«Дзве душы» і беларускі дзэн

Памятаю апошнія паказы спектакля Мікалая Пінігіна «Тутэйшыя», паводле твора Янкі Купалы. Кожная рэпліка і жэст здзіўлялі сваёй дакладнасцю, адгукаліся, разумеліся. Менавіта ў Купалаўскім тэатры ўпершыню прагучала для мяне тэма дваістасці беларускай душы.

І вось, тая ж сцэна, той жа рэжысёр — прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аднайменнай незавершанай аповесці Максіма Гарэцкага. Водгулле «Тутэйшых» немагчыма не заўважыць і ў новай працы.

«Дзве душы» Гарэцкага — твор глыбінны, шматпластавы, мудры, неадназначны, у які далі нырца стваральнікі яго сцэнічнай версіі, што рызыкнулі надаць філасофскай аповесці тэатральны фармат. Ідэя пастаноўкі, якую можна назваць эксперыментальнай, належыць рэжысёру Мікалаю Пінігіну. Да таго часу твор Гарэцкага ніколі не меў тэатральнага ўвасаблення.

Аўтарам інсцэніроўкі аповесці Максіму Клімковічу і Уладзіславу Ахроменку, відаць, было няпроста знайсці адпаведную форму для сцэнічнага прачытання. Жанр спектакля — «сцэны», куды ўвайшлі трыццаць два фрагменты-эпізоды твора, дапоўненыя ўрыўкамі з іншых тэкстаў беларускага класіка, у якіх можна было храналагічна і фрагментарна на тле карціны падзеяў беларускай гісторыі прасачыць жыццёвыя дамінанты галоўных герояў. «На фоне знакавых гістарычных падзеяў у часе пасля Першай сусветнай вайны пераплятаюцца лёсы розных людзей, якія апынуліся ў гушчы рэвалюцыйнай »куламесы« — падмененых у дзяцінстве панскага і сялянскага сыноў, палітычных прайдзісветаў, закаханых дзяўчат, адраджэнцаў.



 

Дзве душы — гісторыя ўнутранай супярэчнасці беларускага інтэлігента Ігната Абдзіраловіча, які здольны рэфлексаваць над часам і сабой у складаным свеце, шукаць «яснасць у паглядах на спрадвечна няяснае», што непазбежна робіць яго староннім і безабаронным у сваім асяроддзі», — гаворыцца ў анатацыі.

Сцэна аформленая ў выглядзе старога фотаатэлье ў эпоху чорна-белай фатаграфіі. У часе дзеі таксама падаецца кіна- і фотахроніка з архіваў пляменніка аўтара — знанага акадэміка Радзіма Гарэцкага. Змена месца дзеяння адбываецца практычна імгненная, дзякуючы мабільным дэкарацыямі Барыса Герлавана. Цешыць, што і беларускага гледача пачынаюць паступова частаваць і відэакантэнтам (Сяргей Тарасюк) — па прыкладзе нашых усходніх і заходніх суседзяў, якія ўжо даўно ствараюць неверагодныя эфекты, дзякуючы новым тэхналогіям. У спектаклі ж Пінігіна асноўны эфект — гэта кроў, што залівае экран — чырвоным па белым. І ёй пралівацца неаднойчы.

Гісторыя вядзецца вакол падмены двух немаўлят (шляхецкага і сялянскага) маці-карміцелькай. Па іроніі лёсу сялянскі хлопчык Ігнась становіцца панам, атрымлівае адпаведнае выхаванне і адукацыю. А сыну заможных шляхцюкоў наканавана быць сялянскім хлопцам Васілём. На зломе часоў, у віры рэвалюцый ды войнаў, гадуецца і сталее малады шляхціч Абдзіраловіч, што мае ў літаральным, і ў метафізічным сэнсе дзве душы — і ўсё не абярэ (прынцыпова не хоча абіраць!) — на чыім жа баку быць?

Для каго гэты спектакль? Мяркую, тыя, каго адносяць да «свядомых» у беларускіх грамадстве, сыходзяць са спектаклю з адчуваннем уласнай растралянасці (разам з героямі напрыканцы), бо перараслі ўжо выбар душы і даўно вызначыліся, а вынік з таго — ізноў пошукі. Тыя ж, хто не чытаў «Дзве душы» будуць адчуваць няўцямнасць і расчараванасць і пагатоў нежаданне (не сто гадоў таму, не цяпер) далучыцца да «адраджэнцаў» паказаных у спектаклі — несамадастатковымі, кволымі, нервова-інфантыльнымі, якія, па сваёй сутнасці, нерашучыя, баязлівыя і папросту не самыя прыемныя людзі, хаця, магчыма, і робяць важную справу. Але, як гаварыцца, не важна дзе — важна ў якой кампаніі. І кампанія тут — зусім не заманлівая.

Магчыма, спектакль створаны для тых, хто яшчэ не стаміўся разважаць над зачараваным колам беларускай гісторыі і ментальнасці — мы зноў і зноў робім адныя і тыя ж памылкі. Мы, беларусы, не змяняемся. Для моладзі гэта дужа далёка, для старэйшых — задужа сумна — шукаць прычыны паразы беларускага адраджэння наноў і наноў.

На спектакль схадзіць адназначна варта. Хаця б таму, што — Гарэцкі, Пінігін, па-беларуску, знакавы твор. Каб чарговы раз пабачыць як жа безвыходна і вынішчальна быць як па адзін, так і па іншы полюс (з гледзішча філосафа), і так не знайсці адказ — як жа ўсё ж варта рабіць, каб яго знайсці. З іншага боку, тут ёсць за што абурацца, а пры жаданні і крыўдзіцца, і РПЦ — за паказ святара, што прысабачвае каштоўны пацір. І камуністам — за вобраз Гаршчка. Па сутнасці, усе героі — пададзеныя крыху карыктаруна. Бадай, за выключэннем Маланкі (Алены Сідаравай), якая адчуваецца непадробна трагічнай. І кожны адчуе, што не можа спачуваць «свайму».





З іншага боку, калі паспрабаваць адысці ад адназначнага ўспрыняцця (бачання з-за нашага боку барыкадаў і плоту) і чаканняў (любыя зачараванні вядуць да расчараванняў), то можна ўбачыць, што герой Ігнася Абдзіраловіча (Раман Падаляка) — будыст, ён, як памятаем яшчэ з філасофскага эсэ «Адвечным шляхам» — за «ляючасць формаў», быццё між тымі і гэтымі, між Захадам і Усходам, праваслаўем і каталіцызмам, ён маўклівы сузіральнік, чакальнік, які не столькі змагаецца з адраджэнцамі, колькі папросту ім крыху болей спачувае. Ён рэфлексуе, аглядае, не абірае нікога, бо ўсе яму — чужыя, і ён нікому дарэшты не свой, не аднадумец. Абдзіраловіч у творы — даследнік анатоміі беларускай душы. Відаць, вельмі няпроста іграць пабочнага глядзельніка і ціхага думальніка вонкі, таму пражываецца персанаж перадусім унутры выканаўцам Падалякам, ён іграе нюансы, якія не заўжды магчыма заўважыць на тле астатняй дзеі. У Гарэцкага — гіне Гаршчок. У Пінігіна — па добрай беларускай традыцыі — усе. Хаця тут акурат можна было знішчыць толькі аднаго — таго, да каго суперажыванне. Такім фіналам рэжысёр і раўняе ўсіх. І выказвае свае сімпатыі — каму даць шанец: нікому. А калі ўдумацца: пакуль мы будзем паўтараць нашыя памылкі — у нас не з’явіцца шанец змяніць будучыню і беларуская нацыянальная ідэя будзе наноў і наноў паўтарацца, трапляючы ў млын беларускага Вечнага Вяртання, як сто гадоў да нас, так і сто гадоў пасля.

Няўцямнасць — як беларуская адметнасць, а не як адсутнасць адметнасці. Беларускі дзэн — як шлях да разумення. Так можна ахарактарызаваць формулу, якая прыйшла па праглядзе спектакля.

Кавалкі твору змацаваныя швамі-фатаграфаваннямі. Няма драматургіі эмоцыі. Ёсць яскравы запамінальны фінал. І ёсць эмацыйныя сполахі, раскіданыя па палатну п’есы — і ў тым вялікая заслуга актораў. Зорка спектаклю Алена Сідарава — кожная сцэна з ёй — прабірае да дрыжыкаў. Выдатныя Аляксандр Падабед і Георгій Маляўскі. Алесь Малчанаў у ролі Рускага Салдата і перадусім у масавых сцэнах, запомніўся гледачам ці то імправізаванасцю, ці то падкрэслена нечаканай іранічнай вобразнасцю (што крыху адсылае да найлепшых часоў Віктара Манаева і зноў «Тутэйшых», нават сваёй лексікай і маўленнем). Падалося, што ўнутры пінігінскай пастаноўкі ён грае свой асобны ўнутраны, прыдуманы ім спектакль. З роляю гнюса-Гарэшкі дасканала справіўся Ігар Сігоў.





Адной з наймацнейшых сцэнаў магла б стаць перамежавальная малітва двух хлопчыкаў — Васіля і Ігнася, адзін з якіх праваслаўны, а іншы — каталік. Шкада, што тэкст малітвы «Ойча наш» і сама размова зусім не развучаныя з дзецьмі і гучаць як «чарнавік», як і сама непрапрацаваная бойка між імі апасля. Пытанне гэтае не да дзяцей, а да пастаноўшчыка. Бо так і накатвае аддацца моманту, але не атрымліваецца праз выпаданне з мастацкай прасторы праз недапрацоўкі. Шкада, бо звычайна дзеці на сцэне — гэта збольшага выйгрышна.

Цікава, што ў спектаклі толькі тры жаночыя ролі. Між тым інтымнасць і эротыка ў творы мінімізаваная. Толькі сцэна з самалашчаннем Ірыны (Марта Голубева) пры люстэрку на дзіва зацягнутая і не трывае відавочных неабходных метафараў. Увогуле, не зусім зразумела, навошта гэты эпізод.

Лірычны герой Гарэцкага — апавядальнік, Пісьменнік, у робе (Аляксандр Паўлаў), магчыма, крыху і падобны да аўтара, але задужа ружовашчокі і здаровы для вязня НКВД, дый прамаўляе крыху дзіўна-ментарскі.

Зала была поўная, аншлаг. Публіка стоячы пляскала, але, на жаль, гэта не ёсць паказнік поспеху для нашых тэатраў. Бо практычна ўсе спектаклі яна сустракае менавіта так.

Самае цікавае, што ніхто з герояў спектакля не выклікаў суперажывання (хіба апроч гераіні Алены Сідаравай), нават сімпатыі (хіба што фрагментарна герой Алеся Малчанава), і галоўнае — ідэнтыфікацыі з ім.





З тэатру выходзіш з пачуццём не тое што раздвоенымі, а разгубленымі: усе мы падмененыя, не з той калыскі, з дзвюх калысак. Мо ў прыняцці абедзвюх (і вострага відэльца гербавай шляхты і драўлянай лыжкі простага селяніна) — і ёсць адкрыццё. Але хто яго зробіць?

Прэмʼера адбылася 26 красавіка 2016. Да заканчэння тэатральнага сезону можна паспець убачыць спектакль яшчэ 26 чэрвеня, 6 і 27 ліпеня. Варта.


belsat.eu



Каментаваць