Духоўны фэст у Мінску — вечнае і актуальнае

18 студзеня 2012 года ў Палацы мастацтваў адчыніўся Другі фэст духоўнага мастацтва — выстава жывапісу, графікі і скульптуры, арганізаваная Саюзам мастакоў і прысвечаная святу Божага нараджэння.

Яшчэ адна святочная экспазіцыя, непасрэдна калядная, хаця і са спазненнем, адчыніцца, як паведаміў намеснік старшыні СМ Сяргей Цімохаў, з некаторым спазненнем — праз тыдзень. Адкрыццю спадарожнічала інсталяцыя мастака Алеся Пушкіна, анансаваная напярэдадні ў інтэрнэце. Але спачатку пра саму тытульную падзею.



18 студзеня 2012 года ў Палацы мастацтваў адчыніўся Другі фэст духоўнага мастацтва — выстава жывапісу, графікі і скульптуры, арганізаваная Саюзам мастакоў і прысвечаная святу Божага нараджэння.

Яшчэ адна святочная экспазіцыя, непасрэдна калядная, хаця і са спазненнем, адчыніцца, як паведаміў намеснік старшыні СМ Сяргей Цімохаў, з некаторым спазненнем — праз тыдзень. Адкрыццю спадарожнічала інсталяцыя мастака Алеся Пушкіна, анансаваная напярэдадні ў інтэрнэце. Але спачатку пра саму тытульную падзею.

З часоў Першага фэсту прайшло 12 гадоў — куратар новай экспазіцыі, сябра суполкі “Пагоня Генадзь Драздоў стаяў ля вытокаў увасаблення ідэі адметнага паказу твораў мастацтва, аб’яднаных асаблівай духоўнай дамінантай, яшчэ ў 1999 годзе. Як зазначыў мастак, гэты праект значны не толькі таму, што эпоха глабалізацыі цягне за сабою дэгуманізацыю грамадства. На яго думку, праблемай з’яўляецца і тое, што паноўная ў Беларусі ўжо больш за 300 гадоў царква далёка не заўсёды павернутая тварам да сапраўдных праблем беларускага народа. Таму падзею арганізоўвалі пераважна асобы свецкія, а асвячаць адкрыццё экспазіцыі быў запрошаны святар іншай праваслаўнай царквы — Беларускай аўтакефальнай — айцец Леанід Акаловіч.

Гасцей вернісажу віталі духоўнымі спевамі і каляднымі сцэнамі, прадэманстраванымі майстрамі батлейкі.

Прадстаўленыя ў ніжняй зале Палаца некалькі дзясяткаў твораў нельга назваць непасрэдна звязанымі з рэлігійным мастацтвам, галоўнае ў іх — пошук і ўвасабленне маральна-этычных каштоўнасцяў у сугучнасці з хрысціянскай традыцыяй як асновай мастацкай рэфлексіі. Спектр адлюстраванняў тэмы — шырокі: ад біблейскіх сюжэтаў у каларыстычна яркіх палотнах Генадзя Драздова і копіі класічнага беларускага абраза Маці Божае Бялыніцкай Алеся Пушкіна, да краявідаў з помнікамі культавага дойлідства — у графіцы Яўгена Шатохіна і жывапісе Міколы Бушчыка. Нязвыкла і цікава выглядалі эксперыменты ў духу рэлігійнага народнага мастацтва — прасніца з выяваю Хрыста — Добрага пастыра Алеся Марачкіна і маляванка “Вяртанне з Егіпту Яўгена Шунейкі. А ў цэнтры залы прыцягвала ўвагу сілай увасобленага пачуцця скульптурная кампазіцыя Геніка Лойкі “Плашчаніца. Хрыстос. Дамінантамі выставы з’яўляліся таксама цудоўныя графічныя лісты Уладзіміра Вішнеўскага, Рыгора Сітніцы, Сяргея Цімохава, палотны Зоі Літвінавай, Гаўрыіла Вашчанкі, Алеся Цыркунова, Сяргея Рымашэўскага.

Уласна традыцыйны іканапіс прадставілі два творы мастацтва ХІХ стагоддзя, размешчаныя як эпіграф да вернісажу на белым шчыце з сімвалічным перакрыжаваннем чорнай паласы і тканых посцілак — абраз “Св.Мікалай (экспанаваны Алесем Марачкіным) і “Божая маці, прывезеная з Бабра Алесем Пушкіным. З’яўленню апошняй Алесь Пушкін, назваўшы твор “Аб’яўленне Маці Божай адзыскання загінуўшых і зніклых, меўся надаць асаблівы сэнс. Ікона трапіла ў рукі мастака незвычайным чынам: “Упадак духоўнасці нашага насельніцтва апошнім часам набывае пагрозлівыя, катастрафічныя маштабы, — паведаміў Пушкін у анатацыі да выстаўленага твора. — Надоечы прынеслі мне здэградаваныя, неаднаразова асуджаныя людзі, жыць сярод якіх, на сваёй малой радзіме, у мястэчку Бобр Крупскага раёна, я зрабіў свой выбар — абраз. Папрасіўшы суму грошай, эквівалентную пяці бутэлькам партвейну. І я ўбачыў у гэтай падзеі знак… Я прывёў абраз гэты ў належны стан — і вось Ён, перад Вамі!

Менавіта абраз Божай маці стаў цэнтрам анансаванай напярэдадні дзеі — інсталяцыі ў гонар зніклых альбо загадкава памерлых беларускіх палітыкаў — Алега Бябеніна, Змітра Завадскага, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі з прысвячэннем 60-годдзю Юрыя Захаранкі. Калі адгучалі вітальныя прамовы і госці вернісажу разышліся па зале, на белым шчыце побач з абразамі з’явіліся фатаграфіі тых, чыю памяць хацеў ушанаваць мастак. Прымацаваныя наведнікамі выставы, яны, аднак, заставаліся на месцы літаральна некалькі хвілін: дырэкцыя Палаца зняла фатаздымкі, запатрабаваўшы ад непасрэдных удзельнікаў інсталяцыі пакінуць памяшканне — “ніякай палітыкі!. Аднак Алесь Пушкін сваёй мэты дасягнуў: вярнуўшыся да месца падзеі з іншага канца залы, дзе ён знаходзіўся ў час мацавання інсталяцыі, ён прачытаў малебен у гонар Божай маці, апякункі тых, хто церпіць. “Я аднавіў абраз і вярнуў яго людзям на выставе — а народ сам творца сваёй эпохі, — рэзюмаваў мастак.

Выставу, зразумела, без “крамольных фатаздымкаў, можна ўбачыць па 29 студзеня.

Фота — Сяргея Гудзіліна (“Наша ніва) — добра, што ён паспеў зняць момант інсталяцыі

Каментаваць