Драўляны народ

Даўно ў беларускім дакументальным кіно не з’яўлялася фільмаў, пра якія ўжо зараз можна гаварыць як пра падзею. Фільм «Драўляны народ» Віктара Аслюка, прэм’ерны паказ якога адбыўся па-за конкурсам XVIII ММК «Лістапад», мае добрую глядацкую і фестывальную перспектыву.

Аўтар антыўтопій



Віктар Аслюк


Даўно ў беларускім дакументальным кіно не з’яўлялася фільмаў, пра якія ўжо зараз можна гаварыць як пра падзею. Фільм «Драўляны народ» Віктара Аслюка, прэм’ерны паказ якога адбыўся па-за конкурсам XVIII ММК «Лістапад», мае добрую глядацкую і фестывальную перспектыву.

Аўтар антыўтопій

Віктар Аслюк — вядучы айчынны дакументаліст, вядомы сваімі змрочнымі, поўнымі безвыходнасці і трагізму кінаметафарамі. Шлях да міжнароднага прызнання яму адкрыў фільм «Мы жывем на краі» (2002) — густоўнае папярэджанне пра співанне, страту каштоўнасцяў сялянамі як асноўныя прычыны смерці беларускай вёскі. Пад будзённыя і філасофскія развагі вяскоўцаў саму вёску, дом за домам, паглынае рака… Фільм не толькі даў міжнародную вядомасць і сяброўства ў Еўрапейскай кінаакадэміі яго аўтару, але і быў прызнаны лепшым еўрапейскім фільмам года. Дадаткова стужка назбірала болей за 15 узнагарод на кінафестывалях свету.

Не меншы фестывальны поспех мела наступная стужка «Кола» (2004). Аслюк зноў уздымае тэму гібелі вёскі, зноў атаясамлівае яе са смерцю нацыі, аднак на гэты раз дорыць надзею. На фоне змроку і хаўтураў вясковага жыцця светлым промнем выглядае маладая сям’я з дзіцём і іх дагледжаная гаспадарка. Толькі надзея на колазварот жыццёвасці і гаспадарлівасці разбіваецца аб суровую рэальнасць. Працяг гісторыі застаецца за кадрам, аднак ён красамоўны: хутка хата маладых згарэла: яе падпалілі. Сям’я пераехала ў сталіцу, а памерлая вёска з перыяду здымак паспела парасці быльнягом і кустоўем.

Кіно, якое просіць душа

З часу першых фестывальных поспехаў Віктар Аслюк відавочна змяніўся. Ён шукае пазітыўных герояў, усё часцей задаецца пытаннямі прызначэння мастака і мастацтва, знаходзіць прыгожае ў будзённым, а яго фільмы ўсё часцей выклікаюць не саркастычны, а сапраўдны шчыры смех. Аслюк не прымае кан’юнктурнага кіно: кажа, што не трэба постсавецкім аўтарам у адказ на чаканні заходняга свету здымаць змрочнае і безнадзейнае кіно. Трэба рабіць такое кіно, якое просіць душа. У такім, і толькі ў такім выпадку можна называць сябе мастаком, творцам.

У мастацкім жа плане Віктар Аслюк застаўся такім жа, якім быў дзесяць гадоў таму. Гэта аўтар-мінімаліст, які не церпіць найгранасці, пастановачных сцэн, выкарыстання закадравага тэксту, наватарскага мантажу ці нават музыкі. Дакументальнае кіно, на яго думку, мусіць быць максімальна набліжаным да рэальнасці, а не прыўкрашваць яе ці рабіць невыноснай. Амаль у кожным сваім фільме беларускі дакументаліст карыстаецца гэтым уласным негалосным маніфестам.

Драўляная вёска

Вынікам пазначаных маральных і мастацкіх арыенціраў Віктара Аслюка стаў яго апошні фільм «Драўляны народ».

Старэнькі дзядуля ў густоўным гарнітуры і капелюшы пра­дзіраецца праз густое кустоўе з сякерай у руцэ, ссякае дрэўца і прыгаворвае: «Вось гэта на драўляны народ, на драўляны народ!» Жыхар Белавежскай пушчы Мікалай Тарасюк майструе з дрэва фігуркі людзей, расфарбоўвае іх і складае з іх кампазіцыі з вясковага жыцця і свету ўласных уяўленняў: вяселле, хаўтуры, сялянскія работы і святы, рамесніцкія заняткі вяскоўцаў і распяцце Хрыста. Жыццё заселенай і жывой драўлянай вёскі разгортваецца на дзядулевым падворку такім, якім яно напраўду ўжо не будзе ніколі; такім, якім яно засталося толькі ў памяці майстра. Мікалай Тарасюк — прыроджаны творца з асабістай філасофіяй мастацтва. І калі б патрапіў яму ў рукі пэндзаль — быць яму мастаком, але сродкам яго творчасці з дзяцінства стала сякера, з дапамогай якой майстра знаёміць нас з прыгажосцю вясковага жыцця.

Гледачу ж застаецца толькі ламаць галаву над пытаннямі без адказу: няўжо на нас перарвецца тая традыцыя, што яднала наш народ; няўжо мы асуджаныя існаваць без уласных этнічных каранёў і каштоўнасцяў; няўжо мы так і не вылучым аніякіх сэнсаў са спадчыны нашых продкаў; няўжо ўсё прыдбанае нашым народам, тое, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, мусіць так і застацца ў дрэве?

Стары ж разьбяр, які ўсё яшчэ трымае ў памяці жывую вёску свайго дзяцінства, асуджаны застацца сам-насам з сабой вырабленым драўляным народам.

 

Каментаваць