Невядомы дзённік: Не знікне ўсё, чым жыў чалавек

Чаму пачынаю зноў пісаць дзённік — не ведаю. Я яго сто разоў пачынаў і кідаў. Кіну і на гэты раз, калі адчую, што галоўная мэта — пісаць праўду аб іншых і аб сабе — не выканана.



Летам у рэдакцыю часопіса «Дзеяслоў» звярнулася пляменніца Уладзіміра Караткевіча Алена Сінькевіч. Яна прапанавала для публікацыі дзённік свайго знакамітага родзіча, датаваны 1965–1966 гадамі. Спадарыня Алена падрыхтавала яго да друку і напісала каментарыі. Дзённік уяўляе сабой бухгалтарскі «гросбух» вялікага фармату, старонкі якога з абодвух бакоў запоўнены круглым чытэльным почыркам Караткевіча. У час напісання дзённіка аўтар працаваў над раманам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і аповесцю «Чазенія».

Прапануем фрагменты той публікацыі.

28 чэрвеня

Чаму пачынаю зноў пісаць дзённік — не ведаю. Я яго сто разоў пачынаў і кідаў. Кіну і на гэты раз, калі адчую, што галоўная мэта — пісаць праўду аб іншых і аб сабе — не выканана. А прамым штуршком гэтага пачыну, здаецца, ёсць тое, што жыццё і час плывуць між пальцаў, і не затрымаць, не вярнуць іх. Нельга ўскладаць на перагружаную памяць яшчэ і той цяжар, каб помніць, дзе што было і калі. І, у той жа час, страшна ад думкі, што мінаюць тысячы дзён, спраў, падзей, і забываюцца ў нетрах мозгу, і нічым іх не адновіш пасля: нібы і не жыў, не думаў. Нібы не чалавек, а малпа… Магчыма, ёсць рацыя ў тым сцверджанні, што зямля — палігон для гіганцкага вопыту, ра́сы — тое, што і расліны з мечанымі атамамі, кожны чалавек — мікракосм, які так ці іначай адказвае на спрадвечнае пытанне вялікага ўсесусветнага Розуму. І з бясконцых мільярдаў адка́заў урэшце вырасце адзін, адзіна верны Адказ…

Не знікне ўсё, чым жыў чалавек (і гэта суцяшае), усё прыдасца, — і ў гэтым сэнсе Купала, Багдановіч, Дантэ — не маюць перавагі над кожным сярэднім чалавекам, а роля пісьменніка толькі, так бы мовіць, унутрызямная: ён дапамагае кожнаму члену сям’і чалавечай лепей думаць, узбагачае людзей і, такім чынам, робіць іх больш вартымі для Адказу…

Калі акумулятар не той, галоўны, Адказ, а проста наша зямная культура, якая сальецца з іншымі непасрэдна пры сустрэчы з жыхарамі іншых светаў — тады нішто не павінна знікаць, нават бабуліна прыказка «задумаўся, як сабака ў чоўне» (так і ўяўляеш брыластага мардача, якога нясе плынню ў чоўне, а ён думае сабачымі сваімі думкамі: «А што ж рабіць?»).

Тады ўсё самацвет, усё каштоўнасць. Тады патрэбен і гэты дзённік, як дзённік кожнага чалавека. А паколькі мы не ведаем, як яно там, то лепей па-мужыцку засцерагчыся…

Вось неяк і стаміўся пісаць. Ці выстачыць цярпення запісваць кожны дзень хаця б па радку?

У Рагачове, пэўна, хопіць. Тут добра думаецца. За адну ноч і палову дня я тут надумаўся больш, чым за тыдзень у Мінску, ды й адчуваю сябе лепей, чым усюдых. Людзям трэба жыць у вёсках і невялічкіх гарадках большую частку года. Толькі там яны — людзі. Хацелася б, хоць калі-небудзь, пабудаваць сабе хаціну на хутары Крыцкага, жыць там, пісаць, заўсёды мець чыстае сумленне, ні на хвіліну не адрывацца ад зямлі і ў яе ж калісьці легчы.

Шкада — ніколі, пэўна, гэтага не будзе. І з-за грошай, і праз іншыя прычыны. Чорны таксама ўсё жыццё марыў пра свае Цімкавічы, увесь час складаў з дачкою планы будучага дома, а памёр у каменных джунглях, змучаны безграшовасцю, крытыкамі, уціскам цэнзуры, знявечаны фізічна трыццаць сёмым годам — хай гэтаму году і тым, хто рабілі гэты здзек з сапраўдных, — вечная ганьба і (на зямлі яшчэ) помста.

29 чэрвеня. Аўторак

Другі дзень у Рагачове. Прыехаў пазаўчора ўвечары аўтобусам — нашы ўжо леглі спаць. Усталі. Узялі з дзядзькам па чарцы, а пасля лёг і я. Раніцай прывёў усё ў парадак. І вось зноў круглы стол, за акном вінаград (лета такое позняе, што ён яшчэ не цвіў), на стале белая папера (раніцай схадзіў у горад, купіў яе, «Герояў 1863» і яшчэ сёе-тое), попельніца-певень, рукапіс «Хрыста» і Біблія. Можна працаваць. Але ў той дзень узяў вуды і пайшоў да двох тычак. Крапаў вельмі рэдкі дождж, цвілі паплавы. Там, дзе вясною даўжэй стаяла вада, быў цэлы разліў кветак, старых знаёмых, з якіх я дзевяць дзясятых ведаю па імёнах і дзе яны любяць жыць. Беражанкі лёталі над сталёвай вадой, і заўсёды, здаецца, папарна, бо ў кожнай адбітак і таму ўражанне такое, што іх удвая больш. Рыба, як казаў адзін добры знаўца беларускай мовы, «не дзяўбла». Вярнуўся ў прысмерку.

Сёння з раніцы трохі скарачаў «Хрыста». Нешта не працуецца. І дарэмна, бо гэта трэба зрабіць за тыдзень, а пасля сесці за аповесць, дабіць і яе…

Сёння чуў ад простага чалавека два тлумачэнні ў духу «тут нам истопник и открыл глаза». Першае — што атамную бомбу кінулі ў якасці помсты за Пёрл-Харбар. Другое — што вугаль і нафта — сляды мінулай атамнай вайны. Вугаль — ад дрэў, што загінулі, нафта — ад усяго жывога. Вунь як глыбока пранікла гэтае страхоцце і жах ягоны.

А тут — півоні. І ў кепскае не верыцца. Не можа яго быць, калі ёсць кветкі і прага жыцця.

30 чэрвеня. Серада

Устаў у сем гадзін, і вось ужо палова восьмай вечара, а яшчэ нічога не рабіў. Мала таго, амаль ні аб чым не думаў. Цэлы дзень забіў на скарачэнне сцэнарнага «Хрыста». Работа марудная, уцягнуцца ў яе катаржна цяжка…

І вось хутка вечар. Сонца ў вінаградніку. Вельмі ціха. Трубіць недзе на рацэ буксір. Хутчэй бы скончыць з гэтым сцэнарыем, дабіць аповесць і радыёп’есу па «Ладдзі», а пасля без спеху ўзяцца за складанне зборніка «Лірыкі» і «Каласоў».

Пэўна, ніколі гэтага не будзе, так заняты. А кінуць заняткі не магу. Хачу быць вольным ад усіх абавязкаў.

1 ліпеня. Чацвер

У аднастайнасці жыцця ёсць нешта чароўнае. Сёння, як учора і як заўтра. І добра жыць, і хочацца працаваць. Зрабіў яшчэ сорак старонак «Хрыста». Увогуле пасля скарачэння з васьмідзесяці засталося сорак дзевяць. Усё яшчэ многа, але абразаць да канца не буду — я таксама біты, пакіну нешта і на трэці варыянт. Скончыўшы ўсё гэта, пайшоў з Сержам на Рыжковіцу лавіць верхаводак і забіў на гэты малашаноўны занятак цэлы вечар. А я пляваў. Вудзяцца яны весела, на зубах хрумсцяць добра (фосфар для мозгу, хаця, калі ўлічваць мой мазгавы стан за апошні год — мне трэба знішчаць за дзень трох акул), і тут таксама ёсць свае сюрпрызы. Сёння, напрыклад, нечакана для самога сябе, спаймаў чахонь у паўтары мае далоні.

Пасля вячэры на хвіліну выйшаў у сад. Цёмныя дрэвы. Драбнюткі дожджык сее мак.

І вось сяджу і запісваю. Ноч. На вінаград, які цягнецца ў неба, кладзецца адбітак з вакна. І калоціцца ў шкло вялізная шэрая мятлушка, чыясьці душа. Хто б гэта прыляцеў па мяне і да мяне? Можа, хххх[закрэслена]? Лухта! Нягледзячы на яе мінулы ліст, такі самы няшчыры, як і ўсе яны, як яна сама, я не хачу ведаць яе, помніць яе, наведваць яе. Усё мінула. Нічога ад яе не хачу. Быў час: было з кім спаць — не было з кім прачынацца. А цяпер і гэтага няма. Жыццё зноў набыло вышэйшую, спакойную сваю каштоўнасць. Ёсць і сябры, і жанчыны-сябры.

І з гэтымі словамі паставім на мінулым крыж. Не магільны, а той, што на раздарожжы, той, з якога пачынаецца новы шлях.

У які ўжо раз.

3 ліпеня. Субота

Вось і прапусціў дзень, хаця і каяўся, што «не буду». А ўрэшце, ці першы раз я кажу сам сабе (не іншым — тут я з дзяцінства нязломны і «невыхавальны») гэтае «не буду»? І ці ў апошні?

Тут, урэшце, ёсць апраўданне. Занадта аднолькавыя дні. Толькі што ўчора я прайшоўся па другой палове «Хрыста», нічога не клеючы, а сёння прайшоўся яшчэ два разы, скараціўшы гэтыя 80 старонак на 29. Такім чынам, засталося ў мяне 102 старонкі пры норме 90-100. Заўтра пастараюся дабіць да 95-ці і адаслаць, напісаўшы, што можна выкінуць яшчэ. Учора таксама зрабіў замах «на маленькіх», на верхаводку. Спаймаў шмат, а дасядзеў да таго часу, калі плавок зліваецца з апошнімі адбіткамі дня.

Затое сёння пад канец дня быў царскі пір. Былі ў Гансоўскіх, запрашалі іх на дзень нараджэння Галі . Урсік Альмавіч — дзіва. Масцю — спаніель, складам — хорт, жвавасцю — артуць + Робін Гуд + старызнік (бо вечна цягае старыя анучы, боты і панчохі). Адтуль пайшлі да Клятэцкіх. Пёс, які сігае цераз трохметровы плот, і яшчэ Інга, англійскі сэтар са шчанюкамі. Калі бачыць, што на яе не звяртаюць увагі, — кранае маленькай лапкай.

Дамовіліся наконт зімняй ваўчынай аблогі і наконт ліцэнзіі на лася (паспрабаваць раз у жыцці трэба).

Гаспадар — стары (два-тры гады) знаёмы. «Паляк» (гаворыць толькі па-беларуску), з хітрым зрокам гарэхавых цыганскіх вачэй, з густымі вусамі (мне б да маёй паўсотні валасін дзясятая частка ягоных — быў бы Будзённы), з веданнем усяго, што робіцца на нашай натуры.

Палец-мезень рукі зламаны, і таму, калі падымае тост, здаецца, што назнарок адстаўляе яго, як капрызніца-паня. Эх, мне б тое паляванне, і тую Інгу, і ўсё. Цэлае жыццё мару аб сэтары (толькі не ангельскім, а ірландскім, агнявым), — але гэтага, відаць, таксама ніколі не будзе.

Пэўна, я сібарыт. Да сённяшняга вечара любіў усё беларускае (нават ласкавую грубасць, нават бесхрыбетнасць), акрамя каньяку. А сёння мы сядзелі ля акна, пілі гэты самы каньяк і закусвалі вялізнымі, з кулак немаўляці, ружова-жоўтымі і чырвонымі трускалкамі, што пахнулі ананасам. Нічога ў жыцці не было лепей. Урбанізм. «Румянасць булкі», «ананасы ў шампанскім», «лёды з бэзу».

Словам — хоць ты права першародства прадай. І за гэтым пачэсным заняткам канчаткова ўпэўніўся, што я патрыёт, што «и дым отечества нам сладок и прыятен (Фу!) «приятен» (дзекала недабітае!), і што ўсё добра ў залежнасці ад абставін. Нават адзінае непершакласнае на Беларусі — беларускі каньяк.

17 ліпеня. Субота

Усё пайшло кулём. 6-га атрымаў тэлеграму, што Геронім едзе на юбілей Глебкі. І выехаў першым аўтобусам. Мяты, пыльны, зарослы ўваліўся ў нумар гасцініцы «Мінск» і знайшоў там яго і Грышку . Былі на вечары. Наступныя два дні былі сапсутыя тым, што па яго вечна заходзілі. Вячэра, цверазілаўка, банкет, цверазілаўка. Толькі дзявятага засталіся ўрэшце адны, але тут да яго прыехала з Рыгі дзяўчына. Вось п’яная морда. І тут ужо яго перавыхавае толькі старасць, калі мы да яе дажывем. Былі ў той дзень на дні нараджэння ў Валі Барадулінай. Назаўтра (я не начаваў дома) з’явіўся дахаты, выпілі з Геронімам, пайшлі да Рыгора, а адтуль яны павезлі мяне на аўтавакзал. І паехаў я ў Рагачоў, і аўтобус зноў стаяў ля кожнага слупа. <…>

А ўчора званіў Генадзь. Нас трох з Рыгорам прызываюць на Далёкі Усход. Што ж, трэба ехаць. Прынамсі, хоць трохі незвычайнага, хоць неяк разбіць гэтае соннае кола быція.

<…>

4 лістапада. Чацвер.

Рагачоў

З Уладзівастока выехалі — амаль суцэльная была зелень.

2-га прачнуліся — горы-букеты: залатыя, барвяныя, зялёныя, жоўтыя, малахітавыя, лімонныя, іржавыя. Тунэлі. Амур і сам Хабараўск у ззянні дня, гарадкі Бірабіджана.

А 3-га раніцай — Гонжа. І — сняжок. Прыцярушаныя снегам піхты, лімонныя лістоўніцы. Увечары ў агеньчыках недзе пад Магочай, у гэтых агеньчыках ранняй восені такая была занесенасць да д’ябла, такая закінутасць. <…>

Пад Прыісковай, 4-га, снегу як не было. Голыя сопкі. Шылка. На тым баку яе ў праменнях узыходзячага сонца бягуць па схілах, усё з аднаго іхняга боку, ружовыя, светла-ружовыя бярозы. І сопкі, прыціснутыя каменнямі нагрувашчанымі.

5-га, у аўторак, бліснуў недзе далёка між дрэў Байкал. Распадкі дзівоснай прыгажосці і ружовая шэрань на зямлі. У Іркуцку ніхто не сустрэў, невядома чаму.

І пайшлі станцыйкі. Як і дагэтуль, куплялі бульбу, салоныя грузды і рыжыкі ў слоіках, хлеб і іншае.

У Зіме з яе дужа «р-рюскім» вакзалам купілі чаромхі, і я ўспомніў гады вайны, інтэрнат і Урал. Які я ўсё ж стары.

Наступнага дня ў Марыінску былі яшчэ жоўтыя сям-там бярозы, а пад Новасібірскам паваліў густы снег.

Затое 7-га зноў гарэў бярозавы пажар і быў слуп Еўропа-Азія за Свярдлоўскам, а калі быў сняжок, то лёгкі, як пудра. Былі то мае мясціны часоў вайны. Нават станцыя адна называлася Ірэнская. Глядзеў, і ўсё мне здавалася: вось убачу, хаця і ведаў, што дурасць. Месцы тыя ад чыгункі — ісці ды ісці. А ўсё адно падобна. Рака зялёная, бо ў ёй перакінутыя горы, з рэдкім золатам бяроз. І скалы над лесам.

Восьмага праз Яраслаўль прыехалі ў Маскву, я толькі паспеў схадзіць на курсы, а ў 15.30 катанулі мы ўжо на Мінск. У гадзіну ночы з хвілінамі былі ў Мінску…

2-га лістапада ў гадзіну дня паехалі з маці ў Рагачоў. Панылыя палі, тарфяныя балаты, рэдкія і скупыя пад вечар агеньчыкі, а я рад, што вырваўся. Не хацеў на святы шмат піць — ну яго. Прыехалі вечарам, пасядзелі, ляглі спаць, і наступнага дня я не адразу дадумаўся, дзе я, а калі зразумеў — пачуццё радасці…

З раніцы пайшоў на Дняпро, лавіў, але хаця б разок клюнула. Сышло лецейка. Давядзецца паспрабаваць сакам. Пасля ўвесь дзень пісаў лісты.

Сёння лісты ўсе скончыў, схадзіў у горад і кінуў іх, купіў пару кніжак і зрабіў гэты запіс. Шкада, што сонца з’явілася толькі а другой палове дня, а раніцай крапаў дождж і сапсуў нам паляванне. А як добра было б ісці па іржышчах з сабакам, і каб вецер свістаў у рулю стрэльбы, а вакол голыя лясы. Нічога, нідзе не дзенецца.

Заўтра пастараюся напісаць эсэ для «Маладосці».

Зараз позна ўжо. Цемра за акном. Зноў, відаць, збіраецца на дождж, і хаця адчуваю сябе не дужа здаровым — шчасце поўніць мяне.

У пакоі водар яблыкаў, што ляжаць на акне (сам сёння зняў апошнія з галін і еў іх, марозныя, і падбіраў з зямлі), побач з лямпай — ласіны рог, што зрабіў мне дзядзька. Атрымаў паштоўку ад Адама і яшчэ раз пашкадаваў, што яго няма тут…

14 лістапада. Нядзеля

Пазаўчора ўначы напісаў яшчэ «Каложу». А ўчора ўстаў і ўбачыў на вокнах марозныя тропікі, а за акном — малады неглыбокі снег. Часткова менавіта гэты снег разбіў мне дзень…

Паслязаўтра, відаць, паедзем. І трэба ехаць, і нічога асабліва цікавага тут узімку не будзе (гэта не летнія ловы на Дняпры), і, у той жа час, шкада рабочага настрою, які ў Мінску абавязкова сапсуюць.

<…>

29 студзеня. Рагачоў

74 дні мінула. Амаль два з паловаю месяцы. Метадычнасць запісаў проста здзіўляючая — ну, падзецца няма куды. Даўно перабраліся ў 66-ы год, а я… Але гэта не толькі з дзённікам. Працу запусціў таксама страшэнна, на лісты з самага таго часу амаль не адказваў. 6 адправіў учора, 1 — сёння раніцай. Зараз напісаных ляжыць 9, ды яшчэ адказваць на 39. І лісты ўсё вялікія, важлівыя. Некаторыя з падборкай вершаў, іншыя — на 4 мае, дробна спісаныя старонкі. Добра. Ніхто не дапаможа, разблытваюся сам.

Зноў Рагачоў. Зіма. А тады я ад’язджаў. Пахнула яшчэ, нягледзячы на мароз, восенню, сям-там былі жоўтыя лісцікі. А пасля адлігі былі.

Прыехаў я тады з маці ў Мінск. Адразу праца па хаце, адразу беганіна за грашыма. Адразу, 19-га, сцэнар на студыі чытаць, адразу ідыёцкія заўвагі (пазней суаўтара прапанавалі, і плюнуў я за гэта на іх), адразу сябры і выпівоны. У «Маладосці» палаяўся з Панчанкам за «5966 год». Яму было нязручна і мне, забраў я рукапіс. Толькі пазней Брыль мне растлумачыў яго становішча, і мы сяк-так паразумеліся.

На тэлебачанне аднёс сцэнар — яны працягнулі месяцы паўтара, і ўжо ў студзені я яго ўзяў і аддаў на дакументальную студыю. Ды й там муць.

«Ладдзю» ў «Полымі» ўзялі чытаць, ды, відаць, не надрукуюць. П. казаў: «Што ты, братка. Гэта ж гісторыя… Герой такі-гэткі, п’е, з жанчынамі спіць». Нічога дзіўнага, калі ў кіно забаранілі лаянку (у полі, на калгаснікаў і на падначаленых — можна), паказванне выпівак (у жыцці — хоць з ног кідайся, абы не ва ўстанове), сцэны ў ложку (у кожнага, у залежнасці ад розных прычын, ад адной да дзесяцёх палюбоўніц) і іншае такое. Тарцюфы ў ролі заканадаўцаў і арбітраў прыгожага.

Чытаў газеты за некалькі месяцаў — добра, калі за год набярэцца па 10 цікавых матар’ялаў.

У Лужаніна працавалі над раманам. 72 ст. рэцэнзіі. Вось амаль два месяцы і працаваў.

Добра было хіба на дні нараджэння. Святкаваў 27-га. Добрая закусь і беларуская гарэлка з перцам — «жыватоўка», віно, слаўная кампанія. Быў начыста цвярозы, так, трохі ўсхваляваны. Усім, здаецца, было добра.

І, галоўнае, спявалі. Так спявалі, што слёзы і смех прасіліся з вачэй…

…хавалі бедалагу Ігара Хадановіча. Таленавіты хлопчык, бедны хлопчык. Няшчасны лёс: «У счастливого недруги мрут. У несчастного — друг умирает» .

Гэтая свалота, якая забіла яго, і словы яе: «Раечка, подожди, я тут одного пшека научу говорить по-русски» стаяць у вушах. І вось свалоце, забойцу дадуць максімум восем год, а чалавеку, які абяцаў расцвісці ў неабыякога празаіка, — магіла.

Я люблю людзей, але менавіта таму гэткіх, як тое быдла, што гаспадарыць у нашым горадзе, ды яшчэ ногі на стол кладзе, — я прылюдна вешаў бы. Збіць, а пасля вярнуцца з бандай яшчэ раз, наваліцца на сплываючага крывёй і дабіць. Якая ж тут «непреднамеренность убийства?» Фашызм гэта, вось што!

<…> матка забітага казала камусьці (ён няўдала суцяшаў і сказаў, што хаваюць родных, хаваюць бацькоў): «А, сыночак. Калі сын матку хавае — гэта ўжо закон, так і трэба…»

Ваенная ўдава. Вырасціла сірату ад немаўляці да чалавека, добрага хлопца, мужа, пісьменніка. І ўсё дзеля таго, каб тупое быдла, якое ўлезла да суседа, жарэ ў ягонай хаце, ды яму ж на стол і с…, — узяло ды забіла.

Стаяў ля труны. Партрэт на сценцы малады, вясёлы. Праводзіў на могілкі. Народу было шмат. Разумелі. Ішлі без шапак, як належыць: ад брамы і зноў да брамы. Глотка аж разрывалася, здавалася, задыхнуся. Марозу не адчуваў. Слёз не было. І гэтыя жалю вартыя зімнія прымулы ў вазончыках, замерзлыя па дарозе ўжо.

Пакінулі чалавека ў зямлі і рушылі. У мерзлай зямлі. Нават шэрага таго неба не ўбачыць. Адзін.

Ішлі з Зянонам. Шапкі надзелі за брамай — ды і ўсё. І ханжанства наша ў газетах нават «па зверску забіты» выкрасліла. «Не варта». «Нашто?»

Адно ведаю: дня таго, чорнага гэтага твару на марозе, забінтаванага ўсяго, літасці гэтай менавіта да таго, да каго не трэба, слёз матчыных — гэтага я не забуду. Гэтага я ім, свалоце, патэнцыяльным фашыстам, гэтага я ім не забуду.

19 красавіка. Аўторак

Уначы… адзін з самых страшных сноў у маім жыцці... Нібыта мы бяжым з Янкам Брылём ад нейкай страшнай небяспекі. Неба ўсё чорнае, нізкае, і ўрыўкі хмар нам насустрач. Але ўцякаем мы не таму, што небяспека для нас. Яна для ўсіх, і мы ад яе бяжым і дзеля таго, каб папярэдзіць людзей, якія сядзяць у нейкім змрочным будынку, падобным адначасова і на палац, і на замак. Там — група людзей, і сярод іх жанчына, якая мне тое, што называецца «даражэй за ўсё». Бяжым. Бачу сябе і яго — збоку. Ведаю: уцячэм, папярэдзім, усе схаваюцца ў падпол — і, можа, выжывуць. А над гарызонтам, паступова-паступова, яшчэ чарнейшыя, чым неба, вырастаюць вяршыні хмар, падобныя на шапкі атамных грыбоў.

Дабеглі. Кідаюся туды-сюды — няма. І раптам крык, і якраз у той момант, калі пікі хмар выраслі на палову неба — усе на нас. Нехта пабег ад замка ўніз, па схіле, па партэрах, толькі не зялёных і чатырохкутных, а нібы паловы выцягнутых авалаў закругленымі часткамі ўніз, адзін на адзін, як луска. Фіялетавага колеру яны, ад водсветаў з неба.

Не ведаю, яна ці не, але ратаваць усё адно трэба. Бягу за ёю, задыхаючыся, бо вось-вось канец свету. Нябесная праява абагнала нас, загінаецца перад намі ўніз, як акіянскі вал. Я ўсё больш упэўнены, што бяжыць — яна. Наздагнаў, схапіў, цягну назад бягом, але адчуваю: нават калі падымемся на верхнюю пляцоўку замка, дзе балюстрада, — не паспею. А спуск пад зямлю — адтуль.

І вось падымаемся… І тут расселася рваным палотнішчам неба, і адтуль, пункцірамі, чорнае ў зямлю. А пасля, як чорныя сляды трасірных куль, як чорныя падучыя зоркі, і цэнтр, адкуль яны лятуць, — проста перад намі, нібы глядзіць на нас. Устае нешта такое, чаму няма імя, апакаліптычнае. І нібыта коннікі і языкі, а мы бачым чорныя сляды і ведаем, што тых слядоў, якія цягнуцца да нас, мы не ўбачым. Нешта кідае нас у змрок. Прачынаюся. Вакол — хаос. Дзівам уцалеў наш будынак, амаль знішчаны. Выносяць на руках з падзямелля яе, твар рассечаны глыбокім шнарам, але скура такая, як і на ўсім абліччы. Проста нібы ўпадзіна. Глядзіць на мяне, усміхаецца, і я ведаю, што гэта яна, але аблічча — чужое. Гэта, што адбылося, менавіта так дзейнічае на тых, хто застаўся жывы, мяняе іх. І нават не чужое аблічча, проста знаёмы твар іншага чалавека. Прачнуўся…

Адразу, як прачнуўся тады, зразумеў, што гэта і ёсць пачатак «Чазеніі». Доўгашуканы, той, які так доўга не даваўся ў рукі. Калі гэта напісаць, як трэба, гэта дасць настрой часу і стан душы героя, а потым досыць будзе даць пару намёкаў наконт ягонай прафесіі — і ўсё будзе, як на далоні, можна будзе разгортваць характар. І ўзрадаваўся, што не пачаў рэч раней, не сапсуў. Як добра! Запэўніўся, не трэба спяшацца пачынаць, калі не даецца. Счакай, мозг сам будзе думаць у садзе, падчас хады, на рацэ, у сне — і ўсё тады ты атрымаеш дарма…

І яшчэ думка. Скончыць трэба таксама сном. Але светлым. Чалавек вылечыўся.

9 мая. Панядзелак

...Папарадчыў усё на стале, падрыхтаваўся, адклаў патрэбную на «Чазенію» колькасць паперы (і ўсё адно вылезу з яе, вядома)... Сёмага з самай раніцы нікуды не хадзіў. Дзень быў пахмуры і халодны, і таму някепска працавалася. Пачаў «Чазенію», трохі захапіўся ўспамінамі і, вядома ж, размазаў. Але крэсліць буду ўжо ў машынапісным экзэмпляры. Працаваў цэлы дзень... Спаў, як забіты, тым больш што вокны заўсёды адчынены. Даводзіцца толькі ваяваць з хрушчамі. Як заляціць — хапаеш яго за шкірку і выкідаеш з кухні на двор, каб не вярнуўся. Колькі выкінеш — столькі іх і малоціць у вакно.

Учора рабілі човен, але я амаль не дапамагаў. Пісаў, закінуўшы ўсё астатняе. Амаль цэлы дзень быў галодны. Не хацелася есці самому, а яны вырашылі скончыць усю драўляную работу. І скончылі. Засталося заканапаціць, засмаліць, зрабіць «буфет», матор паставіць і лаўкі зрабіць.

Вечарам абмывалі канец працы пад вяндліну, халаднік і тушаную цяляціну з бульбай. І такія там размовы ішлі аб старых знаёмых, хутаранах, сваяках і сябрах па кавалерскіх гулянках і паляваннях — любата. Пасля гастранамічную размову завялі. Столькі было выказана рэцэптаў — можна было б чвэрць кухарскай кнігі напісаць. І, як ні дзіўна, было гэта вельмі цікава, бо падмацоўвалася выпадкамі з жыцця, паралелямі, анекдотамі, якія здараліся з вынаходцамі або аматарамі таго ці гэтага халадніку, смажанага зайца, вэнджанай рыбы і г.д. Вечарам пісаць, вядома, не мог. Сядзеў ды галоўкі тут жа крэмзаў, як дурань.

№ 78 часопіса «Дзеяслоў» з невядомым дзённікам Уладзіміра Караткевіча можна набыць у Мінску ў крамах «Акадэмкніга», «Логвінаў», «Кніжны салон» і праз сайт knihi.by.

Абмеркаванне:

  • Антось
  • 2015-11-30 01:27:08
ХОРАША! Дзякуй рэдакцыі!
  • Ганна
  • 2015-11-30 01:30:26
Згодзен з Антосем... Як файна, што не забываецца і праз 50 гадоў. Слава нашым пісьменьнікам!

Каментаваць