Dzieciuki & Міхась Чарот: Пабудзіць балота гучным шумам (+аўдыё)

Гурт Dzieciuki запісаў для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песню на верш Міхася Чарота «Бунтар».


Міхась Чарот – той самы аўтар «Купалінкі», якая доўгі час лічылася народнай. Настаўнік паводле адукацыі, актор трупы Галубка, артыст хору Тэраўскага, удзельнік антыпольскага падполля і арганізатар паўстанцкіх атрадаў падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі. Ён быў адным са стваральнікаў «Маладняка» і ўладальнікам самага першага пасведчання аб’яднання. Менавіта па ягонай аповесці «Свінапас» быў зняты фільм «Лясная быль», які прэтэндуе на званне першай беларускай стужкі. Свой апошні верш «Прысяга» ён выдрапаў у камеры «амерыканкі» перад расстрэлам у 1937-м… Падрабязней пра гэтую надзвычай цікавую асобу распавядзе даследчыца Ганна Севярынец у межах адкрытай лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 20 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў».

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Верш «Бунтар» – безумоўна ёсць візітоўкаю Чарота. Радкі «Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар//Я балота буджу гучным шумам» выдатна падышлі пад эстэтыку гарадзенскай фольк-панкавай фармацыі Dzieciuki. Музыкі з вялікім інтарэсам паставіліся да праекту. «Як тут не лічыць праект важным, калі цэлы пласт інтэлігенцыі закапалі ў зямлю? – кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. –  Пра гэта трэба казаць. І спяваць. Усё што засталося ад паэтаў – іх творы. Шмат што было знішчана, але і шмат засталося. Выдатны праект, бо дае магчымасць загінуўшым паэтам звярнуцца да нашчадкаў»...

Музыкі сыходзілі з таго, што такі бунтарскі верш-крык чалавека неабыякавага, якому баліць, мусіць быць вырашаны ў адпаведным баявым настроі. Таму атрымалася мажорная песня, якую напісаў гітарыст каманды Андрэй Пудзін, а канчатковую аранжыроўку зрабілі ўсе разам. «Не магу сказаць, што лёгка працавалася. Штосьці зьмянялі, нейкія кавалкі выкідалі, затое, запісаліся даволі хутка», – кажа Алесь.

Dzieciuki плануюць выконваць «Бунтара» на сваіх канцэртах.

Dzieciuki – Бунтар (музыка гурту, словы Міхася Чарота).  

TuzinFM

Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.

Я балота буджу гучным шумам.

У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,

Але змоўкнуць ня дам сваім струнам.

Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну –

Славу, будучнасьць я ім прарочу...

Я, мяцежны бунтар, клічу жыцьця вясну,

Клічу к працы свабоднай і творчай.

Як ня счуюць мяне, я мацней загуду,

Дам гучнейшы акорд песьні новай...

А каб змыць зь зямлі бруд, скалыхну я ваду,

Што дажджом налілася сьвінцовым.

Чаму ж вы, песьняры, што будзілі людзей,

Чуць ня хочаце песьні чарота?

Нашы песьні – наш кліч, бо адных мы грудзей,

Край адзін наш – то наша балота.

Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,

Шапаці, сьпелы колас, у полі...

А я песьню сваю буду пець – я бунтар!

Буду клікаць народ свой да Волі.

(1922)


Каментаваць