Дзе далячынь нагадвае мора

Рым, Вечны горад, калыска вечнасці. Пазачассе, спрасаванае са згадак  летапісцаў, што даўмеліся ўчасна давесці іх свету дзеля сцвярджэння самасці — сваёй, свайго народа, сваіх нашчадкаў.



Дзень у Рыме

Дзень у Рыме — стаерская дыстанцыя даўжынёю ў музейную ходку, духоўны стыпль-чэз з навязліваю асцярогаю кудысьці не паспець, штосьці не ўгледзець, да нечага не датыкнуцца.

Вандроўка з відарысам паўз паранджу стэрэатыпаў, што, як ні намагайся, — не жадаюць саступіць яве ў растузаных усё новымі і новымі ўражаннямі глуздах. Каларытны нацюрморт з дэкорам з ватыканскіх станцаў Рафаэля, незлічоных копій скульптурных выяваў, золата базілік — усяго, што, безумоўна, ускалыхне душу, але сярэдначы табе, стомленаму дзённаю гарачынёй і мільгаценнем уваччу, занадта прыўкраснае, занадта каларытнае, — наўрад сасніцца.

Нават з-пад купала сабора святога Пятра, з больш як стотрыццацімятровае вышыні, Рым  так сабе, без дай прычыны не адкрыецца. Грудаю ружаватых муроў Форуму ды няяснымі абрысамі тэрмаў Каракалы ці Калізея ўдалечыні пацешыць вока хвіліну-другую і замкнецца зноў у сабе, унурыўшыся ў покрыва са смугі і старых, як свет, як наросты цвілі на магутных калонах-дазорцах, што абкружаюць плошчу пры саборы, міфаў. Міфаў, сюжэты якіх дарэмна ты будзеш імкнуцца ажывіць у памяці з дапамогаю выпадковага суразмоўцы: міфы ў пранізаным імі дарэшты месцы — не лепшая тэма для размовы.

Рым, Вечны горад, калыска вечнасці. Пазачассе, спрасаванае са згадак  летапісцаў, што даўмеліся ўчасна давесці іх свету дзеля сцвярджэння самасці — сваёй, свайго народа, сваіх нашчадкаў.

Горад-міф, дзе ўсё, што ні сталася вартым увагі наступнікаў, — даніна павагі хрысціянскай традыцыі і толькі потым ужо — жыццяпіс эпохі і шляху асобнага, хай сабе і найвыбітнага, чалавека. Дзе і магіла знакамітага творцы пад нагамі — частка яго, міфу, а для некага тым часам — і нагода датыкнуцца да вечнага, а то і, глядзіш, — чаго не здараецца на свеце! — здабыць шчаслівы квіток да чыннага ўдзелу ў ім.

Горад-прынада — для прагных да славы, што не ведаюць супакою ў вярэдлівым памкненні пакінуць хоць што па сабе, хоць якою зарубкаю, хоць шнарам на носе П’еты адзначыцца на скрыжалях пакручастай яго, спярэшчанай узлётамі і падзеннямі, гісторыі. 

Горад-мроя — для тых, хто з усіх ведамых чалавечай істоце фобіяў ды страхаў найбольш падуладны адной — фобіі небыцця, страху смерці, хто і ў хвіліну скону не перастае песціць  надзею на жыццё вечнае.

Горад-старэча, чый узрост нястомна падкрэсліваюць старажытныя надпісы на не менш старажытных арках — сведчанні велічы ды славалюбства служкаў люду і веры, узор эгаістычнай дальнабачнасці для валадароў усіх часоў і народаў.

Горад-музей тысячы і адной, патрэбных і не надта, выкшталцоных і не вельмі, рэчаў.

Горад-Эльдарада — для кішэннае справы адмыслоўцаў, злодзеяў дробнага і рознага іншага фармату. 

Горад-хамелеон, увасабленне сімбіёзу высакародства паставы — і жулікаватасці жэстаў, пампезнасці Алтара Радзімы  — і красамоўнай сціпласці Мамерцінскай вязніцы, вусцішнай змрочнасці замка Святога Анёла — і боскасці крылаў белых паставаў на аднайменным мосце перад ім, шматгалосся ўзнёслай малітвы пры галоўнай святыні — і немай роспачы Кабірыі ў забытым Богам завулку, нялюбасці адрынутага памяццю ўласнае гадоўлі валадара, Нерона, — і прынятага дзеля вечнага супачыну героя чужога, суайчынніка твайго, Язафата. 

Горад-кравец, адмысловец духоўнае апраткі сучаснікаў у іх адвечным жаданні калі не ўзняцца вышэй за продкаў, дык хоць — стаць тоеснымі, адпавядаць крытэрыям дыхтоўнага зрэбнага куцюру апошніх.

Горад-фірмовы знак плебейскай сутнасці неарэалізму, выпхнутага эстэтамі ў купку люду ля дармовага латка пры краме гандляра-філантропа.

Горад злагоднага перазову дзённага пурытанства, узмоцненага блізкасцю дома Бога, і вакхічнае бессаромнасці прыцемку паблізу знакамітага на ўвесь свет фантана-сутэнёра.

Горад-выспа памяці ў акіяне бяспамяцтва.

Прастора Рыма — квадратура над- і падзямелля, перапляценне вуліц і катакомбаў, двуадзінства аджылага і жывога. Дрэва-аўтахтон з каранём-рэліктам, сімвал адвечнае перавагі зместу над формай.

Рух на вуліцах Рыма — барометр тэмпераменту, не сапсаванага празмерным дбаннем нашчадкаў імперыі пра імідж сённяшні.

Голас Рыма — нізкі шэпт пажылой (не без слядоў колішняй прыгажосці, вядома) гараджанкі, крыху сіпаты, крыху грубы — водгулле велічы прамінулай, цяжар клопату заўтрашняга.

Сімвалы Рыма — няўлоўнасць водару, прыглушанага пахам ладану, няпэўнасць колеру дыванка, звешанага з вакна сабора ў гадзіну звароту чарговага наступніка апостала Пятра да шматтысячнага натоўпу пілігрымаў.

Такі ён, Рым, горад, якому хвіліны даволі, каб назаўжды паланіць тваю памяць.

Такі ён, дзень у горадзе, куды вядуць усе дарогі і толькі адна, незалежна ад размяшчэння зорак на небе і твайго жадання, заўсёды — з.

Горад-прывід з каменю і попелу

Трапіць у Італію і не ўбачыць Пампеяў — тое самае, што не спаткацца ў Вечным горадзе з папам. Ні першае, ні другое нашай прытомленай лекцыямі групе, на шчасце, не пагражала. Больш за тое, так сталася, што з ласкі нашых апекуноў абедзве падзеі мелі адбыцца ў адзін дзень, з невялікім перапынкам. Ажно занадта, ды хто зазірае ў зубы доранаму каню? 

Гэтая досвітная хвіліна пачатку вандроўкі да нязведанага! Яшчэ драбнаваты вясковы спадкаемца насельнікаў колішняй імперыі ледзь даў рады раскласці свой адмысловы сялянскі тавар у намёце збоч уваходу на тэрыторыю нашага часовага жытла і магнолія пры вокнах страўні не паспела як след атрэсці кроплі ранішняе імжы, як мы, абцяжараныя пакункамі «сухога» харчу ды тэчкамі з «горшым» (пампейская лава занадта ўедлівая, папярэдзіў гід) абуткам, паспяхова ўнікнуўшы агромністых шышак паўднёвае хвоі, што раз-пораз падаюць з дрэваў на пляц пры Доме Яна Паўла II, вырушаем аўтобусам у няблізкі шлях.

Італьянская дарога — момант спраўджвання ісцінаў з падручніка прадаўняе гісторыі.

Белавата-шэрым прывідам  эпохі брутальнае распусты вымкнецца з хмызу пры шашы і схаваецца зноў у яго чэпкіх абдоймах выкінуты ўзлаванымі месцічамі за межы горада саркафаг нядобрай памяці Нерона.

Пляцоўка з шыхтамі элеганцкіх падробак — скульптурных выяваў рымлянаў часоў росквіту антыкі — мільгне прад вачмі і асядзе глыбока ў глуздах пацвярджэннем растыражаванага з лёгкае рукі спадара Раселіні міту аб адкрытасці вечнага горада.

Апіеў бальшак, па якім увайшоў у Рым апостал Пётр, — узрушыць і пакіне ў разгубленасці ад здагадкі, што ўсё гэтак блізка, амаль побач, у выяўным суседстве.

Утульныя, больш падобныя да казачных гарадкі ды мястэчкі выплывуць насустрач аўтобусу  з просіні надгор’я і растаюць па-за часам, ускалыхнуўшы  душу вярэдліва-пакутлівым пачуццём (даруй, Божа!) зайздрасці.

Чысцюткія штучныя ставы ды басейны, падманлівае ўвасабленне экалагічнага раю, пацешаць вока хвіліну-другую і, нібыта не жадаючы браць удзел у бессаромным ашуканстве, саступяць месца за акном брудна-жоўтым стужкам рэчак і раўчукоў.

Адметная рыса ранішняга апенінскага відарысу — бязлюддзе на тле ўпарадкаваных, неверагодна акуратных (і калі паспяваюць людзі ўрабляць?) палеткаў.

Чародка козаў пасярод неапалітанскага краявіду — яскравы напамін, адкуль яно ўсё.

Завеса марыва над затокаю, такога густога, што, колькі ні ўзірайся, так і не ўгледзіш услаўленага безліччу пёраў ды пэндзляў зваблівага аквамарыну.

Бясконцы, як размовы беларусаў пра лёс роднае мовы, Геркуланум з выглядам на Везувій — сімвал заўсёднае рызыкі і наканаванасці.

Урэшце яны, Пампеі, горад-прывід з каменю, лавы і сонца, горад-напамін, што ўсё на свеце — апошні раз.

Шлях ад Марское брамы да ўскраіннай забудовы Пампеяў — прагулянка ў вечнасць працягласцю ў тры-чатыры гадзіны. Водаправодчык-вынаходнік, архітэктар, пекар ці проста аматар карцінак фрывольнага зместу — кожны знойдзе сярод руінаў сваё, тое, што абраў за прыярытэт на шляху ў вечнасць.

У Пампеях вечнасць, між іншым, — рэч цалкам датыкальная. Мазаікі і фрэскі, узрост якіх сягае пад амаль два дзясяткі стагоддзяў, мармуровыя балеі, што помняць цяпло сцегнякоў і спінаў старажытных аматараў камфортнага купання, белыя каменьчыкі ў бруку, што свяцілі па начах не аднаму пакаленню палкіх мясцовых донжуанаў падчас шпацыру да ложка каханкі, малюнкі з выявамі сабак перад уваходам у жытло, ахайна абчасаныя плескачы пасярод вулкі — праезд забаронены! — усё можна пакратаць, памацаць, агледзець з усіх бакоў.

І — лава, лава, лава... Яе так шмат усюды, што яна яшчэ доўга па вандроўцы будзе нагадваць пра сябе шараватым налётам на чаравіках. Попел, пасланы Богам (існуе і такая версія)  жыхарам дваццацітысячнага горада дзеля пакарання за легкадумнасць і парушэнне Яго запаветаў.

Трынаццаць злепкаў целаў патрыцыяў і іх рабоў, атрыманых у выніку маніпуляцый рэстаўратараў з гіпсам і пустотамі, што ўтварыліся з цягам часу ў лаве на месцы тых целаў праз стагоддзі пасля таго, як яна накрыла Пампеі, — дакладная ілюстрацыя  катастрофы  лета 79 г. н. э. і адначасна — напамін аб хуткаплыннасці жыцця і нікчэмнасці таго, што мянуецца грамадскім ці якім іншым статусам чалавека.

Пампеі — мудры дарадца, што дапамагае кожнаму, хто меў шчасце  дакрануцца да яго жудаснай мінуўшчыны, хоць на нейкае імгненне пазбыцца ўсяго таго дробязнага і неістотнага, што перашкаджае жыць.

Пампеі ўзрушаюць і — узвышаюць. Гнятуць і разам з тым — ачышчаюць, высвечваючы сапраўдны, а не ўяўны кошт слова, рэчы, учынку.

Пампеі — узор паважлівага стаўлення люду паспалітага і яго правадыроў да ўласнае этнакультурнае спадчыны. Схаваны ад вока чалавечага цягам больш як паўтары тысячы гадоў пад покрывам смерці тоўшчаю пяць-шэсць метраў, рэстаўраваны, наколькі гэта было магчыма, горад стаўся не толькі ілюстрацыяй прыроднага катаклізму (каго сёння ім здзівіш?), але і сведчаннем  памкнення народа да захавання сваёй гістарычнай памяці.

Зрэшты, Пампеі — гэта не толькі руіны старажытных муроў. Ледзь пакінуўшы царства смерці, акурат трапіш у горад сучасны, што раскінуўся побач, — ажыўлены, шматлюдны, заняты сваімі штодзённымі клопатамі, адзін з адметных цэнтраў рэлігійнага жыцця Італіі.

Як Рым — горад вечны, так Пампеі — горад вольны. Вольны перадусім праз наяўнасць невымернае трагедыі — чынніка самадастатковасці, праз адсутнасць неабходнасці дбання аб дні заўтрашнім — складніка волі найвышэйшай, даступнай адно жабракам ды бадзяжным паэтам.

Горад-абярэг, што, вандруючы ў аднойчы прыручаным часе, засмучаны тваім духоўным занядбаннем і празмернаю прыхільнасцю да зямных спакусаў, не-не ды і сыпне ў вочы дзеля напаміну пра існае жменю ўедлівага везувійскага попелу…

Каментаваць