Фацэцыі нашага часу

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Сіўчыкава «Уладзевы гісторыі: проза», якая адбылася сёлета ўвесну ў «Галерэі Ў» і сталася істотнай з’яваю літаратурнага жыцця Беларусі, змусіла мяне па-новаму паглядзець на тэкст, пацвердзіць або дапоўніць свае ранейшыя здагадкі.


Мяне наведала думка пра тое, што нашай літаратуры хранічна бракавала асобы апавядальніка. Аўтараў у ёй нямерана, асабліва ў віртуальнай частцы нашай літаратуры, дзе пісьменнікаў відавочна больш, чым чытачоў.

Калісьці ён, апавядальнік, ён жа Казачнік, падтрымліваў увесь эпічны масіў вербальнай творчасці. Геніяльныя казачнікі кшталту Рэдкага, якога запісваў не менш геніяльны А. Сержпутоўскі, здаецца, сышлі ў мінулае. Тым больш адчуваецца настальгія па вусным аповедзе, па занатаванай гісторыі, або фацэцыі...

Гісторыі здараюцца з усімі і на кожным кроку. Але толькі гультаі не запісваюць іх, не ператвараюць у кнігу, як гэта зрабіў аўтар «Уладзевых гісторый». І вось у нашую найноўшую літаратуру ўвайшоў найноўшы герой  — Уладзя, які час ад часу трапляе ў гісторыі, але часцей сам назірае іх, з цікавасцю і лёгкай іроніяй, часам смуткам, даволі часта падыходзіць да ўдзельнікаў той або іншай гісторыі і ўстаўляе сваё слоўка, але, самае галоўнае, даволі педантычна занатоўвае здарэнне.

Згаданую прэзентацыю, натуральна, вёў сам аўтар, рабіў гэта дастаткова вынаходліва і дасціпна, і, галоўнае, запрапанаваў кожнаму з выступоўцаў, каб не адчулі сябе гультаямі, распавесці ўласныя гісторыі. Гэтай магчымасцю з задавальненнем скарысталіся ўсе прамоўцы, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, які падзяліўся гісторыяй пра тое, як вынаходлівая студэнтка-завочніца ўзяла ў сваёй сяброўкі дзіця напракат, каб лацвей было з крыклівым немаўляткам здаваць іспыты і залікі…

Здаецца, найбольшую суму смеху атрымаў Рыгор Сітніца, чые фацэцыі пераказаць проста немагчыма  — іх варта або слухаць у аўтарскім выкананні, або кланяцца аўтару, каб таксама выдаў іх асобнаю кнігаю, калі ён, вядома, не гультай.

Плённай была мікрадыскусія пра дыстанцыю паміж аўтарам гісторый і іх героем. Даверлівы чытач можа падумаць, што гэты самы Уладзя і ёсць не хто іншы, як сам Уладзімір Сіўчыкаў, бо ў творы фігуруюць персанажы, у якіх можна адгадаць жонку і дачок Сіўчыкава, яго блізкіх, сяброў, знаёмых.

Я пазнаю кагось знаёмага ў персанажы гісторыі «Мова продкаў», якога завуць Пятро В. Было, было… Былі і Асяніны, і традыцыйныя клёцкі з душой, якія так шануюць на Полаччыне, і працяглыя размовы пра жыццё і літаратуру, нават згадка пра чалавека-легенду Анатоля Папанава. «У гайдаеўскай кінакамедыі «Брыльянтавая рука» стварыў ён камічны эфект ад свайго героя-кантрабандыста праз мову сваіх беларускіх продкаў, а хутчэй праз так званую трасянку. Варта згадаць хоць некаторыя ягоныя рэплікі, расцяганыя на цытаты: «Сядзем усе!», «Кутузаў!», «Кліент гатоў!», «Будзе табе там і ванна, будзе і кофа, будзе і какава з чаем!» Нават цютчаўскі раманс гучыць у Папанава з шаржыраваным беларускім акцэнтам: «Я ўстрэціў Вас і ўсё былое…»

Тут рэч не столькі ў Папанаве з яго акцэнтаваным «у нескладовым», а ў тым, што размова тая хоць і мелася, але цяпер пра кінаакцёра размаўляюць не рэальныя асобы, а Пятро В. і Уладзя, бо гэта ўжо літаратура.

Калі я тлумачу студэнтам літаратуру, дык часам ужываю даволі простыя мантры ды яшчэ паўтараю іх. Прыкладам: «Літаратура  — гэта што? Літаратура  — гэта тэксты. А з тэкстамі трэба рабіць што?» Студэнты хорам адказваюць: «Тэксты трэба чытаць».

Наступную мантру павінны ведаць і студэнты, і чытачы, і літаратурныя крытыкі (бо часам забываюцца). Аўтар і літаратурны «я-герой», ці, як яшчэ кажуць, наратар,  — не адно і тое ж. Яны ніколі не супадаюць. Нават калі гэта героі «Споведзяў» Жана Жака Русо або Льва Талстога. Наратары жывуць у іншасвецці, і таму інакшыя. Праз тое я даволі скептычна стаўлюся да моднага на сёння жанравага вызначэння «нон-фікшн», бо ў літаратуры ўсё ёсць «фікшн». У тым ліку і «нон-фікшн».

Таму марна папракаць аўтара, што нешта запісаў не так, і даводзіць, што ўсё было іначай.

Уладзя, створаны Уладзімірам Сіўчыкавым, нагадвае мне фальклорнага Кіндзюліса, героя латышскіх показак, які неадменна з’яўляецца, нешта кажа і сыходзіць. А ўсе ўсміхаюцца. Толькі беларускі герой не чакае, што нехта нешта запіша, а запісвае сам.

Вядома ж, літаратурны герой можа пераймаць некаторыя рысы свайго стваральніка  — як жа інакш? Як і У. Сіўчыкаў, літаратурны Уладзя мае дзве адукацыі  — мастака і філолага. У яго назіральнае мастакоўскае вока, здольнасць да эксфразісу (калі мастацкія рэаліі перадаюцца вербальным шляхам). Яго трывожыць усё, што звязана з мастацтвам, ад класічнага жывапісу да прыдарожнага інсітнага мастацтва (гэта значыць, размаляваныя прыдарожныя валуны), і лёс зніклых металічных цмокаў і жабак у жылым раёне Уручча, дзе ён пражываў значны час.

І разам з тым ягоны слых завостраны на слове, філалагічных рэаліях. Чытачу будзе цікава даведацца, што слова «шашлык» паходзіць ад «шашы», што ў мове фарсі азначае «шэсць», і што класічны шашлык  — гэта калі на шампур нанізваюцца шэсць кавалачкаў добра прамарынаванага маркачыка («Нацыянальная страва»). Або што слова «піжон» паходзіць з французскай і азначае «голуб» («Піжоны»).

«Уладзевы гісторыі» шмат у чым нагадваюць показкі, легенды. Анекдоты на Беларусі запісваліся ў глыбокай старасвеччыне. Усім вядомая «Торба смеху» Караля Жэры. Е. Раманаў, А. Сержпутоўскі паназапісвалі мноства такіх анекдотаў, ад якіх у далікатных паненак пачырванелі б вушы. Але важна не толькі запісаць.

«Уладзевы гісторыі» вылазяць з фальклору, запаўзаюць у сучаснае жыццё, і робіцца цікава.

Чытач не стрымае ўсмешкі, калі прыгадае, дзякуючы Уладзю, рыжабарадаты анекдот пра тое, як Мядзведзь, Воўк і Ліса намерыліся гуляць у карты (напэўна, на грошы). Чытайма гісторыю «O sancta simplicitas!»

«У альтанцы на лецішчы рэзаліся ў карты тры дзеўкі-петнастоўкі.

Міма праходзіў Уладзя і працытаваў мядзведзеву рэпліку, канцоўку анекдота пра карцёжнікаў  — мядзведзя, ваўка і лісіцу:

 — А хто будзе махляваць, таго рыжай мордай аб стол!

Рудавалосая Таццяна П. ускінула на яго свае блакітныя вочы і прастадушна прашаптала:

 — А ў мяне не рыжая морда!»

Анекдот сам па сабе смешны, перадусім як лінгвістычны, але Уладзя ўмела злучае яго з жыццём, і атрымліваецца анекдот у анекдоце.

Кніга споўнена моднай на сёння татальнай іроніяй, якая здатная, паводле маіх ранейшых назіранняў, ратаваць чалавецтва ад страхаў жыцця. Як гэта вядзецца ў беларусаў, Уладзя здатны паіранізаваць і з самога сябе, пра што сведчыць гісторыя «Вот какой рассеянный!..». Яе герой блытае шапкі, акуляры, аўтамабілі, і ў гэтай бясконцай бойцы з рэчамі не баіцца падацца смешным. Самаіронія для беларусаў  — рэч даўняя, барочнае, можна сказаць, вынаходніцтва, калі прыгадаць, між іншым, «Прамову Мялешкі», аўтар якой з уяўнай прастадушнасцю разважае пра тое, якая дурніна ёсць швейцарскія гадзіннікі, і што лепшы за іх певень, «які няхібна апоўначы кукарэкуець».

Нашай літаратурнай традыцыяй з’яўляецца імкненне спалучаць прыемнае з карысным, як гэта вучыў рабіць барочны паэт Сімяон Полацкі, і што абарочвалася часцяком маралізатраствам. Ах, не судзіце залішне нашых літаратурных суддзяў, бо што нам, беларусам, было рабіць, калі не мелі сваёй філасофскай школы і філосафа накшталт украінца Скаварады (пакуль не з’явіўся Ігнат Абдзі­раловіч). Мелі Францыска Скарыну ды іншых асветнікаў. Па інерцыі і сёння літаратура час ад часу займаецца асветніцтвам, не цураецца і маралі строгай, пра што сведчыць, прыкладам, практыка таленавітага сатырыка Алеся Няўвеся.

Вось і Уладзя часам падыходзіць і пачынае павучаць перакінчыкаў, хамелеонаў і беларусафобаў, але ён не збіраецца, як той Мядзведзь, рабіць ім мордай аб стол і не выяўляе той зацятай ксенафобіі, уласцівай памянёнаму Мялешку, які марыў няпрошаных гасцей «па мордзе, па хрыбце і па ліцом, абы кароль, яго мосць, не ведаў». Уладзя ўжывае практыкі пакеплівання, пацвельвання, пра што сведчаць, прыкладам, гісторыі «Мімікрыя», «Пікіроўкі».

Яму не абыходзіць змест сучаснага календара і пазначаных у ім псеўдасвятаў («Прафесійныя святы»). Здавалася б, такая дробязь  — каляндар. Але ж гэта занатаваны гадавы цыкл, які нашыя продкі шанавалі здаўна, ствараючы земляробчы каляндар, шануючы царкоўны. І нават бунтаваліся супраць прыняцця грыгарыянскага, пра што сведчыць падрабязны запіс у «Баркалабаўскім летапісе». Каляндар  — сам па сабе сакральны тэкст. Недарэмна шляхціч Завальня меў удома толькі дзве кнігі: Біблію і Каляндар.

Нават патрапіўшы ў больніцу, Уладзя не кідае сваёй завядзёнкі пікіравацца з суседзямі, такі ўжо ў яго палемічны склад натуры («Палата № 13»). Уладзеў настойлівы беларусацэнтрызм падмацаваны дыхтоўнай літаратурнай традыцыяй.

Пад сучасную літаратуру створана тысячагадовая культурніцкая глеба, і «Уладзевы гісторыі» ўзгадаваліся на ёй, асабліва на старадаўняй традыцыі дыярыушаў, хаджэнняў, фацэцыяў. Майстры новай літаратуры  — М. Гарэцкі, З. Бядуля, Ядвігін Ш., Я. Брыль, А. Карпюк, В. Адамчык ды шмат хто іншы стваралі глебу мініяцюрнай прозы, на якой выгадаваліся Уладзя і яго сучаснікі. Шмат хто з нас вучыўся тэхніцы стварэння макрападзеі з мікрападзеі, занатоўвання жыццёвых і літаратурных уражанняў, у тым ліку і я, грэшны, ствараючы свае «філалагемы» і «пятрогліфы».

Глеба творыцца для таго, каб угнойваць наватворы, але перадусім спараджаць мастацкія адкрыцці. Што новага ў параўнанні з ранейшымі літаратурнымі гісторыямі змяшчаюць «Уладзевы гісторыі», апроч адметнай інтанацыі, аўтарскай усмешкі, унікальнасці ўласных назіранняў за жыццём?

Мне думаецца, эпічнай дамінантай твора, яе падзейным цэнтрам з’яўляюцца лысагорскія рэаліі. Лысая Гара  — сапраўдная сталіца краіны, якую стварыў Уладзя. Ён будзе выцягваць свае прыгоды з Франкфурта, Стакгольма, Гётэборга ды іншых далёкіх і блізкіх гарадоў, але Лысая Гара ўсё адно будзе вабіць яго.

Міхась Скобла ў сваёй рэпліцы прыгадаў пачатак лысагорскага эпасу  — вядома ж, «Сказ пра Лысую Гару». Містычнае і рэальнае жыццё гэтай мясціны працягваецца. Для Уладзі Лысая Гара не проста дачны кааператыў, дзе размяшчаецца і ягоны маёнтак, але прастора, дзе па-ранейшаму адбываецца літаратурнае жыццё. Сённяшнія лысагорцы мала нагадваюць тых савецкіх «піцьменнікаў», якія змагаліся за дзялянкі, будавалі дамкі і прыбіральні, шукалі ўгнаенняў, пілі гарэлку, лашчылі дзяўчат і маладзіц. Гратэскава-сатырычны свет, створаны класікам, як і побыт беларускіх савецкіх пісьменнікаў, стаў жыццёвым і літаратурным міфам  — вось што творыць з рэаліямі час. Лысагорцы сёння вядуць высокаінтэлектуальныя размовы пра літаратуру і мастацтва, замест бульбы і буракоў вырошчваюць экзатычныя кветкі, гуляюць у карты. Пісьменнікі не адвыклі яшчэ ад сялянскае касы́ дзеля брутальнага трымара і часам усчынаюць інтэлектуальныя бойкі вакол адкляпанай і добра навостранай «літоўкі» («Касі, каса, пакуль раса!»). Традыцыйнай засталася чарка і скварка, толькі цяпер персанажы не проста бяруць чарку, але «чаркуюць», як і належыць насельнікам гары, колісь заселенай чарадзеямі і вядзьмаркамі.

Але і гэты свет, як скрушна заўважае Уладзя, вельмі хутка можа стаць маргінальным і пусціць у сябе новых уладальнікаў, як гэта адбылося ў «Вішнёвым садзе» Антона Чэхава. Са скрухаю ў мініяцюры «Сумная тэндэнцыя» Уладзя пералічвае пісьменнікаў і сваякоў, што прадалі свае лецішчы на Лысай Гары. «Скрушна, бо на пісьменніцкіх лецішчах саміх літаратараў становіцца ўсё меней»,  — заўважае ён. Добра, што аўтар кнігі прыслухоўваецца да парады, якая прагучала на прэзентацыі, і сам не спяшаецца пакідаць мясціну, дзе літаратура наўпрост судакранаецца з жыццём.

«Уладзевы гісторыі» запоўнілі значную літаратурную лакуну ў жанравай прасторы беларускіх дыярыушаў, бурлескаў, фацэцыяў, іранічнай і мініяцюрнай прозы, хаця нагадаю і пра тое, што літаратура не можа надоўга замыкацца на самой сабе, і таму жадаю Уладзю і таму аўтару, які стаіць па-за ягонай спінай, не толькі назіраных, але і прыдуманых гісторый, бо іх сучаснай беларускай літаратуры бракуе. Сюжэты павінны спараджаць сюжэты. І я таксама, як і паэт Леанід Д.-Л. (так у кнізе), буду надакучліва пытацца: «Уладзя, а ты пра гэта напісаў?» А яшчэ буду нагадваць сучасным аўтарам пра тое, што з літаратурных гісторый складваецца гісторыя нашай літаратуры, а апавядальнасць  — касцяк паўнавартаснага пісьменства.




Каментаваць