Абстрактны экспрэсіянізм у Мінску. Другое ўвасабленне Марка Роткі

Калі вы аматар абстрактнага экспрэсіянізму, у прыватнасці “жывапісу каляровага поля”, стваральнікам якога быў ураджэнец латыска-беларускага Дзвінску, сёння Даўгаўпілсу, Марк Роткавіч, ён жа Ротка, надышоў ваш час.



Ларс Странд


У Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва 18 лютага адкрылася і будзе працаваць па 4 сакавіка выстава “За даляглядам” Ларса Странда, нарвежскага жывапісца шведскага паходжання, які апошнім часам працуе пераважна ў Латвіі. І менавіта ў Двінску-Даўгаўпілсе, дзе існуе Арт-Цэнтр імя слыннага земляка, Марка Роткавіча. У якім, між іншым — увага мастакам, — можна па дамоўленасці жыць і працаваць даволі працяглыя перыяды часу.

Адкрыццё выставы

Творы ў экспазіцыі

Абстрактны жывапіс не кожнаму па зубах — таму не адзін наведвальнік вернісажа іранічна казаў сабе: дык гэта ж наш Лёнік Тарасевіч, толькі ў драбнейшых памерах і намаляваны танчэйшымі мазкам! Ці гэта так — наведвальнік даведаецца, апынуўшыся ў атмасферы тонкіх рытмаў колеравых ліній і прасторавых суадносін рознапамерных палотнаў. Прынамсі, дызайнерскі пілатаж прысутнічае ў арганізацыі экспазіцыі на высокім узроўні. А асобныя палотны як бы пачынаюць дыялог з прадметамі і людзьмі ў інтэр’еры, зноў такі, рытамі, колерам. Завітайце, пазнаёмцеся з экспазіцыяй першага нарвежца, працы якога экспанаваныя  ў мінскіх выставачных залах. Даведайцеся, чаму творы Странда набываюць шматлікія музеі свету.

Дыялог палотнаў і гледачоў

Фота: Таццяна Маркіна; партал Tut.by

Каментаваць