Дарагавата і пуставата

Традыцыйна ў большасці краін музеі гэтай ноччу адчыняюць свае дзверы бесплатна. Але не ў Беларусі. У гэтым годзе кошт уваходу ў папулярныя музеі Мінску істотна павялічыўся.

Напрыклад, у Нацыянальным гістарычным музеі — 175000 рублёў для дарослых, 120000 — для навучэнцаў школаў, 130000 — для студэнтаў. Такім чынам, каб патрапіць толькі ў адзін музей сям’е з двух дарослых і двух школьнікаў трэба было выдаткаваць больш за поўміл’ёна рублёў.

Магчыма, гэты фактар істотна паўплываў на колькасць наведавальнікаў музеяў, якіх, нягледзячы на прыемнае для начных сталічных праменадаў надвор’е, апынулася на пляцоўках каля дзвярэй музеяў нашмат меней, чым у папярэднія гады.



Не было ўжо той бясконцай ажыятажнай чаргі каля найбольш папулярнага па наведвальнасці Нацыянальнага мастацкага музею. Таксама было значна меней людзей на ганку і ўнутры Нацыянальнага гістарычнага музею, ня мог пахваліцца натоўпам гасцей і Літаратурны музеі імя Янкі Купалы.

«Ноч музеяў» з беларускай літаратурай (фотарэпартаж)


Але самым дзіўным было тое, што не зважаючы на дарагаваты кошт увахода ў музеі, гасцей там чакала і не зусім яскравая забаўляльная праграма. У гэтым годзе ў цэнтральныя мінскія музеі прыйшло вельмі мала касцюміраваных наведвальнікаў, і большасць візуальных тэатраў, аматарскіх творчых тэатральных суполак і рэканструктараў не падтрымалі ноч сваёй прысутнасцю. Магчыма, зноў жа па фінансавым прычынам. Прасунутая моладзь бітком набіла Музей Азгура, але акрамя лекцый па ўрбанізму і мінімалізму і выступаў ды-джэяў, тых жа цікавых перфомансаў, якімі славіўся Музей Азгура, не было. Было няшмат і сапраўды цікавых майстар-классаў і інтэрактыўных выстаў. Выключэннем сталі цалкам інтэрактыўная выстава «Эксперыментуса» для дзетак і дарослых ды Drink & Draw.



Зразумела, што ў музеях Мінску ў гэтую ноч было шмат экспазіцый, вартых увагі і без разнастайных забаўляльна-пазнавальных імпрэз. Але ўсё ж акцыя праходзіць у Беларусі адзіны дзень у гаду, і каб прыцягнуць і захаваць цікавасць сучасных беларусаў да музейнай культуры патрэбна даступная і якасная забаўляльная частка. Інакш мерапрыемства асуждана на істотныя страты наведвальнікаў…      


Абмеркаванне:

  • Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
  • 2016-05-23 11:19:28
Аляксей Сталяроў, верагодна, не дайшоў да Літаратурнага музея Янкі Купалы, раз робіць свае пустыя канстатацыі аб невялікай колькасці людзей у гэтым музеі. Людзей было вельмі вельмі шмат. Ну а пісаць пра музей Янкі Купалы ў артыкуле аб дарагоўлі квіткоў - проста дзіка. Білет каштаваў 1 тыс рублёў. Сорамна, грамадзянін Сталяроў, публікаваць свае інсінуацыі не абапіраючыся на факты. І назву музея трэба пісаць правільна!
  • Галоўны рэдактар "Новага часу" Аксана Колб
  • 2016-05-23 12:34:46
Шаноўныя супрацоўнікі і кіраўніцтва Літаратурнага музея Янкі Купалы рэдакцыя "Новага Часу" прыносіць вам свае прабачэнні за непрафесійныя паводзіны за аўтара-фрыласера Аляксея Сталярова,а таксама наш непрафесійны падыход. Мы прывыклі давяраць нашым аўтарам, але, як высветлілася, трэба яшчэ і правяраць.
Магчыма, вось гэты артыкул «Ноч музеяў» з беларускай літаратурай (фотарэпартаж)
http://novychas.by/kultura/nocz-muzejau-razam-z-pesnjarami-belaruskaj-litar
крыху кампенсуе горыч ад несправядлівасці.
Яшчэ раз прабачце і дзякуй за каментар.
З найлепшымі пажаданнямі і спадзевамі плённага супрацоўніцтва
  • Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
  • 2016-05-23 16:41:47
Нам вельмі прыемна, што вы адрэагавалі на наш каментар. Усяго вам самага добрага ў будучай працы з аўтарамі. І запрашаем вас у наш цудоўны музей на новую экспазіцыю.

Каментаваць