Дзікае паляванне Савіцкага працягваецца...

Учора, 19 сакавіка, у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача адбыўся грамадскі прагляд спектакля Уладзіміра Савіцкага "Дзікае паляванне караля Стаха". Прэм'ера запланаваная на 27 сакавіка, на Дзень Тэатра.



Роўна 10 год таму рэжысёр ужо звяртаўся да гэтага твора, калі ставіў яго на Малой сцэне Купалаўскага тэатра.
 
 
Новае творчае пераасэнсаванне класічнага твора Караткевіча ўражвае сваёй экспрэсіяністычнасцю. Прытым здзіўляе ў першую чаргу сцэнаграфічна. Выдатны (на жаль, нябожчык) мастак Віктар Цімафееў стварыў арыгінальную дэкарацыю: драўляны памост у якім дошкі ажываюць, падымаюцца, з іх шчылін з'яўляюцца рукі, галовы, узнікаюць шэрыя, пацукападобныя постаці. Гэта — дом Надзеі Яноўскай. Шляхецкі дом, які амаль цалкам згніў, разваліўся. Засталася толькі гэтая страшная падлога, пад якой і жывуць дзіўныя постаці: здэградаваная шляхта, якая і ператвараецца ў Дзікае паляванне.
 
 
Першая дзея ўвогуле дзіўляе віртуознай дакладнасцю рытмаў, пластыкі, рухаў, што з'яўляецца рэдкасцю для нашай сцэны і для Тэатра юнага гледача асабліва. Вось узнікаюць з-пад дошак рукі і адбіваюць страшны рытм, і ў гэтым рытме ўгадваецца пошчак капытоў д'ябальскіх дрыкгантаў, вось Ахмістрыня (геніяльная роля Ганны Казловай!) выплывае з цэнтральнай шчыліны памоста і разлівае віно Беларэцкаму (Аляксандр Гладкі) і Яноўскай (незвычайная Марта Шантар), а вось Берман Гацэвіч (дзівосны Андрэй Каралевіч), як сапраўдны пацук, крадзецца за Яноўскай і гатовы схапіць яе... За такую выключную пластыку трэба дзякаваць Яўгеніі Кульбачнай, аўтаркцы пластычнага вырашэння.
 
 
Перад намі праходзіць любімы матыў Уладзіміра Савіцкага: цёмныя, атрутныя, бы чума, сілы ахапілі наш край і выпіваюць з яго ўсю кроў, робяць яго хворым і змарнелым. Дзікае паляванне — як сімвал шатанскай чумы. І гэта ўражвае. 
 
 
На вялікі жаль, другі акт (хоць у ім шмат крычалі, лавілі і знішчылі Дзікае паляванне) не так уражвае. Такое адчуванне, што рэжысёр усю сваю энергію і творчую фантазію здолеў выявіць толькі ў першай частцы, а на другую проста не хапіла сілаў. За выключэннем шыкоўна пастаўленых і сыграных сцэн з удзелам Ганны Казловай і Андрэя Каралевіча — астатняе патанае ў тлуме агульнай невыразнасці і адчуванні паспешнасці. Не вельмі зразумела, як гэтае паляванне было знішчана. Беларэцкі глядзеўся вельмі пасіўна (спачуваем Аляксандру Гладкаму, якому было нялёгка цалкам выявіць свой талент у такой роўнай ролі). 
 
 
Тым не меней, спектакль варты ўвагі. Створана па-сапраўднаму таленавітая рэжысёрская хорар-гісторыя (што цалкам адпавядае Караткевічу) з выключнай працай мастака, дзе кожны рух і кожны жэст (асабліва ў першай дзеі) пластычна выразныя. 
 
 
Будзем спадзявацца, што ўжо пад час прэм'ерных паказаў (27 і 29 сакавіка), удасканаленая пастаноўка "Дзікае паляванне караля Стаха" здзівіць і ўразіць нас па-новаму.
 

Каментаваць