Крок да беларускасці — далей ад “бульбашоўства”

Нядаўна мы сталі сведкамі заснавання яшчэ адной музычнай прэміі, на гэты раз ад Еўрарадыё "Даём рады", падвядзенне вынікаў якой адбылося ў клубе RE: PUBLIC. 
 



Андрусь Такінданг з прызам для гурта Гаротніца


Пасля таго, як "Рок-каранацыю" з розных прычын напаткаў крызіс і лёс галоўнай выніковай рок-імпрзэзы застаецца нявызначаным, на айчыннай фестывальнай сцэне ўзнікае ўсё больш музычных прэмій, заснавальнікі якіх па-свойму падводзяць вынікі года і ўзнагароджваюць лепшыя беларускія каманды. Як гэта зрабілі, напрыклад, інтэрнэт-парталы “Тузін гітоў" і “Ультра-мюзік"
 
   Вядучая канцэрта Маша Калеснікава-Яр
 
І вось яшчэ адна ініцыятыва. Трэба адзначыць, што арганізатары гэтай музычнай прэміі — журналісты Еўрарадыё не хавалі таго факту, што экспертамі ў адборы лепшых выканаўцаў і твораў беларускай рок-музыкі выступілі яны самі. Тым больш было цікава параўнаць свой асабісты шорт-ліст з прыхільнасцямі радыёстанцыі — адной з нешматлікіх, на хвалях якой прапісаўся беларускі рок ва ўсіх яго стылістычных і моўных праявах.
 
Дэбют года і лепшы кліп
 
Першымі на сцэну выніковага канцэрта быў запрошаны гурт, які на думку радыё-журналістаў перамог у намінацыі “Дэбют года" Clover Club. Калектыў малады і, безумоўна, прафесіянальны. Па рэакцыі слухачоў можна было зразумець, што песні Clover Club былі ім знаёмыя. Выкажу сваю здагадку — знаёмыя з інтэрнэту. 
 
Гурт Clover Club
 
 
Але і на сцэне маладыя музыканты пачувалі сябе ўпэўнена. Адна толькі праблема: удзельнікі гурту губляюць час і талент на тое, каб з дапамогай недасканалай англійскай мовы і арыентацыяй на модныя напрацоўкі заходніх выканаўцаў заняць месца ў сусветных чартах лідараў інды-рока. Ці магчыма такое ў акіяне сусветнага шоў-бізу? Тэарэтычна, так. Але без вядомасці ў сябе на радзіме, без музычнай аўтэнтычнасці гэтыя шанцы мінімальныя. Так што дэбют Clover Club атрымаўся заўважны, але з вялікім пытальнікам наконт далейшай перспектывы гурту. 
 
Лепшым кліпам на думку журналістаў стала музычная стужка гурту VEGETABLES "Baloo", у якой, як у люстэрку, адбіліся праблемы візуалізацыі музыкі большасці гуртоў з Беларусі, у творах якіх часцяком цяжка знайсці ці адчуць тое, дзеля чаго музыканты выходзяць на сцэну, у чым звышзадача іх творчага пасылу.
 
 
Паралельныя ўзнагароды
 
Але не толькі калектыў Еўрарадыё адзначаў ў гэты дзень лепшых. Знайшлося месца для ўзнагарод беларускіх выканаўцаў ад імя мясцовых і замежных музычных структур. Напрыклад, вядомы беларускі рок-музыкант і прадзюсер Алег Ціханаў, які цяпер прадстаўляе ўкраінскі тэлеканал “культурнага супраціву" А-ONE, узнагародзіў беларускія гурты Clover Club, Yellow Brick Road і Akute адмысловымі сертыфікатамі на ратацыю іх музычнага відэа, калі тыя здымуць кліпы на свае песні. А студыя гуказапісу OSMOS адзначыла гурт "Гаротніца" сертыфікатам на запіс сінглу. Застаецца падзякаваць прадстаўнікам гэтых музычных кампаній за ўвагу да беларускай рок-музыкі і жаданне зрабіць для нашых выканаўцаў нешта вартае.
 
Стась Мытнік - лідар Akute
 
 
Надзея года
 
Ужо стала звычным, што творчасць гурту Re1ikt знаходзіць усё больш прыхільнікаў сярод маладых аматараў айчыннага цяжкага рока. Прычына ў іх ўменні сродкамі рок-музыкі данесці да слухачоў усе нюансы паэтычных радкоў кампазіцый. Да таго ж, іх магутны, празрысты гітарны гук прымушае засяроджавацца толькі на іх музыцы і мелодыцы. 
 
Так адбылося і на гэтым канцэрце, дзе музыканты выканалі некалькі кампазіцый з апошняга альбому "Рэкі прабілі лёд". Высокі прафесіяналізм і небанальны кампазіцыйны талент удзельнікаў гурту Re1ikt ужо вывеў іх у лідары айчыннай рок-музыкі. Вынікі мінулага года пацвердзілі гэтую тэндэнцыю, як і тое, што ад гурту чакаюць штурму новых творчых дасягненняў. Мо таму арганізатары прэміі “Даём рады адзначылі гурт Re1ikt прызам "Надзея 2013 года", маючы на ўвазе іх патэнцыял заставацца сапраўдным лідарам рок-сцэны ў бягучым годзе.
 
Гурт Re1ikt
 
 
Сінгл года
 
Намінацыю "Сінгл года" арганізатары аддалі гурту AVIAS, які сваёй кампазіцыяй "Смецце" штурмаваў не толькі інтэрнэт-прастору, але і цягам мінулага года пастаянна выконваў песню на клубных пляцоўках. Сінгл "Смецце" — даволі запамінальная кампазіцыя ў стылістыцы post-grunge. Трэба адзначыць, што гурт AVIAS —  калектыў, які скарыстаў ў сваёй творчасці вопыт папярэдняга творчага праекта — гурту "Крок" і цяпер выкарыстоўвае ў сваіх аранжыроўках шмат з інды-, поп- і альтэрнатыўнага року. 
 
Сярод нечаканасцяў выступлення гурту AVIAS адзначу натхнёную і прафесіянальную ігру выканаўцы на ўдарных Vicky Fatez, чыя тэхнічная, "недзявочая" манера прыцягвала ўсеагульную ўвагу і авацыі тых, хто ў гэты дзень слухаў музыку гурту AVIAS. 
 
Гурт AVIAS
 
 
Жыве рок-н-рол
 
Сярод тых, каму ў гэты дзень не дасталася выніковага “слана, але каго з гонарам запрасілі на сцэну, стаў бярозаўскі гурт :B:N: Такі быў прадуманы ход арганізатараў прэміі "Даём рады". 
 
Яны ведалі, што музыка B:N: выкліча ў слухачоў такі энтузіязм і эмацыянальнае ўзрушэнне, дзеля якога ўласна і праводзяцца рок-канцэрты. Адзін за адным разам з залай спяваліся хіты :B:N: "Крок за крокам", "Загінулым паэтам прысвячаецца", "Цягнік", "Канюшня". Але лейтматывам сэту :B:N: стала праграмная кампазіцыя "Жыве рок-н-рол", словы і рытмы якой давалі столькі пазітыўнай энергетыкі, што яе хапіла і на іншых гасцей  выніковага канцэрта. 
 
Гурт :B:N:
 
 
Гурт 2012
 
Эстафету лідараў сярэдняй генерацыі айчыннай рок-сцэны неўзабаве перанялі магіляўчане з гурту Akute, музыканты якога былі адзначаны ў намінацыі "Гурт 2012 года" (разам з панк-камандай "Дай Дарогу!" з Брэста ) і ў намінацыі "Альбом 2012 года" (разам з альбомамі "Futuremental" ад гурту Yellow Brick Road і "Сквозь г...но" ад памянёных берасцейцаў "Дай Дарогу!"). Нягледзячы на тое, што Akute гэтым разам засяроджвалася на выказванні глыбінных пачуццяў, выконвалі старыя хіты ("Іголкі", "Адзіноцтва" і інш.), слухачы вельмі актыўна сустракалі сваіх куміраў, бо знаходзілі ў музыцы любімага гурту роднасныя эмоцыі, праз што і стваралася святочна-узнёслая канцэртная атмасфера.
 
Нягледзячы на тое, што панк-гурт "Дай Дарогу!" быў заяўлены хэдлайнерам гэтага канцэрта, а ў клубе RE: PUBLIC сабралася нямала прыхільнікаў панк-року, на долю берасцейцаў выпала выкананне нежартоўнай задачы: падтрымаць той эмацыянальны пал канцэрта, які быў створаны іх беларускамоўнымі папярэднікамі.
 
Шалёны канцэрт
 
Арганізатары прэміі Еўрарадыё “Даём радыўручылі гэтай камандзе аж тры намінацыі – "Лепшы гурт 2012" года (разам з Akute), "Лепшы альбом 2012" года (разам з Akute і Yellow Brick Road), музыкі таксама атрымалі прыз клуба RE: PUBLIC "За самы шалёны канцэрт". Таму музыканты гурту "Дай Дарогу!" выйшлі на сцэну і адыгралі свой сэт у добрым гуморы. Захапляла іх сакавітае, падобнае на шквал, прафесійна выверанае гучанне. Хоць тэксты іх песень былі падобныя на прыпеўкі (часам аздобленыя моцнымі слоўцамі, якіх няма ў слоўніку Даля), яны закраналі вострыя сацыяльныя праблемы, традыцыйныя для рускага панк-року: п'янства, сацыяльныя праблемы і неўладкаванасць, маргіналізацыя некаторых пластоў грамадства... 
 
Што тычыцца нацыянальных рыс ў творчасці гурту "Дай дарогу!", якая сёння так актуальная для ўсёй беларускай рок-сцэны, то берасцейскія госці усім сваім выглядам дэманстравалі сваю пазіцыю: "До лампачоки нам ваши белорусские дела. Мы ж не националисты!" Як кажуць дасведчаныя, гэта і ёсць "рок з Беларусі"...
 
   Лідэр гурта "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі
 
 
Вынікі
 
Але не гледзячы на тое, што ў на ўручэнні музычнай прэміі паводле Еўрарадыё, былі сабраныя такія розныя гурты і іх прыхільнікі, яна, безумоўна, мела свае станоўчыя вынікі. Па-першае, слухачы атрымалі ўрок разумення таго, што ўсе мы — беларусы, незалежна да якога музычнага напрамку маем піетэт. Па-другое, у беларускім рок-руху спее разуменне неабходнасці стаць у шыхт абаронцаў роднай мовы і нашай нацыянальнай тоеснасці, ўзняць голас супраць "бульбашоўства", якое нам навязваецца замест нацыянальнага ў айчыннай культуры. У гэтым бачыцца місія такіх музычных святаў, у тым ліку і прэміі "Даём рады", ініцыяванай Еўрарадыё.
 
Былі і іншыя намінацыі, у якіх перамаглі наступныя выканаўцы і праекты:
 
“Фестываль-2012 — "Пікнік.by"
“Не патанаючая легенда — "Рок-каранацыя"
“Сольны выканаўца-2012 — Зміцер Вайцюшкевіч
 
Таксама прэміі Еўрарадыё ў жартоўнай намінацыі “Нестандартныя ракурсы атрымалі Аляксандр Памідораў, гурты Chiefs Band, RetroElektro.
 
Забава на рок-канцэртах  стрэйдждайвінг
 

Каментаваць