Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Еўрабачанне і комплекс непаўнавартасці беларусаў

Некалькі апошніх дзён уся мая стужка ў Facebook запоўнена страсцямі па «Еўрабачанні». Людзі радуюцца, што свет упершыню пачуў са сцэны беларускую мову, злуюцца, што толькі 17-е месца…

Фота www.inewsgr.com



Апошнія некалькі тыдняў я слухаў праз інтэрнэт італьянскае радыё — станцыю, прысвечаную сучаснай поп-музыцы (калі каму цікава — Radio Padova). Звычайная FM-станцыя — музыка, навіны, балбатня вядучых. Дык вось: за ўвесь гэты час яны аніводнага разу не ўзгадалі ў сваіх размовах або навінах пра “Еўрабачанне”. Бо італьянская музыка — самадастатковая, яны ведаюць сабе кошт.

Так, сапраўды, “Еўрабачанне” у свой час было зроблена па ўзоры італьянскага спеўнага конкурсу ў Сан-Рэма. Але пры тым італьянцы ставяцца да гэтага міжнароднага конкурсу абсалютна спакойна. Ён ім малацікавы.

Італьянцам нецікава, як да іх спеўнай культуры ставяцца ў іншых краінах. Сапраўды, людзі, у мове якіх кожнае слова заканчваецца галосным гукам, могуць сабе гэта дазволіць. Але ж беларускую мову сусветныя філолагі лічаць другой па мілагучнасці пасля італьянскай. Здавалася б, і нам няма чаго асабліва турбавацца з-за таго, паспяхова ці не мы ўдзельнічаем у “Еўрабачанні”... Але ж не.

Некалькі апошніх дзён уся мая стужка ў Facebook запоўнена страсцямі па “Еўрабачанні”. Людзі радуюцца, што свет упершыню пачуў са сцэны беларускую мову, злуюцца, што толькі 17-е месца, турбуюцца пра далейшы лёс нашых выканаўцаў. А яшчэ — зацята падлічваюць, — хто і колькі галасоў даў Беларусі. І спрэс бачу нейкія крыўды на палякаў ды літоўцаў, падзякі ўкраінцам...

Пра што гэта ўсё гаворыць? Беларусы, на жаль, паказваюць, наколькі яны залежаць ад меркавання іншых людзей, іншых краін і нацый. “Як прагаласуюць? Што скажуць, пачуўшы беларускія спевы? Каму мы падабаемся? Каму не падабаемся? Чаму? Што зрабіць, каб падабаліся?”. Вось італьянцы не пераймаюцца такімі пытаннямі. Яны любяць сваю музыку, яны яе слухаюць і чхалі яны на меркаванне іншых. Гэта — самадастатковасць.

А беларусы ўсё турбуюцца — спадабалася ці не? Не сабе спадабалася — камусьці іншаму. Таму, хто нават часам і не ведаў, што Беларусь — асобная краіна. Гэта, панове, — несамадастатковасць. Гэта залежнасць ад меркавання іншых — комплекс непаўнавартасці.

Выбачайце, каго пакрыўдзіў.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-05-15 18:20:25
Разумны артыкул. Насамрэч, гэта ўсяго толькі сумесь конкурсу для хатніх гаспадынь з фрык-шоу, а шуму-та, шуму... Яшчэ адно меркаванне тут: http://belisrael.info/?p=10905

Каментаваць