Дзве Беларусі робяцца адной

Крым не наш. Альгерду ставяць помнікі. Па большасці пытанняў — згода. Дык чаму б не прабачыць і не з’яднаць высілкі?


Адным са здабыткаў 2017-га сталася пачаткаванне збліжэння дзвюх рэальнасцяў, на якія апошнія дваццаць гадоў была падзеленая наша краіна. Ёсць усе шанцы на тое, што гэтае збліжэнне працягнецца і ў новым годзе і скончыцца тым, што ніякіх “дзвюх Беларусей” у студзені 2020-га ўжо не застанецца. Але для гэтага мы ўсе мусім навучыцца з’ядноўвацца.

Прынцыповым адрозненнем працэсаў, якія адбываюцца ў культуры і грамадскім жыцці цяпер, з’яўляецца іх парадыгмальны характар. Канцэрт Вольскага ў Prime Hall, круглыя сталы па Курапатах, Кангрэс даследчыкаў, які рыхтуюцца правесці ў Беларусі ў супрацы з Акадэміяй навук, рэклама symbal.by на праспекце — усё гэта з’явы зусім не роўныя колішняй сустрэчы рокераў з Праляскоўскім. Дагэтуль спробы з’яднання дзвюх краін, у якіх мы жывём, былі маніпулятыўнай “лібералізацыяй”. Звычайна прывязанай да хуткабежнай палітычнай кан’юнктуры. Цяпер ёсць сітуацыя вычарпання абедзвюх парадыгмаў развіцця, у якіх паасобку рушылі дзве Беларусі.

Першая Беларусь, назавём яе датацыйнай, канструявалася дзесяцігоддзямі за дзяржаўныя грошы. Яе аўтарамі і выканаўцамі былі не самыя таленавітыя людзі — простыя доказы гэтаму вакол нас, у пакінутых імі культурных артэфактах. Нягледзячы на шчодрае фінансаванне, за часы незалежнасці з іх песень, фільмаў, кніг і спектакляў не ўзнікла не толькі вялікага стылю, але і хаця б якой самасці. Афіцыйная культура спажывала і не выпіналася. Яна ціснула на тормаз мацней, чым на газ, бо тормаз быў больш бяспечным. Яна пераймала рускія серыялы і мармытала нешта пра славянскае братэрства (у якое, як даказвае крымнаш, рускія перасталі верыць першымі). Гісторыя Беларусі і сучаснасць Беларусі былі аднолькава недатыкальныя: першая — праз боязь папрокаў у кансерватызме, другая — проста праз боязь. У выніку — за рэдкімі выключэннямі — калі не атрымлівалася абы-што, звычайна выходзіў кіч.

Другая Беларусь — назавём яе нелегальнай — увесь гэты час існавала насуперак. Яна быццам і казала пра важнае: і пра гісторыю, і пра сучаснасць, і пра смешнае, і пра балючае. Але яе не было бачна. Бо яна была не тое каб забароненай, але і не так каб вельмі дазволенай. Карацей, “вы ж самі разумееце”. Кніжныя чытанні для трыццаці чалавек, спектаклі ў калідорах дзяржаўных тэатраў, канцэрты ў клубе “Графіці”. Шырокая вядомасць у вузкіх колах. Спяванне шэптам. Пісанне для нікога. Так, гэта стварала арэол культавасці. Так, гэта давала спадзеў на тое, што аднойчы прыйдзе дзень, мільёны ўспомняць, і тады… Але гады ішлі, валасы сівелі, і ніякага “тады” не надыходзіла. Цэлая генерацыя змарнела і пайшла ў нябыт: іх кніжкі, выдадзеныя ў сярэдзіне нулявых накладамі 300 асобнікаў, усім нам яшчэ належыць успомніць, перачытаць і ўвесці ў культурны ўжытак.

Першыя баяліся, другія не-існавалі. Першыя стваралі не-культуру, якая выхоўвала мільёны, другія канструявалі інтэлектуальную Беларусь, насельнікамі якой былі тры тысячы жыхароў. Дзякуй Богу, абедзве парадыгмы сябе вычарпалі.

Датацыйная Беларусь пачала крокі насустрач Беларусі нелегальнай таму, што, па-першае, сталі высыхаць датацыі. І высветлілася, што, каб збіраць грошы на “Талацэ”, трэба прапаноўваць нешта канкурэнтаздольнае. Для чаго варта пачаць з пытання, а ці тое глабальна мы рабілі ўсе папярэднія дваццаць гадоў. Да таго ж датацыйная Беларусь, з яе георгіеўскай стужкай, з яе ўвагай да савецкай міфалогіі, бярозкамі, бусламі і белымі крыламі, неяк у адзін год страціла актуальнасць. Бо цяпер цэнтр вытворчасці савецкага знаходзіцца на 700 км на ўсход (і нават таксоўкі ў Маскве зноўку зрабіліся жоўценькімі, з шашачкамі). І, умацоўваючы савецкую самасць, ты пашыраеш колькасць людзей, якія хацелі б галасаваць за Пуціна — прэзідэнта ў Беларусі. Нарэшце, наспеў час падрахаваць выдаткі і паглядзець на вынікі: што было напісана, праспявана, знята за мінулыя гады? І калі ўсе мінчане ўсё роўна абіраюць найперш тыя таксоўкі, у якіх ставяць Вольскага і “Ляпісаў”, дык ці не варта нарэшце перастаць рабіць выгляд, што і Вольскі, і Міхалок — пасынкі краіны?

Але вычарпала сябе і мая нелегальная Беларусь: бо тое, што падавалася элітарнасцю, выявілася маргінальнасцю. Пакуль на тым баку стваралася хай сабе і каструбаватая, але ж сістэма, тут вялі рэй заняпад і дэкаданс. Бо не можа існаваць літаратура без чытача, тэатр без гледача, музыка без залы (і канцэртнага пасведчання).

Зразумець, як мы апынуліся ў варожых акопах, па розныя бакі ад культурнай мяжы, — тая яшчэ задачка. Ці не дзіва гэта: маленькая краіна, у якой два саюзы пісьменнікаў, два саюзы журналістаў, у якой дублюецца ў “афіцыйным” і “забароненым” рэгістры амаль кожная грамадская з’ява, уключаючы тэлебачанне. І калі цябе няма на АНТ, на твае імпрэзы абавязкова прыйдзе Белсат (і наадварот). Як так адбылося? Скуль узялася звычка вешаць на любога творцу маркёр “наш” — “не наш”? У мяне ёсць адно дапушчэнне. І калі яно слушнае, акопнай эпосе сапраўды надыходзіць канец.

Пры збліжэннях такога кшталту важныя два пачаткі. Першае: мусіць запаліцца зялёнае святло. Другое: тыя, хто быў адасоблены забаронай, мусяць перастаць крыўдаваць і рушыць насустрач тым, хто некалі ўрубаў чырвоны. Што да зялёнага святла, дык прыкладаў яго ўключэння мінулы год даў да халеры. Будзем спадзявацца, святлафор не зменіцца жоўтым пасля таго, як пройдуць выбары ў мясцовыя саветы (хаця каму яны наогул цікавыя, тыя выбары ў мясцовыя саветы?). Ці працягнецца рух насустрач? Ці хопіць моцы праглынуць горыч? Дай Бог, каб хапіла.

Я б дык дакладна хацеў бачыць Беларусь без размежаванняў. Краінай, дзе асноўным падзелам ёсць падзел на годных і нягоднікаў, таленавітых і няздараў, што мусяць трымацца як надалей ад сцэны і кіно. Так ва ўсім свеце. І чаму б мы тут мусілі выбівацца?

Мова — маркёр, па якім некалі можна была праваліцца ў нелегальны Аід, — больш не загана. Партыі ўжо 27 гадоў як няма. Крым не наш. Альгерду ставяць помнікі. Па большасці пытанняў — згода. Дык чаму б не прабачыць і не з’яднаць высілкі?

Бо, ведаеце, дзве краіны для дзесяцімільённага народа — гэта зашмат.

Віктар Марціновіч, budzma.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-01-03 17:41:33
Спробы нацягнуць саву на глобус, такія характэрныя для гэтага аўтара. Што значыць "Крым не наш"? Дэ-факта Лукашэнка прызнаў анексію Крыма, і РБ галасуе па пытаннях, звязаных з яго статусам, разам з РФ. Многія з апанентаў Л-кі з такой пазіцыяй, мякка кажучы, не згодныя.
Помнік Альгерду паставілі яшчэ ў 2014 г., пры чым 2017-ы? "Круглыя сталы" па Курапатах з удзелам прадстаўнікоў дзяржавы праводзяцца, на маёй памяці, з 2001 г. Абяцанка арганізаваць Кангрэс даследчыкаў разам з Акадэміяй навук... Па-першае, для соцыуму гэта ўсё ж маргінальная з'ява, па-другое, яшчэ нічога супольнага не правялі, а шуму!..
"Але вычарпала сябе і мая нелегальная Беларусь..." Ізноў жа: 1) калі казаць пра "андэграўнд" у культуры, то ён сябе не вычарпаў; 2) аўтар, AFAIK, ніколі да андэграўнду і не належаў.
Карацей, чарговы заклік да замірэння ваўкоў з авечкамі (такія заклікі перыядычна робяцца з канца 1990-х)...
  • фцф
  • 2018-01-03 20:31:45
Сапраўды, "фальстарт" атрымаўся. Як хочацца жаданае прыймаць за рэальнае, але зарана. "Адлігі" былі і раней, але не надоўга. Звыш-аптымізм часта абарочваецца жахлівым крызісам і дэпрэсіяй. Другую руку варта пакуль прытрымаць у кішэні, не паказваючы сваю "хвігу"...

Каментаваць