Экспазіцыя "залатога стагоддзя" "Час магнатаў"

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" арганізоўваюць выставу жывапісу, графікі і скульптуры "Час магнатаў" навучэнцаў і выкладчыкаў Гімназіі-каледжа мастацтваў імя. І.В. Ахрэмчыка, урачыстае адкрыццё якой адбудзецца 20 студзеня а 17-ай гадзіне ў арт-холе тэатра (вул. Крапоткіна, 44).



Экспазіцыя прысвечана "залатому стагоддзю" у гісторыі Беларусі, яе гісторыка-культурнай спадчыне, выдатным асобам. Мэтай правядзення выставачнага праекта з'яўляецца творчае асэнсаванне і папулярызацыя аднаго з самых важных гістарычных перыядаў Беларусі — XV–XVIII стагоддзяў — часу найбольш яркага росквіту нацыянальнай культуры.

Выстава з'яўляецца вынікам адной з праграм, якая рэалізуецца Моладзевым грамадскім аб'яднаннем "Азбука прадпрымальніцтва" сумесна з грамадскім аб'яднаннем "Аффабулационе" (Італія, Рым) і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў (Мінск, Беларусь) у межах праекта "Голас культуры" пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза з мэтай ўстанаўлення грамадскага дыялогу ў сферы культуры праз забеспячэнне разумення беларускай самабытнасці, захаванне, трансляцыю і інтэграцыю нацыянальных звычаяў і традыцый у сучасным мастацтве з выкарыстаннем патэнцыялу творчых індустрыі.

У выставе прымаюць удзел педагогі каледжа, сярод якіх — І.А. Арцімовіч, Ф.М. Басалыга, П.У. Лявонаў, М.П. Шыбко, П.У. Пірагова, А.М. Гардзіёнак-Кірэева, В.У. Цімашоў і іншыя, а таксама лепшыя навучэнцы дадзенай установы адукацыі.

Унікальныя аўтарскія творы мастацтва, аформленыя ў цэласную экспазіцыю, былі створаны на аснове сабранага матэрыялу падчас даследчай працы па вывучэнні багатага іканаграфічнага матэрыялу, помнікаў архітэктуры, нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў.

Кантактная інфармацыя арганізатараў выставы:

Іван Арцімовіч, выкладчык Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка (+375 29 369-35-10),

Юрый Саламонаў, галоўны мастак Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (+375 29 562-35-61),

Павел Сапоцька, дырэктар мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (+375 29 853-75-98).

Паводле прэс-рэлізу

Каментаваць