Новыя выставы ў Галерэі “Універсітэт культуры”: Двое з дзясятка лепшых

Напрыканцы мінулага тыдня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, выставачнай палітыкай якой з’яўляецца прасоўванне маладых і адносна маладых творцаў (пажадана гадаванцаў Універсітэта) адбылося два вернісажы. Малавядомымі іх герояў назваць цяжка, аднак, можна сцвярджаць: іх кар’еры знаходзяцца ў пачатку, і пачатак у абодвух паспяховы.



12 лютага сваю калекцыю прац пад назваю “XL” прэзентаваў скульптар Сяргей Аганаў. Дарма шукаць у двух адведзеных аўтару залах галерэі працы вялікага, як можа падацца з назвы экспазіцыі, памеру: прадстаўлена малая станкавая скульптура, а абрэвіятура адносіцца да ўзросту мастака. Гэта рымская лічба 40, што адпавядае першаму “сурёзнаму” юбілею, які адзначае Сяргей Аганаў: веку для творчых прафесій яшчэ умоўна маладому, але дастатковаму для падсумавання першых кар’ерных вынікаў.

Скульптару пашанцавала зрабіцца шырока вядомым за кошт “эфекта Жбанава” — адна з яго работ выйшла на прасторы мінскіх плошчаў і з 2014 г. заняла пачэснае месца побач з Ратушай.

Сяргей Аганаў. Падарожжа

 

Гэта вядомы ўсім мінчукам “Войт”, фігура якога ўзвышаецца над планам старога Мінска. Адзначым, што гістарычная, як і міфалагічная, а праз яе звязаная з пошукам вобразных першаўзораў-архетыпаў, тэматыка для Аганава блізкая, што ўбачаць і наведвальнікі выставы. Больш за тое, увасабляючы яе пераважна ў станкавай пластыцы — добра прыдатнай для выставачных залаў, Аганаў абірае для яе адпаведную выразную форму. “Мае інспірацыі — раманска-гатычная скульптура, перакладаю яе на сучасную мову,” — кажа мастак, і яго словы выглядаюць ключом для разумення яго сённяшняга пластычнага стылю.

Другая экспазіцыя, якая адчынілася ў музеі 13 лютага, прадстаўляе незвычайныя творы мастацкага тэкстылю, вырабленыя выпускніцай, а сёння выкладчыцай Універсітэта Марыяй Барысенка. Своеасаблівасць экспанатаў выяўляецца ўжо ў музычнай назве калекцыі, — “BLUES”, хаця абазнаныя аматары сучаснага беларускага мастацкага працэсу адразу прыгадаюць два папярэднія праекты Марыі — “JAZZ” і “BEATLES forever!”, і не здзівяцца чарговай музычнай ноце ў яе творчасці. Па-другое, большасць экспанаваных работ можна аднесці да своеасаблівага тыпу “аб’ёмнага тэкстылю”.

Рознафактурныя, шматколерныя і цікава падсветленыя кампазіцыі на выставе зусім не 100-адсоткава прывязаныя да сцяны, як звычайныя габелены, і прастора, відавочна, абраная для іх як чарговае актыўнае вымярэнне. Гэты канцэптуальны крок нядаўна спрапагандавала на адпаведнай выставе “аб’ёмнага тэкстылю” (III Рэспубліканскім пленэры тэкстыльнай скульптуры “Снежнае лета” 28 ліпеня — 01 жніўня.2014 года) знаная мінская экспазіцыянерка Ларыса Фінкельштэйн, і як бачым, ініцыятыва знайшла працяг.

Марыя Барысенка

 Безумоўна, варта было прысутнічаць на адкрыцці экспазіцыі 13 лютага, дзе незвычайна шматлікую публіку вітаў блюзавымі кампазіцыямі гурт Юрыя Несцярэнкі “White Night Blues”, і, адпаведна, творы больш яскрава выяўлялі сябе ў музычнай атмасферы. Як знак застылай музыкі ў адну кампазіцыю (чарговы раз) Марыя ўключыла сапраўдны саксафон.

Дарэчы, каб пераканацца, што творчы стыль Марыі Барысенкі надзвычай шырокі, і дапускае густоўнае і дарэчнае выкарыстанне прыёмаў традыцыйнага народнага ткацтва, варта завітаць на Някрасава, 3, дзе ў Цэнтры сучаснага мастацтва сёння яшчэ працягваецца выстава “7 + 2” — сямі мастачак ткацтва і двух аўтараў-керамістаў. Адна з удзельніц, як вы здагадаліся, Марыя Барысенка, экспануе там зусім адрозныя эстэтычна, але не менш цікавыя творы.

Матывуючы наведаць галерэю “Універсітэт культуры” на Кастрычніцкай пл., 1 перад 21 сакавіка — днём заканчэння выстаў, нагадаем чытачам, што Марыя Барысенка і Сяргей Аганаў ужо здабылі высокую — народную — ацэнку іх творчасці.

Марыя Барысенка . Сэрца кантрабаса (з серыі “JAZZ”)

У 2014 годзе, цягам дэманстрацыі прывязанай да правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску вялізнай выставы “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”, дзе дэманстраваліся сотні работ лепшых сучасных майстроў, Марыя і Сяргей трапілі ў спіс 10 лепшых — па выніках грамадскага апытання. Можа, не будзе залішнім нагадаць гэты спіс: Аляксандр Некрашэвіч, Канстанцін Селіханаў, Канстанцін Вашчанка, Таццяна Гомза, Марыя Барасенка, Сяргей Сотнікаў, Павел Вайніцкі, Кацярына Сумарава, Андрэй Шчукін і Сяргей Аганаў.

Запрашаем да больш дэталёвага знаёмства з творчасцю двух з 10 “абраных” на Кастрычніцкую пл., 1 (Палац Рэспублікі).

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-02-18 14:23:40
Нешта, паблыталі дасланыя мной здымкі. Ясна, што з подпісам "Сяргей Аганаў. Падарожжа" мусіла быць скульптура Аганава, а не фота дэрэктара галерэі Наталлі Барсуковай з мастаком
Васілём Пешкуном на фоне габелена Барысенкі. Астатнія здымкі называліся "У залах выставы". Адсутнічаюць яшчэ кампазіцыя Барысенкі з серыі JAZZ і яе партрэтная фотка. Спадзяюся,
выправяць, я ўжо напісаў у рэдакцыю. Выбачайце - звычайная накладка.
  • Аляксей хадыка
  • 2015-02-18 14:39:11
Дзякуй рэдакцыі за аператыўнасць!

Каментаваць