстаўніком старажытнага шляхецкага роду. Пасля атрымання пачатковай адукацыі Яфім Тарас накіраваўся ў тагачасны Ленінград, дзе спачатку працаваў грузчыкам у порце, потым быў падсобным рабочым у Тэатры юных гледачоў. Яфім Мікалаевіч скончыў мастацкую студыю і ў 1932 годзе вярнуўся ў Мінск, дзе і пражыў да 1994 года, — спачатку служыў у арміі, а потым працаваў мастаком.

Анатоль Тарас зазначыў, што лёс бацькі быў зменлівы. Напрыклад, за вываз з Мінска ў чэрвені 1941 года сакрэтных дакументаў аддзела разведкі штаба Заходняга фронту Яфіма Тараса прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза, але з прычыны бюракратызму і шматступеньчатай сістэмы ўзнагароджання мастак атрымаў толькі медаль “За баявыя заслугі І-й ступені. Разам з тым, калі Яфіму Тарасу было ўжо 60 год, і стан яго здароўя пакідаў жадаць лепшага, мастака па надуманых прычынах асудзілі. Яфім Тарас правёў у вязніцы дзевяць месяцаў, пасля чаго яго — хворага, знямоглага і ледзь жывога — апраўдалі і адпусцілі на волю.



За сваё творчае жыццё майстар намаляваў больш за сто плакатаў, аформіў столькі ж кніжак, пераважна класікаў беларускай літаратуры, стварыў шмат паштовак і паштовых марак.

Цікавы момант распавёў унук Яфіма Мікалаевіча — вядомы беларускі журналіст і публіцыст Віталь Тарас: “Некалі ў букіністычнай краме мне ў рукі трапіў томік “Выбраных твораў Пушкіна. Гэта быў зборнік перакладаў на беларускую мову, выдадзены ў Мінску ў 1949 годзе да 150-годдзя з дня нараджэння рускага класіка. Увагу маю прыцягнула вокладка, на якой быў рэльефны профіль паэта ў медальёне, а ўнізе выціснуты залатымі літарамі факсімільны подпіс: “А. Пушкинъ. Але самае вялікае адкрыццё чакала мяне, калі я разгарнуў томік і прачытаў, што над афармленнем кнігі працаваў мастак Я. Тарас. Я нават не адразу зразумеў, што гэта мой дзед Яфім Тарас.

Старшыня БСД Зміцер Сурскі падтрымаў прапанову Анатоля Тараса стварыць альбом, у якім будзе прадстаўлена творчасць Яфіма Тараса. Асновай альбома могуць стаць фотаздымкі, дакументы і ўспаміны родных Яфіма Мікалаевіча.

Выстава плакатаў мастака і графіка Яфіма Тараса будзе працаваць да 25 лістапада па адрасе: Мінск, вуліца Брылеўская, 14.

Каментаваць