Дэструктыўныя літаратары

Цікавае жыццё пачынаецца ў сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, які на дзяржаўным узроўні называюць як тыя секты — «дэструктыўная арганізацыя».

З дзённіка Зміцера Ф.

«20.02.10. Сёння канчаткова вырашыў — трэба кідаць піць. Сасніў, што Барыс Маісееў — мой аватар. Абавязкова трэба кадзіравацца».



Цікавае жыццё пачынаецца ў сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, які на дзяржаўным узроўні называюць як тыя секты — «дэструктыўная арганізацыя».

З дзённіка Зміцера Ф.

«20.02.10. Сёння канчаткова вырашыў — трэба кідаць піць. Сасніў, што Барыс Маісееў — мой аватар. Абавязкова трэба кадзіравацца».


Толькі Зміцер Ф. — вядомы ў вузкіх колах мінскай багемы паэт-дэканструктывіст, сябра СБП, паспеў дапісаць гэту фразу, як пастукалі ў дзверы. На парозе стаяў «перац» з казлінай бародкай і ў гарнітуры-тройцы. У руцэ незнаёмы трымаў кій.

— Добры дзень калега, — сказаў візіцёр, уважліва разглядваючы няголены памяты твар гаспадара пакоя.

Зміцер працягнуў руку:

— Добры дзень. Вы таксама літаратар? Нешта я вас не бачыў на нашых слэмах.

Госць, паціскаючы руку, усміхнуўся:

— Мы калегі ў іншай галіне. Скажам так, нас аб’ядноўвае тое, што мы належым да гэтак званых «дэструктыўных арганізацый». Я генеральны гуру Храма сатаністаў імя новага прыходу антыхрыста.

Зміцер трохі ашызеў:

— Ну гэта ж поўная лажа. Ха-ха. Якая з нашага Саюза пісьменнікаў дэструктыўная секта?

Адказ Зміцера не здзівіў барадача, які тым часам прайшоў у цэнтр заваленага пляшкамі і паперамі пакоя і акупаваў адно з крэслаў.

— Разумею, разумею: усе мы давалі клятву — не выдаваць таямніцы нашага аб’яднання. Аднак супакойцеся. Пакінем асобныя пункты статуту вашай ложы. Да справы. Як вы глядзіце на тое, каб аб’яднаць рэсурсы нашых груповак. На днях мы збіраемся замуравацца ў адной з пячэраў пад Пензай — так загадвае нам Сатана. Пераседзім надыходзячы апакаліпсіс. Ну а потым прыйдуць нашы. Пагадзіцеся, сябрам дзвюх сектаў будзе весялей у пячэры.

Пісьменнік зразумеў, што перад ім сапраўдны вар’ят.

— Слухайце, гэта вельмі цікава, аднак я не магу ў пячэру, у мяне хутка вершаваны слэм у Кіеве з Сяргеем Жаданом.

У наступную секунду пісьменнік зразумеў, што перад ім не проста вар’ят, а яшчэ і фанатык: нечакана суразмоўца ўскочыў і даў Зміцеру ў лыч.

— Што?! Калі вы не прызнаеце слова Сатаны, вы зневажаеце самога Сатану!

Лежачы на падлозе, Зміцер заўважыў, як сатаніст заносіць кій над яго галавой.

— А той, хто зневажае майго гаспадара, павінен памерці! — вішчаў незнаёмы.

Нечакана для абодвух у дзверы зноў пастукалі. На парозе пакою з’явіўся нейкі чалавек. Сатаніст не чакаў такога развіцця падзей. Ён ускочыў, адпіхнуў госця і пабег уніз па лесвіцы.

— Добры дзень. Што тут у вас адбываецца? — спытаў новы госць, лысаваты мужчына ў паліто.

Зміцер падняўся.

— Вы хто?

Было відавочна, што госцю трохі няёмка.

— Вы ведаеце, я ваш калега.

Зміцер, які толькі што меў справу з іншым калегам, на ўсялякі выпадак наблізіўся да кухні. У выпадку чаго ён збіраўся пусціць у ход нож або які іншы прадмет кухоннага начыння.

Госць між тым працягваў:

— Я таксама пісьменнік, аднак з іншага саюза, афіцыйнага. Давайце шчыра. Я таксама хацеў бы атрымаць такі талент, як у сяброў вашага аб’яднання. «Адкуль такія рэсурсы?» — задаваў я часта сябе пытанне. Цяпер, пасля таго, як вас прызналі сектай, разумею. Каму вы моліцеся на вашых месах? Напэўна, Янку Купале, заснавальніку СБП? Што вы там прыносіце яму ў ахвяру? Я гатовы прайсці рытуал і прадаць душу Янку, каб атрымаць яго талент. Я хачу стаць таленавітым!

Чалавек упаў перад Зміцерам на калені.

Наш герой зразумеў, што перад ім яшчэ адзін вар’ят. Аднак памятаючы, чым закончылася размова з папярэднім псіхам, вырашыў паводзіць сябе інакш.

— Ну добра. Значыцца, каб прадаць душу Купале і атрымаць яго талент, трэба пайсці на могілкі з томікам твораў Чурунца. Роўна а поўначы разарвіце кніжку на дробныя кавалачкі. Пасля голасна скажыце: «Крэкс-пэкс-фэкс! О, вялікі пісьменнік, дай мяне свой талант». І зранку будзеце майстрам слова. Менавіта па такой схеме наш ордэн праводзіць свае літаратурныя оргіі. Толькі пра гэта нікому.

— Дзякуй.

Візіцёр пачаў спяшацца, каб падрыхтавацца да рытуалу.

— І не забудзьце сказаць: «Крэкс-пэкс-фэкс», — нагадаў Зміцер, выстаўляючы госця на лесвіцу.

З дзённіка Зміцера Ф.

«23.02.10. Сёння канчаткова вырашыў, што трэба кідаць піць. Прысніўся страшны сон пра таго хлопца з СПБ, якога я адправіў на могілкі. Быццам «крэкс-пэкс-фэкс» — гэта сапраўднае заклінанне, з дапамогай якога можна атрымаць літаратурны талент. Аднак не Янкі Купалы, а Генры Мілера. Абавязкова трэба кадзіравацца».

 

Каментаваць