Дударскі фэст–2013. Сведчанне еўрапейскіх каранёў

Дванадцаць гадоў запар праводзіцца “Дударскі фэст”. Але і гэтым разам яго арганізатары імкнуліся прапанаваць прыхільнікам беларускай дударскай традыцыі нешта незвычайнае, нечуванае ў Еўропе.



fantasy-folk-гурт IRDORATH. Фота Анатоля Мяльгуя


У мінулыя гады гэта былі дзіцячыя фальклорныя гурты з дударскім складнікам у музыцы, дзявочыя гурты і жаночае дударскае выкананне, прадстаўляліся запісы палявых даследванняў фалькларыстаў і вынікі развіцця нацыянальнай школы вырабу традыцыйных дуд…

Але год ад года адшукаць нешта новае становіцца ўсё цяжэй. Сёлетні “Дударскі фэст” даў слухачам не столькі прыклады новых адкрыццяў, сколькі адчуванне прафесіяналізацыі гуртоў дударскай музыкі.

Хоць ўсё ж адно адкрыццё чакала слухачоў, якія ў гэты дзень наведалі клуб RE:PUBLIC. Маю на ўвазе малады гурт сярэдневечнай музыкі “Літы талер”, які быў створаны на базе гурта “Тутэйшыя”. Маладыя музыканты ўжо маюць вопыт грання і даволі вядомым ў медыявальным асяродку, хоць быў створаны ў 2011 годзе. Тым не менш, для гурта “Літы талер” гэты “Дударскі фэст” стаў дэбютным.

Гурт “Літы талер”. Фота Анатоля Мяльгуя

Музыканты пад кіраўніцтвам свайго лідэра Дзяніса Шматко прапанавалі слухачам сваё бачанне еўрапейскай і айчыннай музычнай спадчыны, новыя падыходы да аранжыровак мелодый і выкарыстання ў ёй белаарускай дуды. Разам з Зарынай Шэўко, якая таксам грае на дудзе і жалейках, музыканты ствараюць натуральна лёгкае, рамантычнае гучанне кампазіцый. Асабліва гэта тычыцца п’есы “Багіня”, якая была вельмі цёпла ўспрынята слухачамі.

 У той жа час “Літы талер” змог прапанаваць слухачам танцавальныя рытмы пад дуду, якія далі слухачам падставу для пачатку руха на танцполе. І тут на авансцэну “Дударскага фэста” выйшлі ўдзельнікі тэатраў сярэдневечных танцаў “Гістрыён”, “Фламея”, “Яварына”, “Ды Грыза”, якія сваім імпэтам стварылі ўражанне вяснавога свята і панавання маладосці.

Працягнуў канцэртную праграму фэста гурт «TESTAMENTUM TERRAE», а слухачы ад вядучага Змітра Сасноўскага даведаліся, што сёлятні “Дударскі фэст” прысвечаны дзесяцігоддзю гэтай каманды. Можа таму музыканты пад кіраўніцтвам харызматычнага Юрася Панкевіча прапанавалі слухачам успомніць лепшае з папярэдніх альбомаў «TESTAMENTUM TERRAE» “Слаўны паніч” і “Angleza”.

Гурт «TESTAMENTUM TERRAE». фота Анатоля Мяльгуя

 

Гэта выклікала ў зале новы танцавальны шквал: моладзіь танчыла пад рытмы “Кракавяка”, “Полечкі”, “Рыцара Вераб’я”. Безумоўна, праз дзесяць гадоў існавання калектыва ужо можна канстатаваць, што сёння «TESTAMENTUM TERRAE» — адзін з самых яскравых і запатрабаваных сярэдневечных гуртоў. Галоўнае, гурт не стаў копіяй легендарнага “Старога Ольсы”, а ўнёс у сучасную сярэдневечную музычную культуру краіны элемент арыгінальнасці, звязаны з нацыянальным каларытам.

Што тычыцца вышэй узгаданых параўнанняў, то яны сталі відавочнымі, калі на сцэну выйшаў гурт “Стары Ольса”. Музычныя рэканструкцыі Змітра Сасноўскага гурта “Стары Ольса” адрозніваліся еўрапейскім падходам да гучання інструментаў, дзе беларуская дуда стала натуральным дадаткам да яго. Гэтаму пацвержаннем сталі вядомыя кампазіцыі “Літвін”, “Ave Maria”, творы паводле “Полацкага сшытка”.

Гурт "Стары Ольса". Фота Анатоля Мяльгуя

Да “Дударскага фэста-2013” удзельнікі “Старога Ольсы” падрыхтавалі некалькі музычных сюрпрызаў. Адзін іх – рэканструкцыя балады ХVІ стагоддзя “Пекна рыцарскае кола”, якая была выкананая на каларытнай беларуска-польскай моўнай мяшанцы. Таксама, вялікую прыхільнасць выклікала музычная “Пахвала Вітаўту” поводле “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага.

Сваю частку слухацкай прыхільнасці атрымаў сайд-праект «TESTAMENTUM TERRAE» гурт “PAWA”. І не дзіва: у яго гучанні спляліся электронныя аранжыроўкі сучасных дыскатэк і рэйваў, рыфы “металічнай” гітары і танцавальныя рытмы мінулых стагоддзяў, якія ў гурта “PAWA” падкрэслівалі сувязь плыняў нацыянальнай культуры. Для многіх слухачоў сталі адкрыццём такія кампазіцыі праекта, як “Царэўна-маці”, “Вулічка”, “Гандзюленька”, электронна-дыскатэчны варыянт “Кракавяка”. Відавочна, “PAWA” — больш сучасны працяг «TESTAMENTUM TERRAE», яго другое шоў-аблічча.

Гурт PAWA. Фота Анатоля Мяльгуя

Полечка беларуская пад рытмы PAWA. Фота Анатоля Мяльгуя

Увогуле тэма шоў з дудамі атрымала працяг і ў сэце гродненскага fantasy-folk-гурта IRDORATH. Сапраўды, у рэпертуары калектыва шмат сярэдневечных мелодый у асабістай інтэрпрэтацыі, аўтарскія кампазіцыі з дэбютнага альбома “Ad Astra” для дудэльзакаў, якія таксама былі распаўсюджаны ў Беларусі (паводле даследвання З. Сасноўскага). Увесь гэты музычны матэрыял суправажаўся пастаяннымі перформансамі, які надавалі музыцы і шоў IRDORATH экспрэсіі.

Да таго музыканты для разнастайнасці гучання выкарыстоўвалі электронныя клавішныя інструменты. А для вядзення складанага рытмічнага малюнка — дзве ударныя устаноўкі. Усё разам ставарала ўражанне прысутнасці на fantasy-вечарынцы. Гэта і спадабалася сталічным слухачам, якія грача віталі завяршаючае “Дударскі фэст-2013” выступленне музыкантаў з Гродна.

Слухача "Дударскага фэста". Фота Анатоля Мяльгуя

Магчыма, “Дударскі фэст-2013” не стаў асабліва багатым на адкрыццё новых напрамкаў ў нацыянальным дударскім руху, але пазнаёміў вялікую колькасць беларускай моладзі з цудоўным здабыткай нашай культуры – беларускай дудой, якая сваім выглядам і зыкам сведчыла пра еўрапейскія карані айчыннай культуры.

Каментаваць