Дуда — інструмент і для чорта, і для анёла

Мастачка Наталля Сухая распавяла НЧ, як яе выцінанка трапіла на афішу "Дударскага фэсту", што пройдзе 8 красавіка, а таксама пра творчасць, лёс народных рамёстваў і гендарныя аспекты сучаснага мастацтва.

Выцінка Наталлі Сухой

— На сёлетняй афішы "Дударскага фэсту" — мая выцінанка з анёламі, што граюць на дудах. Мне здаецца, файна было б зрабіць сувенірную прадукцыю Дударскага фэсту (цішоткі, кубачкі) з гэтай выявай, але гэта ўжо пытанне магчымасцей арганізатараў. Ужо не першы раз мае выявы менавіта ў чырвона-белай гаме выкарыстоўваюцца для афіш. Мабыць, гэта спалучэнне колераў неяк падсвядома ўплывае на людзей як архетыпічнае для беларускай традыцыі.

Упершыню я пачула дуду, калі вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Мая настаўніца Ірына Мазюк запрасіла да нас у майстэрню вядомага мастака і майстра музычных інструментаў Алеся Лася, які, дарэчы, з’яўляецца і адным з тых, хто ў свой час адраджаў беларускую выцінанку. Дудовае гучанне тады мяне проста зачаравала.

Наталля Сухая. Фота Іны Шаламеевай

А зараз мой муж, Дзяніс Сухі, актыўна займаецца вырабам дудаў і даследаваннем дудовай традыцыі, таму я не магу не цікавіцца гэтым музычным інструментам. Выцінанка на афішы Дударскага фэсту — ужо не першая мая варыяцыя на гэту тэму.

Наталля Сухая з мужам Дзянісам. Фота Эгле Віндашэне

Я рабіла мноства падобных вываяў, натхняючыся еўрапейскімі сярэднявечнымі фрэскамі. У цэрквах часта малявалі міфічных істот — чарцей і анёлаў, што граюць на духавых інструментах. На некаторых выцінанках і я змяшчаю разам анёла і чорта з дудамі. Для мяне гэта адлюстраванне цэльнасці Сусвету, дзе ёсць тэндэнцыя і да стварэння, і да разбурэння. Перад гледачом нібыта паўстае сітуацыя выбару.

Выцінка Наталлі Сухой

Выцінанка ў сялянскім побыце выкарыстоўвалася для аздаблення інтэр'еру: накладкі на абразы, вазоны з кветкамі, палічкі, аканіцы, бэлькі, дзверы. Рабілі сурвэткі, фіранкі, якія пазней, як гаспадарка пабагацела, замянілі фабрычнай тканінай, аздобленай у тэхніцы рышэлье. Упрыгожвалі хату на Каляды і Вялікдзень.

 Калядная традыцыя захавалася да нашага часу: хто не выцінаў у дзяцінстве сняжынак? Сучасныя аздабленні вокнаў у горадзе можна лічыць працягам гэтай вясковай традыцыі. На Палессі і Падляшшы выраблялі калядныя зоркі, аздобленыя выцінанкай. Але вельмі мала ўзораў старых выцінанак захоўваецца ў музеях.

Выцінкі Наталлі Сухой

Сёння ў вёсцы, калі спытаць, вам яшчэ пакажуць, як даўней выразалі, гэта мастацтва захавалася ў памяці людзей. Такім чынам, напрыклад, Браслаўскі краязнаўчы музей сабраў сваю калекцыю выцінанкі.

Наталля Адзінец з вёскі Засмужжа. Фота Наталлі Сухой

Выразае па памяці тое, што рабіла ў дзяцінстве, Наталля Адзінец з вёскі Засмужжа Любанскага раёна. Яе часта можна пабачыць на рамесніцкіх фестывалях. Мастацтва выцінанкі-выбіванкі Наваградскага раёна мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Памерла носьбітка гэтай традыцыі Ніна Шурак, яе справу працягвае загадчыца Наваградскага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко. У Івацэвіцкім раёне выцінанкай займаецца Наталля Клютко.

Наталля Клімко з Наваградка. Фота Алены Ляшкевіч

Выцінанка застаецца актуальнай не як сувенір, але часцей як аздоба інтэр'еру, менавіта з гэтай мэтай яе часцей купляюць.

Нядаўна мы з сяброўкай, народным майстрам Вольгай Бабурынай былі на рамесніцкім кірмашы ў Беластоку. Наведвальнікі з вялікім захапленнем прымалі, актыўна цікавілася, нягледзячы на тое, што польская (ловіцкая, напрыклад) выцінанка — вельмі моцны брэнд.

Выцінка Наталлі Сухой

Беларуская выцінанка сёння — збольшага аўтарская, хаця і захоўвае сувязь з народным мастацтвам. Я займаюся выцінанкай з мастацкай школы. Прафесійна ўжо гадоў 25. Мая настаўніца, Вікторыя Чырвонцава, выгадавала некалькі пакаленняў добрых майстроў. Зараз дзве дачкі працягваюць яе справу ў Маладзечанскім музычным каледжы імя Агінскага.

Наталля Сухая з настаўніцай Ірынай Мазюк. Фота Святланы Клепікавай

У Акадэмію мастацтваў я паступіла на спецыяльнасць "дызайн тэкстылю", там мяне вучыла ткаць, а заадно і спяваць, Ірына Мазюк. Была калісьці думка паступіць на аддзяленне графікі, бо выцінанка бліжэй да гэтага віду мастацтва, але мой настаўнік Юрый Герасіменка-Жызнеўскі адгаварыў: у гэтай сферы выкарыстоўваюцца шкодныя рэчывы, цяжка для дзяўчынкі. Але ніводнага разу не пашкадавала аб сваім выбары.

Прылады для выцінання. Фота Іны Шаламеевай

Калі казаць пра гендарнае размежаванне спецыяльнасцей у Акадэміі мастацтваў, то "мужчынскай" застаецца толькі скульптура. На астатніх аддзяленнях дзяўчат усё больш і больш.

Вывучаючы тэкстыльныя тэхнікі, я не пакідала заняткаў выцінанкай. Потым гэта прыдалася, калі нарадзіліся дзеці: догляд за малымі патрабуе шмат часу, а тэкстыль — занятак працаёмкі. Як падрастуць, то вярнуся да тэкстылю, а зараз мой “час выцінанкі”.

Выцінка Наталлі Сухой

Я спрабавала спалучыць выцінанку і спевы ў занятках арт-тэрапіяй для дарослых. Сёлета стварыла сямейную фальклорную студыю пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Галоўная ідэя — каб дзеці і бацькі займаліся творчасцю разам.

Наталля Сухая. Фота Міхася Аракчэева


Каментаваць