Хто дасць гарантыю, што не створыцца «Мінская народная рэспубліка?»

У Мінску праходзіць VI Міжнародны кангрэс беларусістаў. Падобныя прадстаўнічыя сходы можна параўнаць з Алімпійскімі гульнямі, бо яны адбываюцца нават радзей — раз на 5 год.



Джым Дынглі


У рамках форуму больш за 130 даследчыкаў з Аўстрыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Канады, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Японіі абмяркоўваюць актуальныя пытанні беларускай гуманітарыстыкі.

Кідаецца ў вочы скарачэнне маштабу навуковага сходу: першыя кангрэсы ў 1990-х выглядалі больш прадстаўнічымі. Занядбанне культуры за часы Лукашэнкі адчуваецца і тут. Структура, віват традыцыі, застаецца традыцыйнай. Аднак, вітанні ўдзельнікаў ад міністраў культуры і адукацыі зачытваюцца не персанальна, а толькі іх намеснікамі. І нават не ўсе тры пленарныя даклады — заўсёды паказальныя — падаюцца бліскучымі, хіба апрача выступу славіста з Будапешта Андраша Золтана…

Апроч уступнага і завяршальнага пленарных пасяджэнняў і двух прэзентацый літаратуры (27 і 29 маяя), на Кангрэсе запланаваны і адбываюцца 19 тэматычных круглых сталоў. Толькі адзін з іх — двухдзённы: «Францыск Скарына і яго час». Ён — самы прадстаўнічы, тут працуюць зоркі беларусістыкі і славістыкі: Георгій Галенчанка, Адам Мальдзіс, Іван Саверчанка, Алесь Суша (Беларусь), Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў (Польшча), Джым Дынглі (Вялікабрытанія), Юрый Лабынцаў, Ларыса Шчавінская (Расія). З іншых выключных персаналіяў, варта абавязкова дадаць Лену Глагоўскую з Гданьска, якая старшынствавала і выступала 28 мая на стале «Беларусь у мемуарнай літаратуры».

Адкрыццё Кангрэсу. Фота svaboda.org

Колькі слоў пра «стрыжнявы» скарынаўскі круглы стол, другую частку якога можна наведаць 29 мая па адрасе вул.Сурганава, 1/2, аудыторыя 1110, з 14.00 па 16.00. Яго прыярытэт вызначаны прысвячэннем VI Кангрэсу 500-годдзю беларускага кнігадруку, якое надыйдзе ў 2017 годзе. Менавіта на скарынаўскім круглым стале прагучалі самыя знакавыя тэмы форуму. Ад успрынятай многімі як кур’ёз ініцыятывы кананізацыі Францыска Скарыны ў трох канфесіях — праваслаўнай, каталіцкай і уніяцкай («дзеля  экуменічнага яднання беларусаў» — ініцыятыва Адама Мальдзіса і Пятра Краўчанкі). Сапраўды, аўтарытэт Скарыны і так па-за пытаннем, кананізацыя хіба толькі дапаможа нязменнаму кіраўніцтву незалежнай Беларусі запомніць, што Францыск не жыў і не працаваў у Піцеры… Да больш значнага —  планаў навуковых даследванняў і публікацый у скарыназнаўстве да 2017 года, пазначаных Георгіем Галенчанкам. Сярод агучанага — упарадкаванне бібліяграфіі па Скарыне, перавыданне факсіміле ягонай Бібліі,  удакладненне шматлікіх «цёмных» месцаў біяграфіі першадрукара.

Найбольш драматычным момантам працы скарынаўскага стала 28 мая зрабілася абмеркаванне лёсу Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане, заснаванай у 1971 г. і кіраванай ад 1981 г. айцом Аляксандрам Надсанам, апостальскім візітатарам для беларусаў — грэка-каталікоў у эміграцыі. У красавіку 2015 года айцец Надсан пайшоў з жыцця, і зараз установай, як паведаміў прафесар Джын Дынглі з Лонданскага універсітэту, кіруе яе апякунская Рада. Перавагі становішча: дабрачынная установа, паводле брытанскага заканадаўства, не можа быць проста ліквідавана, або яе маёмасць распрададзена, без згоды ўсіх сябраў Рады. За выключэннем выпадку няздольнасці ўтрымліваць сябе фінансава. Менавіта гэтая праблема, а таксама забеспячэнне доступу чытачоў і даследчыкаў да буйнейшага ў Заходняй Еўропе сховішча дакументаў, артэфактаў і выданняў, звязаных з Беларуссю, зараз у цэнтры ўвагі апякунчай Рады. Магчыма, пры дапамозе беларускай дзяржавы, як прапанаваў прафесар Мальдзіс, Бібліятэка ўмацуецца, служачы месцам стажыровак студэнтаў Беларускага дзяржаўнага і лінгвістычнага, а магчыма іншых, універсітэтаў.

З цяжкасцю стрымліваючы слёзы пры ўспаміне пра блізкага сябру, айца Надсана, Джым Дынглі дадаў: «Апошнія словы айца Аляксандра былі: «Я зрабіў усё, што мог, цяпер вы старайцеся…» І Рада пачала працу: ідзе аблічбоўка выданняў старога кнігазбору, у інтэрнэце даступная інфармацыя пра новыя паступленні. Нарэшце, распачаліся працы па разборы несістэматызаваных скрыняў з архівамі і дакументамі. «Але, — дадаў англійскі навуковец, — аб перадачы калекцый у Мінск няма і гаворкі. Хто дасць гарантыю, што ў вас не ўтворыцца  «Мінская народная рэспубліка?»…

Пленарнае пасяджэнне. Фота svaboda.org

Дарэчы, папоўніць фонды Бібліятэкі з Беларусі ахвочыя могуць праз Фонд «Сакавік», кіраваны ўнучкай Якуба Коласа Марыяй Міцкевіч. Гэта важна яшчэ і таму, што прафесар Мальдзіс, сталы донар Бібліятэкі з Беларусі, знаходзіцца ў занадта паважным узросце для здзяйснення штодзённага подзвігу аднаасобна.

Застаўся дзень, каб наведаць мерапрыемствы VI Міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Праграму можна знайсці тут.

Каментаваць