Дзень ВышыМайкі. Вялікі фотарэпартаж

У мінскім клубе  «Loft» культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» 18 сакавіка зладзіла першы фестываль «ArtSiadziba Forum альбо Дзень ВышыМайкі».



Мерапрыемства склалася з 2 частак. Афіцыйная дзённая частка, прысвечаная беларускамоўнаму бізнесу, рэкламе і іх уплыву ў рэалізацыі сумесных нацыянальна арыентаваных праектаў у Беларусі. Другая  падзея больш нефармальная — забаўляльная музычная праграма з конкурсамі і гульнямі. Туды і трапіў карэспандэнт «Новага Часу».

«Дзень ВышыМайкі» распачаўся прыкладна а 19 гадзіне выступам першага калектыву «Кавер-бэнду Арт Сядзібы» з салістам Пятром Клюевым. Хлопцы перапелі «ляпісаўскія» і «НРМаўскія» хіты. Дайшло і да песняроўскай «Касіў Ясь канюшыну».  

Уваход быў умоўна вольным: 100 тысяч за квіток, але на мерапрыемства пускалі задарма, калі была вопратка з нацыянальнай сімволікай або арнаментам.

Паміж выступамі гуртоў праводзіліся конкурсы. У адным з іх патрабавалася прачытаць рэп на вершы беларускіх класікаў. Відовішча даволі забаўнае.

Пятро Клюеў змяніў Пятра Клюева на сцэне ўжо са сваім гуртом «Амплітуда смеласці». У рэпертуар калектыву ўваходзяць песні на вершы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна.

У другім конкурсе ад удзельнікаў патрабавалася правільна ўжываць адносна рэдкія беларускія словы. Але некаторыя нават не ведалі, што такое "ровар", "летуценнік" і як правільна ўжываць слова "вуліца".

Трэці гурт сустрэлі вялікімі авацыямі. Саліст «Čas Łajna» распачаў выступ з крычалкі «Хто не скачыць, той маскаль!» і ўвесь танцпляц рынуў у пляс. Гурт можна назваць кавер-бэндам, але ў хлопцаў ёсць і  свае песні, частка з якіх пераробленыя на аўтарскі лад.

За маладым гуртом чацвёртымі выйшлі на сцэну «Amaroka». Панкі ўжо паўгады не выступалі на вялікай сцэне. Але сёлета іх высуп сабраў шмат прыхільнікаў і танцпяц нават прасіў музыкаў выйсці на біс.

Заканчвалі рок-праграму гурт «Martin S.». Гурт у мінулым годзе прэзентаваў свой другі альбом. Пад электронную праграму ўжо апоўначы большасць наведвальнікаў пакінула «Loft». Свята працягнулася адмысловым электронным сэтам Вінсэнта, які ўпершыню выступіў у ролі дыджэя.

Каментаваць