Элементарыум

9 лістапада ў Галерэі «Ў» (Мінск, праспект Незалежнасці, 37а) адчынілася выстава пад назвай «Элементарыум» — прасторавых аб’ектаў і відэаарту, якія ўвазе наведвальнікаў прапанаваў Канстанцін Мужаў.



9 лістапада ў Галерэі «Ў» (Мінск, праспект Незалежнасці, 37а) адчынілася выстава пад назвай «Элементарыум» — прасторавых аб’ектаў і відэаарту, якія ўвазе наведвальнікаў прапанаваў Канстанцін Мужаў.

Малады мастак вядомы публіцы як удзельнік «Беларускага павільёну 53-й Венецыянскай біенале», праекту ART.INTOUCH ды і часткова падобнымі экспанаваным зараз творамі, паколькі сам «Элементарыум» — праект у руху. Ён ужо часткова рэалізоўваўся на іншых выставачных пляцоўках Мінска ў 2009–2010 гадах.

У халаднавата-пурыстычнай прасторы галерэі дзесяць аб’ектаў, паказ якіх суправаджаецца гукамі фонавай музыкі і кадрамі на двух экранах (таксама рух геаметрычных аб’ектаў), глядзяцца выключна цэласна. Мастак ставіць чысты эксперымент: як праз простыя геаметрычныя аб’ёмы і канструкцыі з каляровых элементаў-модуляў перадаць пачуцці, рух у застылым матэрыяле, існаванне чатырох светатворных прыродных стыхій.

Агонь, паветра, вада, зямля — чатыры знакамітыя элементы пачатку, на якіх у еўрапейскай традыцыі з антычнасці будуецца ўся разнастайнасць жыцця. Чалавеку з класічнай мастацкай адукацыяй, магчыма, адразу прыгадаецца знакаміты «Польскі вершнік» Рэмбрандта, партрэт беларуса Марцыяна Аляксандра Агінскага з нью-йоркскай галерэі Фрык, дзе таксама пануюць гэтыя чатыры асноўныя элементы. Там яны ўвасобленыя ў эстэтыцы рэалістычнага адлюстравання. Але на двары не XVII, а XXI стагоддзе, і традыцыя падпадае пад выпрабаванне новага мастацка-навуковага аналізу шляхам раскладкі на элементы.

Так і атрымліваецца «Элементарыум» — здавалася проста, але ж цікава і, здаецца, плённа і эфектна. Выстава камерная, як лабараторыя даследчыка, але варта завітаць на яе на некалькі хвілін, каб пранікнуцца нязвыклым пачуццём пошуку.

 

Каментаваць