Эпоха “чорных спісаў”: супраціў нарастае

Парадокс сённяшняй беларускай моўнай сітуацыі ў тым, што для дзяржаўнага бюракратычнага апарата мова тытульнай нацыі ў нашай краіне па розных прычынах стала небяспечнай, бо цвёрда атаясамліваецца з апазіцыяй. Для іх ўмацаванне пазіцый роднага слова сведчыць пра нарастанне пратэстных настрояў у грамадстве. Гэта палохае ўлады і таму беларуская мова застаецца ў падчарках, а яе носьбіты аб’яўляюцца “свядомымі, “адмарозкамі, “бэнээфаўцамі.



Парадокс сённяшняй беларускай моўнай сітуацыі ў тым, што для дзяржаўнага бюракратычнага апарата мова тытульнай нацыі ў нашай краіне па розных прычынах стала небяспечнай, бо цвёрда атаясамліваецца з апазіцыяй. Для іх ўмацаванне пазіцый роднага слова сведчыць пра нарастанне пратэстных настрояў у грамадстве. Гэта палохае ўлады і таму беларуская мова застаецца ў падчарках, а яе носьбіты аб’яўляюцца “свядомымі, “адмарозкамі, “бэнээфаўцамі.

Адным з вынікаў гэтых панічных адносін да роднага слова стала стварэнне штучнага дзяржаўнага прадукту пад умоўнай назвай “сучасная беларуская культура на мове суседняй дзяржавы. На гэтую “ідэю працуюць шматлікія моўныя калабаранты, ад вядучых FM-эфіру да “зорак беларускай эстрады, якія імітуюць творчасць, мэта якой – кансервацыя каланіяльнага стану беларускай нацыі на як мага больш працяглы перыяд.

І калі нейкая сацыяльная ці культурная з’ява пярэчыць “новай палітыцы ў галіне мастацтва, то вакол яе ствараюцца ўмовы для шчыльнай ізаляцыі, лакалізацыі і самазнішчэння. Сумнавядомыя “чорныя спісы беларускіх рок-выканаўцаў – частка спроб бюракратычнага апарата паставіць пад кантроль распаўсюджанне альтэрнатыўнага культурніцкага прадукту, які з’яўляецца сведчаннем развіцця сучаснай беларускай культуры ва ўмовах татальнага нацыянальнага прэсінгу. Чаму ж тады нацыянальны па духу і зместу прадукт, напрыклад музычны, і ў такіх умовах усё ж знаходзіць свайго спажыўца, чаму моладзь усё часцей аддае перавагу малапрэзентаваным ў дзяржаўных СМІ творам гуртоў і выканаўцам, якія не грэбуюць родным словам?

Тут можна назваць і творчую нежыццяздольнасць дзяржаўнага культурніцкага істэблішмэнту, і распаўсюджанне прынцыпаў D.I.Y.-культуры, і магутны ўплыў інтэрнэта. Немалую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць новыя формы існавання нацыянальнай культуры, якія становяцца яркай ілюстрацыяй эпохі “чорных спісаў.

Усё пачыналася з “Басовішча…


На самым пачатку канфлікту нацыянальнай рок-плыні і тутэйшай русіфікаванай бюракратыі фестывальны рух на тэрыторыі нашай краіны падпадаў пад татальны кантроль і фінансавы ціск мясцовых уладаў, якія не жадалі праводзіць на сваёй тэрыторыі такія неспакойныя мерапрыемствы. (Успомнім лёс полацкага фэста “Рок-Кола). Таму стылістычная панарама Беларусі абмежавалася фэстамі фальклорнай і дзяржаўна-папсовай скіраванасці. У адказ на гэтую тэндэнцыю айчынныя музыканты скарысталіся магчымасцю арганізацыі на тэрыторыі Польшчы адметнага рок-фестывалю. Гэтая ідэя належала беластоцкім беларусам і іх аргументацыя палягала ў тым, што забараніць такі фэст у беларускіх уладаў магчымасці не будзе, да таго ж, творчасць беларускіх рок-гуртоў стане больш вядомай за межамі краіны. Арганізацыйны прынцып “Басовішча быў скарыстаны і для правядзення шэрагу іншых open air’аў у краінах-суседках (Украіна, Літва, Расія, а таксама на суверэннай тэрыторыі ЗША – у амбасадзе гэтай краіны ў Мінску), якія зрабілі беларускую рок-музыку больш вядомай і запатрабаванай тут і за межамі Беларусі. Нажаль, пры змене палітычнага курса у той ці іншай краіне (акрамя Польшчы і “Басовішча), дзе адбывалася музычная дзея, некаторыя з гэтых фэстаў мелі арганізацыйныя праблемы ці ўвогуле адмяняліся. Сёння ўсё больш актуальным з’яўляецца ўдзел айчынных выканаўцаў ў міжнародных еўрапейскіх фэстах, а таксама ў тых краінах, дзе пражывае дастаткова вялікая беларуская дыяспара. Хоць вага і значэнне для беларускамоўнай рок-музыкі пачынальнікаў “трансгранічнага музычнага абмену – фэста “Басовішча – ў гэтых умовах толькі ўзмацняцца. З гэтай прычыны застаецца небяспека спроб спецслужбаў разбурыць гэты сімвал незалежнай сучаснай беларускай культуры знутры.

Рок-бард А.Плясанаў

І яго слухачы на канцэрце-хатніку



Пампуй, але падтрымай любімага выканаўцу

Першае, што было зроблена для напаўнення “чорных спісаў рэальнымі зместам – уведзена негалосная забарона выступленняў і трансляцыі канцэртаў беларускамоўных выканаўцаў. У такіх умовах сусветнае інтэрнэт-павуцінне стала важным сродкам кантакта з патэнцыяльнымі слухачамі. Многія з выканаўцаў, асабліва андэграўнднага кірунку, імкнуцца размясціць свае сінглы і альбомы ў выглядзе інтэрнэт-рэлізаў, якія папярэднічаюць выхаду іх твораў на матэрыяльных носьбітах. Існуюць парталы, на якіх можна праслухоўваць кампазіцыі маладых гуртоў і, адначасова, пералічыць грошы на падтрымку таго ці іншага ўпадабанага гурта. Акрамя гэтага спецыялізаваныя сэрвісы прапануюць музыкантам паслугі па размяшчэнні іх твораў ў FM-эфіры па ўсёй Еўропе, а таксама, для стварэння саўнд-трэкаў да кінастужак.

Гэтымі магчымасцямі карыстаюцца і беларускія выканаўцы, асабліва маладыя. Для іх інтэрнэт – магчымасць пазнаёміць патэнцыйных слухачоў са сваёй музыкай, заявіць пра свае творчыя планы і дасягненні. Але выкладаннем новых сінглаў у інтэрнэце выкарыстанне яго магчымасцей не абмяжоўваецца. З дапамогай “сусветнага павуціння праводзяцца кампаніі з патрабаваннямі адмены “чорных спісаў, замаўляюцца на FM-радыёстанцыях беларускамоўныя кампазіцыі, а ў сацыяльных сетках ствараюцца суполкі аматараў беларускамоўнай музыкі ўсіх напрамкаў. Калі існуе неабходнасць аператыўна давесці нейкую рэкламную інфармацыю пра запланаваны канцэрт, то з дапамогай інтэграцыйных праграм навіна распаўсюджваецца па ўсіх каналах сацыяльных сетак адразу. На чарзе – анлайн-канцэрты беларускіх рок-гуртоў, падчас якіх слухачы маюць магчымасць весці дыялог з іх удзельнікамі, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Для маладых выканаўцаў віртуальныя канцэрты – яшчэ і метадычны дапаможнік па вырашэнню арганізацыйных і тэхнічных пытаннях рэальнай канцэртнай дзейнасці.

Віртуалізацыя айчыннага рок-руху, безумоўна, не можа замяніць непасрэднага кантакта музыкантаў са сваімі прыхільнікамі. І таму ўсе пералічаныя формы прасоўвання айчыннага музычнага прадукту маюць мэту надаць энергіі для далейшага штуршка “жывых канцэртных акцый.

Канцэрт адмяніць нельга праводзіць

Галоўная мэта “чорных спісаў – пазбавіць магчымасці беларускамоўных выканаўцаў непасрэднага кантакту з аўдыторыяй, а ў перспектыве звесці яго ўплыў да нуля. Тое, што бюракратыя пойдзе на любыя крокі, каб ажыццявіць задуманае, сведчыць нядаўні выпадак з бардамі Ігарам Сімбіровым і Змітром Бартосікам. Выканаўцы былі арыштаваныя пад Мінскам пасля канцэрта на адкрытым паветры. І нічога дзіўнага ў гэтым факце няма: для усяго беларускага па духу і кантактаў са слухачамі яго прадстаўнікоў даўно ўведзены “чырвоны колер небяспекі.

У гэтай сітуацыі патрабуецца змена тактыкі канцэртнай дзейнасці. Сёння акцэнты пераносяцца паводле прыцыпу непадцэнзурнай D.I.Y.-культуры: “Мысліць глабальна, дзейнічаць лакальна. Гэта значыць, стаўка робіцца не на буйныя канцэртныя пляцоўкі (хоць магчымасць выступіць на іх не адмятаецца), на правядзенне “хатніх канцэртаў, як у сталіцы, так і ў правінцыі. Такія “хатнікі праводзяцца там, дзе зручна для слухачоў, дзе зведзены да мінімуму магчымасці для перашкод з боку пільных змагароў з “национализмом. Маюцца на ўвазе офісы буйных беларускіх партый, рухаў і грамадскіх аб’яднанняў, літаратурныя музеі, прыватныя кватэры і лецішцы беларускіх музыкаў. Так, разам з вырошчваннем на градках “і хрэна, і капусткі, і нават бубкаў на кампот (© Н.Гілевіч), на лецішчах абсталёўваюцца студыі гуказапісу, а таксама камерныя залы для невялікіх “электрычных і акустычных канцэртаў. Гледачоў на такіх імпрэзах прысутнічае няшмат, але праводзіць такія музычныя сустрэчы можна даволі часта. Да таго ж, непасрэдны кантакт слухачоў і выканаўцаў дазваляе праводзіць такія “хатнікі з неверагодным вынікам: тыя, хто выпадкова ці свядома трапіў на такі канцэрт, ужо ніколі не забудзецца пра яго пазітыўную атмасферу павагі да роднага слова, дух ўзаемаразумення, які і сталі візіткай айчыннага беларускамоўнага музычнага руху.

Традыцыя “хатнікаў у Беларусі маюць сваё развіццё ў выглядзе канцэртаў на хутарах, якія даюцца ці арандуюцца іх уладальнікамі для музычных сустрэч далёка ад вачэй ідэалагічнай вертыкалі. Гэтая форма спалучае магчымасць паслухаць любімую музыку, а таксама, адпачынак і пікнік на свежым паветры. Такіх “хутарскіх канцэртаў і фэстаў праводзіцца яшчэ не так шмат, але такая канцэртная форма даволі прыцягальная для слухачоў і таму мае добрую перспектыву. На новыя рэаліі канцэртнай дзейнасці ў Беларусі станоўча рэагуюць і самі музыкі, якія больш ахвотна адгукаюцца на запрашэнні выступіць на непадцэнзурных канцэртах, смела “ідуць у людзі. Дзеля большай мабільнасці і эфектыўнасці многія гурты (нават панкаўскага і metal-кірунку) рыхтуюць свае праграмы ў фармаце unplugged – “жыўцом, з выкарыстаннем акустычных інструментаў. Для слухачоў ствараецца дадатковы стымул наведаць такі канцэрт, каб паслухаць сваіх куміраў у нязвыклым гучанні, з незвычайнымі аранжыроўкамі...

“Чорныя спісы беларускіх выканаўцаў – гэта забыты ў Еўропе феномен культурнага жыцця, які ў нас зрабіў актуальнымі ранейшыя і новыя формы супраціву бюракратычнаму ўмяшанню ў творчыя працэсы. Іх выкарыстанне цяпер дапамагае айчынным выканаўцам ставіць коску ў сказе, што вынесены ў загаловак майго эсэ, там, дзе гэтага патрабуе ўдумлівы беларускі слухач.

Каментаваць