Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Фантастычныя Плыўцы» выдалі «Лагерныя песні» ў Францыі

На французскім Murmure Intemporel Netlabel апублікаваны студыйны альбом авант-джазавага ансамблю з Мінска «Фантастычныя Плыўцы».

У працы паўдзельнічаў брытана-польскі саксафаніст Філіп Пальмэр, а таксама вядомыя па розных праектах прадстаўнікі мінскай андэрграўднай сцэны. У іх ліку Фрыдрых Самотны (сакс) і Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас).

Куратар лэйблу Жан-Люк Хэрвэ Бэртэлю кажа, што быў прыемна здзіўлены, атрымаўшы запіс з Мінску, і ўпадабаў альбом цалкам з першага праслухоўвання: “Музыка падаецца напалову імправізаванай, з добра запісаным гукам, з дасканалай эвалюцыяй кожнай часткі ды з добрым пачуццём гумару ў некаторых трэках. Мае ўлюбёныя эпізоды – гэта “Легенда”, “Этап 3” і “Этап 4”. Карацей кажучы, вельмі добры “авант-джазавы” альбом у выкананні “фантастычных” музыкаў”.

Новая праграма “Фантастычных Плыўцоў” атрымала імя ад загалоўнай песні, ноты і тэкст якой адшукаў паэт і даследчык літаратуры Віктар Жыбуль. “Лагерная песня” на словы расейскага абэрыута Аляксандра Увядзенскага і музыку аўтара гімну БССР Нестара Сакалоўскага датуецца 1935 г. Адмыслова для альбома “Плыўцоў” яе агучыў у Купалаўскім музеі ў Мінску кампазітар і хормайстар Максім Іўкін. Запіс астатніх твораў адбываўся ў гаражнай студыі на ўскрайку сталіцы.

“Кожная кампазіцыя будавалася на пэўнай размове між інструментамі. Імправізацыя абмяжоўвалася адмысловымі інструкцыямі ды графікамі, — кажа стваральнік ансамблю Віктар Сямашка. — Упершыню мы выкарысталі фартэпіяна толькі эпізадычна. Раней менавіта яно задавала тон і лад нашай музыцы. Тут жа рэй вядуць духавое трыё й рытм-сэкцыя”. У кампазыцыі “Этап 4” да асноўнага складу “Плыўцоў” дадаецца хор “Кум-Кума”.

Трэба заўважыць, што на вокладцы альбома змешчаны фотаздымак аднаго з “гулагаўскіх” аркестраў, які стварыў рэпрэсаваны дырыгент Барыс Райскі – легенда беларускага джазу. І варта дадаць, што напярэдадні публікацыі “Лагерных песень" “Фантастычныя Плыўцы” змясцілі ў Сеціве сваю канцэртаграфію.

Азнаёміцца з альбомам "Лагерныя песні" можна тут і тут.

Фотаздымкі Алеся Сямашкі.

Каментаваць