Домрачава — двойчы алімпійская чэмпіёнка

Дар'я Домрачава стала двойчы алімпійскай чэмпіёнкай, заваяваўшы залаты медаль у індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў. Надзея Скардзіна атрымала бронзу. Яшчэ адно золата — у фрыстайлісткі Алы Цупер.



На шляху да чарговага золата. Фота Reuters via TUT.BY


14 лютага ў суверэннай Беларусі з’явіўся васямнаццаты і дзевятнаццаты алімпійскія чэмпіёны.

Эфектны фініш біятланісткі Дар’і Домрачавай у гонцы пераследу, а пасля ў індывідуальнай гонцы стаў падставай для радасці мільёнаў беларусаў і нечаканай іміджавай праверкай для кіраўніка дзяржавы.

Дар’я — адзін з лідараў сусветнага біятлона, у мінулым ужо заваёўвала медалі Алімпіяды і выйгравала званне чэмпіёнкі свету. На сёння Домрачава — самая хуткая біятланістка ў свеце, за што нават атрымала мянушку «беларуская ракета», і толькі не вельмі дакладная стральба робіць яе нячастым госцем на верхняй прыступцы п’едэстала.

За некалькі тыдняў да спаборніцтваў Аляксандр Лукашэнка публічна раскрытыкаваў Домрачаву за адсутнасць барацьбы падчас аднаго з этапаў Кубка Свету. А прыляцеўшы ў Сочы, наведаў трэніроўку біятланістаў, пасля чаго літаральна напярэдадні першага старту запрасіў усю жаночую зборную піць гарбату і пачаў даваць парады па стральбе, чым выклікаў хваляванне ў многіх заўзятараў за вынік — бо падвышаны ціск перад стартамі, як правіла, не прадказвае нічога добрага.

«Нічога добрага» і адбылося на наступны дзень, калі ў спрынце Даша, нібы трымаючыся парады прэзідэнта «не мітусіцца пры стральбе», страціла зашмат часу на агнявых рубяжах і заняла толькі дзясятае месца, што надзвычай засмуціла яе шматлікіх прыхільнікаў. Да радасці беларусаў, гонка пераследу прайшла для Дашы амаль ідэальна, у чым, па прызнанні чэмпіёнкі, немалая заслуга сэрвіс-брыгады беларускай зборнай, якая ўдала падабрала змазку для лыжаў ва ўмовах снегу, што раставаў ад нечаканай адлігі.

«Чаяванне ў прэзідэнта» здарылася пасля перамогі і транслявалася ў вечаровых навінах усіх беларускіх тэлеканалаў. І гэта быў, мякка кажучы, іміджавы правал для кіраўніка дзяржавы. І справа не ў тым, што ў Сочы ў разгар навучальнага года разам з прэзідэнтам прыехаў малодшы сын Коля. У разгар хакейнага сезону — хакейны трэнер Міхаіл Захараў. І ў разгар будаўніцтва гатэляў да чэмпіянату свету па хакеі — алігарх Юрый Чыж.

І не ў тым, што нечакана побач з прэзідэнтам пабачылі з аднаго боку — праваслаўнага святара з чаркай, а з іншага — жаночую зборную па мастацкай гімнастыцы таксама з чаркамі. Справа ў тым, што для недасведчанага чалавека гэтая тэлевізійная карцінка распівання шампанскага людзьмі ў спартыўных касцюмах на канапе перад багата застаўленым стравамі сталом наўрад ці нагадвала ўшанаванне прэзідэнтам алімпійскай чэмпіёнкі. Гэта было падобна хутчэй да юбілею вясковага настаўніка фізкультуры, на які запрасілі ўсю яго невялікую школу.

Беларускія алімпійскія чэмпіёны атрымліваюць ад дзяржавы не толькі салідны грашовы бонус і, калі пашанцуе, кватэру ў родным горадзе, але і магчымасць у хуткай перспектыве бачыць свой твар на сотнях рэкламных білбордах на чырвона-зялёным фоне. І ніяк інакш — бо яны прадстаўляюць краіну, дзе спорт — гэта палітыка, афіцыйная ідэалогія і спосаб паказаць усяму астатняму свету «кузькіну маці». Алімпійскі чэмпіён Лондана стралок Сяргей Мартынаў у свой час вельмі саромеўся гэтых плакатаў і сціпла радаваўся, што ажыятаж вакол яго рэкордаў і перамогі на Гульнях быў непрацяглым, і ён змог спакойна рыхтавацца да наступных спаборніцтваў.

Зараз Дар'і прыйдзецца прайсці надзвычай прыемнае, але вельмі небяспечнае для спартсмена выпрабаванне «меднымі трубамі». Гэты шалёны ажыятаж вакол персоны алімпійскай чэмпіёнкі, увага прэсы і першых асоб дзяржавы зразумелыя, але здарыліся вельмі несвоечасова. У адрозненне ад многіх іншых відаў спорту, біятлон на Алімпійскіх гульнях прадугледжвае некалькі розыгрышаў медалёў для адных і тых жа спартсменаў. Кожныя некалькі дзён наймацнейшыя біятланісты ад кожнай краіны выходзяць на старт у той ці іншай гонцы — спрынт, гонка пераследу, індывідуальная гонка, масстарт, эстафета, змяшаная эстафета.

І вось уявіце сябе на месцы чэмпіёнкі: галоўныя старты чатырохгоддзя яшчэ не скончыліся, а цябе ўжо бяруць пад рукі, вязуць на дачу да прэзідэнта, уручаюць кветкі і фужэры з алкаголем пад прыцэлам тэлекамер. І гэта свята, ад якога немагчыма адмовіцца, якой бы прафесійнай спартсменкай ты ні была.

Зрэшты, у Дашы хапіла духу і прафесіяналізму адмовіцца ад іншай звабнай прапановы — гонару несці дзяржаўны сцяг на цырымоніі адкрыцця Гульняў. На тэлекамеры была расказана, што Даша палічыла за лепшае ўзняць сцяг, пад якім яна ў выніку першай перасекла фінішную рысу. Але ўся справа ў тым, што Алімпійскія гульні праходзяць у двух населеных пунктах — прыбярэжным курорце Адлеры, дзе пабудаваны Алімпійскі стадыён і некалькі лядовых арэн для хакея, фігурнага катання, кёрлінгу і канькабежнага спорту, і Чырвонай Паляне ў 50 кіламетрах ад Сочы, дзе вакол гарналыжнага курорта раскінуліся цэнтры правядзення спаборніцтваў, якія вымагаюць снегу. І напярэдадні першага старту біятлонная зборная ў поўным складзе вырашыла застацца глядзець цырымонію адкрыцця па тэлевізары, каб не спускацца з сярэднегор’я на ўзровень мора і пазбегнуць небяспечных для фізічных кандыцый перападаў ціску.

У выніку, сцяг нёс алімпійскі чэмпіён Ванкувера фрыстайліст Аляксей Грышын, які спецыяльна для гэтага вымушаны быў перапыніць перадалімпійскія трэніроўкі ў Фінляндыі і прыляцець у Сочы на тры дні раней. Паводле партала TUT.BY, рашэнне па сцяганосцы прымаў асабіста Аляксандр Лукашэнка, які вось ужо 16 гадоў займае пасаду старшыні Нацыянальнага Алімпійскага Камітэта Беларусі.

Існуе меркаванне, што несці сцяг на адкрыцці Гульняў — дрэнная прыкмета. Сам Аляксей нагадвае журналістам, што два гады таму тэнісіст Максім Мірны зняў гэты праклён: вывеўшы беларускую нацыянальную каманду на Алімпійскі стадыён Лондана, праз 9 дзён ён у пары з Вікторыяй Азаранка выйграў першае ў сваёй кар’еры алімпійскае золата.

Такім чынам, дзякуючы біятланісткам, Беларусь мае два златых і адзін бронзавы медаль. Медалі сярод фрыстайлістаў, дзе нашы спартоўцы з’яўляюцца аднымі з фаварытаў, будуць разыграны ў гэты панядзелак, 17 лютага.

Абмеркаванне:

  • Алена
  • 2014-02-15 01:18:57
Малайцы дзяўчаты! Алімпійскія медалі не блякнуць, дзякуй ім за тое, што за сваю краіну і яе гонар змагаюцца!
  • Бамбр
  • 2014-02-15 17:08:41
Домрачава калісці сказала, што абараняе колеры чырвона-зялёнага сцяга, а Скардзіна - што на заваёву медаля яе матываваў Аляксандр Лукашэнка. Дык за што ім дзякаваць?

Каментаваць