Эпоха Барадуліна

“Эпоха Барадуліна – гэта назва новага дакументальна-публіцыстычнага фільма, прэзентацыя якога прайшла ў сталічнай Галерэі “Ў 28 красавіка. Стваральнікамі стужкі сталі рэжысёр і аўтар сцэнарыя Віктар Корзун і прадзюсэр ды вядоўца інтэрв’ю Кася Камоцкая.

(На здымку: Кася Камоцкая і Віктар Корзун)



“Эпоха Барадуліна – гэта назва новага дакументальна-публіцыстычнага фільма, прэзентацыя якога прайшла ў сталічнай Галерэі “Ў 28 красавіка. Стваральнікамі стужкі сталі рэжысёр і аўтар сцэнарыя Віктар Корзун і прадзюсэр ды вядоўца інтэрв’ю Кася Камоцкая.

(На здымку: Кася Камоцкая і Віктар Корзун)


Гэты фільм, праца над якім доўжылася больш за тры гады, ствараўся да 75-годдзя Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Адметнасцю 52-хвіліннай стужкі ёсць тое, што тут сабраны унікальныя архіўныя матэрыялы не толькі пра жыццё самога Паэта, але і пра ўсю тую эпоху, у якой Дзядзьку Рыгору давялося жыць: ад трыццатых гадоў мінулага стагоддзя (нарадзіўся Рыгор Іванавіч ў 1935 годзе), ад часоў ваеннага ліхалецця і да сённяшніх дзён.

У фільме няма доўгіх прамоваў і маналогаў, няма зацяглых успамінаў самога Рыгора Барадуліна ці тых, хто яго добра ведаў. Але разам з архіўнымі фота- і відэаматэрыяламі пераплятаюцца здымкі цяперашняга Творцы, ягоныя кароткія разважанні пра падзеі, сведкам якіх яму давялося быць, пра сэнс чалавечага жыцыця.

Адным з самых кранаючых момантаў у фільме ёсць песня, якую выконвае маці Рыгора Іванавіча Акуліна Барадуліна. Гэту стужку са свайго архіву, як і ўрывак выступу Уладзіміра Караткевіча на адным са з’ездаў Саюза пісьменнікаў БССР для фільма даў Сяргей Панізнік. Ёсць у фільме вершы і песні ў выкананні самога Рыгора Барадуліна. Вельмі цікавыя і здымкі родных барадулінскіх Ушачаў ад 1943 году, калі гэтыя мясціны былі акупаваны нацыстамі – Рыгор Іванавіч каротка ўзгадвае і пра захопнікаў, і пра партызан, стаўленне да якіх у Паэта неадназначнае. “Розныя яны былі – і такія, і такія, так што пытанне партызанскага руху – складанае, - гаворыць з экрана Паэт.

Ёсць у фільме і выказванні пра Барадуліна ягонага блізкага сябра Васіля Быкава, які лічыў Рыгора Іванавіча адным з лепшых паэтаў сучаснасці. І кадры з пахаванняў Народнага пісьменніка, калі быкаўскі надмагільны крыж нёс менавіта Барадулін…  

Валерый Мазынскі і Максім Жбанкоў


Фільм глядзіцца на адным дыханні, пра што пасля прагляду казалі вядомыя ў Беларусі мастацтвазнаўцы і кінакрытыкі.

“Я хацеў бы падзякаваць стваральнікам карціны за выдатны партрэт чалавека і эпохі – вельмі далікатны, вельмі тактоўны, вельмі глыбокі, які кранае. І гэта сур’ёзны поспех, - адзначыў кінакрытык Андрэй Расінскі.
 
“Гэта той рэдкі выпадак, калі мы стоадсоткава салідарныя са спадаром Расінскім, хоць звычайна ў нас ёсць пэўныя нестыкоўкі ў пазіцыях, - сказаў культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў. – Можна да таго, што мы бачылі, ставіцца як да стужкі. Можна разважаць, што тое там неналежным чынам зроблена, гучок недзе там падкачаў, ці колькі фіналаў у стужцы – два ці тры. Але гэта неістотна, галоўнае, мне падаецца, іншае – тое, што мы да гэтых рэчаў мусім ставіцца зусім іншым чынам.
Я апошнім часам усё часцей разважаю пра тое, што часы нашы нядоўгія і, на жаль, у кожнага зямнога шляху ёсць свой канец. Дай Бог спадару Барадуліну яшчэ сто гадоў жыцця, але вельмі істотна злавіць час праз людскія лёсы, не спазніцца, таму што потым ужо не затрымаеш, не дагоніш і не ўдакладніш, як там тое было.
Гэтыя фантастычныя людзі зараз з намі, і тое, што яны трапляюць на экран і захоўваюцца не толькі для нас зараз, але і для тых, хто будзе пасля нас і потым, вось гэта рэчы неверагодна каштоўныя. І за гэта мы павінны быць вельмі ўдзячны аўтарам, таму што гэта праца на будучыню, гэта праца на краіну і на многія яе генерацыі.   

Пры канцы прэзентацыі некалькі песняў на вершы Рыгора Барадуліна, у тым ліку і на тыя, што прагучалі ў фільме, выканаў бард і блізкі сябра Паэта Алесь Камоцкі, якога стваральнікі карціны назвалі “даверанай асобай Дзядзькі Рыгора і без якога, па словах Касі Камоцкай, гэты фільм увогуле мог не з’явіцца.
 

Каментаваць