Фізкульт-інтэграцыя

Апошнім часам адносіны паміж Масквой і Мінскам апісваюцца з дапамогай метафар, якія азначаюць фізічныя дзеянні і рухі. Іх цалкам дастаткова для невялікага курсу гімнастыкі.

Хотели президента наклонить...»



Апошнім часам адносіны паміж Масквой і Мінскам апісваюцца з дапамогай метафар, якія азначаюць фізічныя дзеянні і рухі. Іх цалкам дастаткова для невялікага курсу гімнастыкі.

Хотели президента наклонить...»

— Фізкульт-прывітанне, супрацоўнікі цэху па вытворчасці айчынных шайбаў! Пачынаем ранішнюю гімнастыку. Першае практыкаванне — нахіленне прэзідэнтаў. Хуценька ўсе разлічыцеся на першы — другі. Зараз першыя нумары — «адмарозкі». Другія — «прэзідэнты». Цяпер «адмарозкі» па камандзе пачынаюць нахіляць «прэзідэнтаў». Пачалі! Нахіляем, нахіляем... Пятроў, ты што, ідыёт? Што значыць — «так»? Я разумею, што ты нумар першы. Я ў тым сэнсе, што ты па-ідыёцку нахіляеш «прэзідэнта». Ідэя практыкавання ў тым, каб ты не здолеў яго нахіліць. Ён жа непахісны. Расхілі прэзідэнта ў позу поўнай шматвектарнасці. Вось так.

«Руководство России цапает нас за разные части тела»...

— Хапаць суседа за розныя часткі цела — наступная задача. Працуем рытмічна на раз-два-тры. На раз — абіраем частку, на два — заносім рукі, на тры — хапаем. Раз-два-тры. Раз-два-тры... Не халтурым! Пятроў, ты памятай, што ты кіраўніцтва Расіі, а не Еўрасаюза. Што ты з ім цацкаешся? Хапай брутальней і актыўней! Вось так, Іваноў. Я яшчэ ж казаў за розныя часткі цела, а ты зацыкліўся на адной. Цябе што, тут мёдам намазана? Вось тут яго хапні! І вось тут!

«Хотели президента наклонить — получилось наоборот»

— Зараз вельмі важнае практыкаванне. Нахіленне прэзідэнтаў і атрыманне «наоборот». Першыя нумары ўзялі ў рукі ручныя гімнастычныя нахілятары і працуем з іх дапамогай. Пятроў, што ты тут панахіляў? Чаму партнёр у коме? «Наоборот» — гэта значыць, што твой партнёр павінен яшчэ дыхаць і бубнець: «Дай Бог, чтобы они, безмозглые, дальше вели эту кампанию». Адкачай таварыша!

«Мы выкарабкались из той ситуации, в которую нас поставила Россия»

— Нарэшце паспрабуем разам дружна і весела выкараскацца з сітуацыі. Так, усе прынялі патрэбную пазіцыю. Пятроў, мне не патрэбна “Камасутра! Нагу трэба вось так, руку вось так, а гэты орган сюды. Увага — старт! Караскаемся. Караскаемся, Іваноў! Я кажу — караскаемся з пазіцыі, у якую нас паставілі, а не выпаўзаем з яе на карачках. Прычым задам. Стоп. Усе, акрамя Іванова, — малайцы!

«Мы наклонились и попытались взлететь»

— На гэтым сённяшнія заняткі заканчваюцца. На наступным тыдні мы асвоім новае практыкаванне — нахіленне са спробай паляцець. Адразу адзначаю — ляцець можна толькі ў Іран і Венесуэлу. На гэтым усё... Усім фізкульт-прывітанне!
 

Каментаваць