Дзвіна ўпадае ў Даўгаву

Паводле выдаўца анталогіі — пісьменніка Змітра Вішнёва, ідэя выдання належыць яму і рыжскаму паэту Сяргею Марэйну. Падчас прэзентацыі Вішнёў жартам назваў зборнік «падзякай беларускіх паэтаў латвійскім калегам за Вентспілс».



Пагайдацца на хвалях балтыйскай паэзіі мелі магчымасць тыя, хто 6 лістапада завітаў у мінскі Дом Дружбы. Там у прыязнай атмасферы і пры ўдзеле пасла Латвіі ў Беларусі Міхаіла Попкаўса, дыпламатаў ды творчай інтэлігенцыі прайшла прэзентацыя анталогіі сучаснай латвійскай паэзіі ў перакладах на беларускую мову. 

 

«Перакладала душа мая...»

Узаемапераклады — асобная тэма ў літаратурах народаў былога СССР. Шмат энергіі, паперы і друкарскай фарбы пайшло свайго часу на міжнацыянальнае сяброўства. Злыя языкі сцвярджаюць, што казахі перакладалі грузінаў, а грузіны — эстонцаў толькі па разнарадцы Масквы, дбаючы найперш пра ганарары і камандзіроўкі, а не пра краснае пісьменства. Расказваюць смешныя показкі, найперш пра рускіх савецкіх перакладчыкаў, якія браліся пераствараць творы, напісаныя на беларускай мове, абсалютна яе не ведаючы. Паводле гэтых показак, сказ «У канюшыне стракаталі конікі» аднойчы пераклалі як «В конюшне ржали лошади». А назву рамана Івана Мележа «Подых навальніцы» — як «Смерть рабыни».

Можа, яно і так, але, калі пачынаеш прыглядацца да гісторыі беларуска-латышскіх узаемаперакладаў, усё выглядае абсалютна іначай. Адчуваецца, што паэты Беларусі і Латвіі, хоць і былі звязаныя партыйнай разнарадкай, але абсалютна шчыра цікавіліся творамі адно аднаго. Па сведчаннях старшыні таварыства «Беларусь — Латвія» Сяргея Панізніка, творчыя кантакты завязаліся адразу напачатку 1940 года, пасля далучэння Латвіі да СССР (назавём гэта далучэннем). Менавіта тады ў Мінск прыязджаў Яніс Райніс, тады адбылося яго знаёмства з Янкам Купалам. У адказ Купала, Броўка і Лынькоў наведалі І з’езд пісьменнікаў Латвіі ў Рызе...

Літаратурныя сувязі ўзнавіліся пасля вайны. Латышскіх паэтаў шмат і ахвотна перакладалі Артур Вольскі, Рыгор Барадулін, Сяргей Панізнік, Максім Танк і многія іншыя нашы класікі і сучаснікі. Адметна, што перакладчык Гётэ, Гофмана і Гамбровіча Васіль Сёмуха сваім самым любімым дасягненнем называе пераклады з латышскай: «Паэзію Візмы Бэлшавіцы перакладала душа мая, можа, якраз таму — гэта самае любімае з усяго перакладзенага мною на родную мову душы і сэрца…»

Новае пацверджанне невыпадковасці беларуска-латышскіх літаратурных сувязяў — «Анталогія латвійскай паэзіі». Яна з’явілася ў выніку кантактаў ужо найноўшых літаратурных пакаленняў Беларусі і Латвіі і збірае вершы аўтараў апошняй чвэрці стагоддзя ў латвійскай літаратуры.

Падзяка за Вентспілс

Паводле выдаўца анталогіі — пісьменніка Змітра Вішнёва, ідэя выдання належыць яму і рыжскаму паэту Сяргею Марэйну. Падчас прэзентацыі Вішнёў жартам назваў зборнік «падзякай беларускіх паэтаў латвійскім калегам за Вентспілс». У прыморскім Вентспілсе ўжо не першы год працуе літаратурны дом, які запрашае паэтаў з Беларусі на творчыя адпачынкі. Многія з перакладчыкаў анталогіі былі гасцямі гэтага дому. Перакладчыкі анталогіі — гэта Вольга Гапеева, Арцём Кавалеўскі, Ірына Хадарэнка, Павал Надольскі, Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў.

Адметнасць новага паэтычнага зборніка ў тым, што з 10 аўтараў, якія ў яе ўвайшлі, пяцёра пішуць на латышскай мове, а пяцёра — на рускай. Менавіта таму ў назве анталогіі фігуруе слова «латвійскі», якое адсылае не да этнасу — латышы, а да дзяржавы — Латвія. І сапраўды: было б несправядліва праігнараваць магутную і цікавую рускамоўную паэтычную школу краіны-суседкі. Яна пачала складацца напрыканцы 1980-х гадоў вакол знакамітага на ўвесь СССР часопіса «Родник» — і паспяхова існуе да сёння. Рускамоўныя героі анталогіі — Сямён Ханін, Сяргей Цімефееў ды іншыя даўно і плённа перакладаюць сваіх калег, якія пішуць па-латышску, на рускую мову, прэзентуюць іх вершы ў рускамоўным свеце.

Як не без гонару падкрэсліва­юць беларускія перакладчыкі, пераклад на беларускую мову згладзіў адрозненні паміж рознамоўнымі аўтарамі адной краіны. Уласна, чытаючы іх вершы па-беларуску, адчуваеш, што гэта — прадстаўнікі адной краіны. Заўважна: рускамоўныя паэты Латвіі даўно адышлі ад паэтычных традыцый Расіі. З метраполіяй іх лучыць толькі мова.

Па-еўрапейску, без мішуры

Чытаючы Майру Асарэ, Оярса Вацыеціса або Аляксея Іўлева — адчуваеш: перад табой еўрапейская паэзія, з яе ўвагай да дэталяў, з яе філасофіяй, з яе эканоміяй словаў і яснасцю метафар. У параўнанні з нашай, славянскай — гэта як лаканічны скандынаўскі інтэр’ер супраць бляску і пазалоты пампезных апартаментаў, якія атрымліваюцца ў многіх беларусаў пасля «еўрарамонту» хрушчовак. Вось і беларуская паэзія шмат у чым іншая. І анталогія выдавецтва «Галіяфы» — гэта своеасаблівае запрашэнне параўнаць, супаставіць. Магчыма, нават нечым натхніцца. Ці не для таго паўстаюць пераклады?

У гэткім жа стрыманым, балтыйска-скандынаўскім стылі прайшла і сама прэзентацыя анталогіі. Яе адзіным — і вялізным — недахопам было тое, што па розных паважных прычынах ніводзін з латвійскіх аўтараў да Мінску так і не даехаў. Затое іх вершы — без доўгіх прамоваў, па адным — прадставілі ўсе перакладчыкі зборніка. Таксама беларусаў прывіталі надзвычайны і паўнамоцны пасол Латвіі ў Беларусі і жывы класік латышскай паэзіі Улдыс Бэрзыньш, які ў прамове, прачытанай па-беларуску, назваў сябе «нацыяналістам усіх нацый» — гэта значыць, інтэрнацыяналістам... Дарэчы дадаць, што ў мінулым годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў зборнік У. Бэрзыньша «Салаўі крычаць, я па-латышску...» Сёлета яго перакладчыкі — Алесь Разанаў і Андрэй Гуцаў — намінаваныя на прэмію часопіса «ПрайдзіСвет» у галіне паэзіі.

Плённы год для паэтаў Латвіі ў Беларусі. І, ёсць падазрэнне, — усё толькі пачынаецца. Заставаймася ў кантэксце.

Каментаваць