Далі і Пікаса завіталі ў Гомель

Упершыню ў гісторыі горада над Сожам у Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанка праходзіць выстава скульптуры, керамікі і графікі двух найвялікшых іспанскіх мастакоў сучаснасці.



Дагэтуль у Гомелі ў такім аб’ёме падобных выставаў не было. У галерэі выстаўлена больш за 160 экспанатаў, што належаць рукам вядомых майстроў. Гэта графіка, скульптура (Далі) і кераміка (Пікаса). Некаторыя творы маюць ілюстрацыйны характар. Любы наведнік можа заўважыць сярод экспанатаў і досыць вядомыя вобразы “Цякучага часу” або “Венеру з шуфлядкамі” Сальвадора Далі.

Збор твораў належыць расейскаму бізнесмену ды калекцыянеру Аляксандру Шчадрыну. Яго прыватная калекцыя твораў Далі і Пікаса з’яўляецца чацвёртай у свеце і рэгулярна экспануецца ў самых розных краінах ды гарадах Расіі, Беларусі ды Латвіі. За пяць гадоў яе ўжо ўбачыла каля мільёна чалавек у 55 музеях ды мастацкіх галерэях. На збор твораў у расейскага мецэната сышло 15 гадоў, а творы набываліся ў музеях ды на адмысловых аўкцыёнах. Адметнасць выставы  і ў тым, што на ёй экспануецца найвялікшая ў свеце прыватная калекцыя скульптур Сальвадора Далі.

Для таго, каб выстава была больш зразумелая шараговым наведнікам у галерэі ёсць дзве відэаэкскурсіі па творчасці мастакоў, дзе ўладальнік калекцыі сам распавядае пра кожны аб’ект. Па магчымасці, ахвотным будуць прадстаўляцца і паслугі адмысловых экскурсаводаў.

Алег Курашоў, галоўны захавальнік фондаў галерэі імя Вашчанкі, распавёў:



— Далі і Пікаса сталі вядомымі таму, што ўнеслі нешта новае ў сусветнае мастацтва. Мы кажам пра новыя ідэі і трактоўкі, і ў шматлікіх працах, выстаўленых сёння у галерэі можна прасачыць іх развіццё. Напрыклад, у якасці ілюстрацыі ў графіцы цяпер часта выкарыстоўваюць вобразы Дон Кіхота і Санча Панса. Адзін з іх традыцыйна адлюстроўваецца цяпер строгімі вострымі лініямі, а другі — мяккімі. Таксама вядомы і вобраз жывёлаў з доўгімі нагамі, створаны Сальвадорам Далі ў скульптуры.

Гэтая выстава разнастайная і неадназначная. Я хацеў бы падкрэсліць, што многія погляды мастакоў могуць быць незразумелыя для гледачоў і некаторыя нават непрымальнымі, але гэта і ўласціва творчасці абодвух мастакоў.

— Як зараз пераасэнсоўваецца спадчына творцаў?

Канешне, адносна гэтых мастакоў пэўны мастацкі этап ужо мінуў, але тыя ідэі, якія яны нарадзілі, і тое зерне, якое яны пасеялі ў сусветным мастацтве, мае працяг і сёння. Нават у беларускім мастацтве мы часам заўважаем на карцінах некаторых творцаў тыя ж рысы, што ўласцівыя, напрыклад, таму ж Сальвадору Далі.

У прынцыпе, абодва генія распрацавалі ўсяго толькі пару агульных ідэй, але іх значнасць вельмі высокая. Напрыклад, сюррэалізм як парадокс, што нараджаецца ў галаве чалавека, калі мы бачым нешта, чаго не можа быць, але мы гэта назіраем. Вось гэты парадокс выкарыстоўваюць цяпер шматлікія творцы. Альбо імкненне Пабла Пікаса маляваць як немаўля — той жа дадаізм як чыстая ды незамыленая творчасць.  Усё гэта зрабіла імёны абодвух іспанскіх мастакоў бессмяротнымі.

Да 6-га снежня гледачам прадставіцца рэдкая магчымасць параўнаць двух геніяў і супаставіць іх бачанне і думкі пра жанчын, карыду, гарачую Іспанію і шмат чаго іншага.

Каментаваць