Феномен мастака Фердынанда Рушчыца

Бліжэй да Калядаў выставай адной карціны ў Доме Ваньковічаў будуць адзначаць 140-я ўгодкі з дня народзінаў Фердынанда Рушчыца (10.12.1870-30.10.1936). Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і Інстытут Польскі ў Мінску збіраюцца правесці мерапрыемства больш грунтоўнае, з адведзінамі магілы мастака ў вёсцы Багданава перад Вялікаднём. «Новы час» згадвае мастака сёння, у дзень яго народзінаў, тым больш, што беларускія знаўцы не часта пішуць пра яго. Хаця феномен Рушчыца так і не разгаданы.

Радавод



Бліжэй да Калядаў выставай адной карціны ў Доме Ваньковічаў будуць адзначаць 140-я ўгодкі з дня народзінаў Фердынанда Рушчыца (10.12.1870-30.10.1936). Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і Інстытут Польскі ў Мінску збіраюцца правесці мерапрыемства больш грунтоўнае, з адведзінамі магілы мастака ў вёсцы Багданава перад Вялікаднём. «Новы час» згадвае мастака сёння, у дзень яго народзінаў, тым больш, што беларускія знаўцы не часта пішуць пра яго. Хаця феномен Рушчыца так і не разгаданы.

Радавод

Паходзіў Фердынанд Рушчыц з Рошчыцаў, з праваслаўнага беларускага старажытнага шляхецкага роду (герб Ліс), які праз веру «грэцкую» (уніяцтва) і кальвінізм у часы Рэчы Паспалітай прыйшоў да каталіцызму. Па сведчанні дачкі Яніны, «элін па натуры», Рушчыц уважаў сябе за «тутэйшага». У гэтым менталь­ным самавызначэнні, апрача прыхаванага каліўца гаротнай жыццёвай хітрынкі «бездзяржаўных» праваслаўных і каталікоў, адбілася імкненне адасобіцца ад «старэйшых» суродзічаў.

Сын служачага Лібава-Роменскай чыгункі скончыў гімназію ў Мінску ў 1890 годзе з залатым медалём і тут жа атрымаў досвед малявання ў выхаванца Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Кузьмы Ермакова. Пра Мінск Фердынанд у сваім дзённіку пазней зазначыць: «Пасля ўсяго таго, што прыходзілася перажываць у сваёй прафесійнай дзейнасці ў мастацкім цэнтры, тут маральна адпачываю. Думаю пра будучыню».

Пошукі і знаходкі

Самым актуальным для ўзнёслага выхадца з ПаўночнаЗаходняга краю быў пошук настаўніка. Прымераўшы форму студэнта-юрыста Пецярбургскага ўніверсітэта і ўпэўніўшыся, што «гэта не тое», у 1891 годзе Фердынанд падаў прашэнне ў Акадэмію мастацтваў пра залічэнне вольным слухачом. Кіраўнік майстэрні мастак Іван Шышкін адчуў неардынарнасць юнака і быў з ім уважлівым і далікатным, скіроўваў яго талент у рэчышча марынізму, імкнуўся зрабіць з яго другога Айвазоўскага. Па намаўленні прафесара Рушчыц двойчы ездзіў у Крым, наведаў выспы Руга і Барнгольм на Балтыцы.

Не ведалі мэтры, што апрача эстэтычных уражанняў, якія фіксаваліся ў таропкіх эскізах ды закончаных эцюдах, з наведваннем кожнай мясціны, ад новых, балюча-рэалістычных назіранняў і роздумаў стыхійны, неўсвядомлены яшчэ неспакой душы мацнеў і гартаваўся ў светапогляд асобы.

Ён занатоўваў у дзённіку: «Балаклава. І тут русіфікуюць колькі могуць. Тры храмы — і адзін святар, які толькі па-руску правіць набажэнства. У школе таксама толькі руская мова. Здабыткі з гэтага будзе мець адно Расійская дзяржава, але для гісторыі, этнаграфіі, нарэшце, і мастацтва, гэткая скіраванасць будзе страхатліва нуднай. Тут, дзе столькі было народаў, дзе столькі захавалася традыцый!» Рэчаіснасць ірвала і крывавіла сэрца, «але з ранай паглыблялася і любоў—адно-адзінае вялікае, святое і вечнае».

Фердынанд Рушчыц. Пустата. Восеньскі вецер. 1901 г



Чаго прагне душа

Бракавала Рушчыцу кантактаў з маэстра, у якога ён авалодваў малюнкам—«арыфметыкай» мастацтва. Сцюжай павявае ад словаў у дзённіку: «Адчуваю сябе ў прафесіі поўным сіратой. Шышкін сімпатызаваць мне не можа, а калегі заўжды застануцца калегамі». Пасля аднаго з візітаў да прафесара, які ўхваліў ягоныя летнія працы, Рушчыц запісаў: «Няўжо яны ніколі не зразумеюць, што я магу быць не толькі прылежным адэптам мастацтва, але і нешта сваё, новае магу даць! Няўжо ў мяне столькі памылак, што музычнасць, якую я ў сабе адчуваю, не заўважная ў маіх карцінах? Я адчуваю, што ў мяне ёсць дар Божы...»

Пакліканне да мастацтва, якое Фердынанд усведамляў з дзяцінства, мацавалася неперарыўнасцю гістарычнай памяці, традыцыямі, трывалым этычным грунтам высакароднай сям'і, «роднага гнязда», шчырай Верай. У Зямлю. У Касцёл. У Неба.

Рушчыц не проста шукаў настаўніка, які б дапамог «перайсці да абагульнення — да алгебры, кампазіцыі», але марыў пра настаўніка-сябра, здольнага зразумець яго «ўсім сэрцам», якому можна «даверыцца ўсёй душою».

Фердынанд Рушчыц. Вясна. 1907



Настаўнік і вучні

Аддадзім належнае Куінджы, мастаку і педагогу ад Бога, да якога Рушчыц перайшоў у 1895 годзе. Менавіта са школай Куінджы звязваюць аўтарытэты росквіт творчасці беларускага мастака.

Грэк па нацыянальнасці, Архіп Куінджы, у сям'і якога гаварылі па-татарску (па метрыцы Яменджы — у перакладзе «працоўны чалавек»), у мастацкай культуры ХІХ-ХХ стагоддзя зацвердзіў новы накірунак пейзажнага жывапісу — «рамантызуюча-намыслены». Даследнікі тлумачаць навацыі Куінджы (школа «дзікай прыроды») якасцямі самога педагога, што спагадліва ставіўся да пошукаў моладзі, не навязваў сваіх меркаванняў і тэхнічных прыёмаў, не перашкаджаў выяўленню асабістых рысаў натуры, вучыў творчасці, а не капіяванню.

Суквецце імёнаў — Рэрых, Рылоў, крымскі мастак Багаеўскі, «пясняр Карпатаў» паляк Урублеўскі, каларыст, будучы прэзідэнт Латышскай акадэміі мастацтваў Пурвіт, грэк Хімона, што ўвекапомніў знакі сваёй Радзімы, — пабольшвае годнасць рускай мастацкай школы.

Яркія і разнастайныя па сваім мысленні (ад рэалізму, рамантызму і неакласіцызму да сімвалізму), у большасці ўсе яны працавалі ў рэчышчы краявіду. «Не зусім рускія» вучні-гадаванцы «не зусім рускага» настаўніка-самавука, былі паяднаныя агульным уяўленнем і разуменнем натуры, прыгажосці яе ўнутранай сутнасці. Еднасць іх мацавалася яшчэ і гэтым эфемерным «не зусім», ценямі пачуцця «іншасці». Для Куінджы сімвалам цуду, містычным адлюстраваннем трансцэндэнтных сілаў былі горы. Індывідуальна пераасэнсаваныя горы прэваліравалі ў творчасці большасці вучняў.

Не варта спяшацца пагадзіцца з меркаваннямі расійскіх і польскіх мастацтвазнаўцаў пра суцэльнае дамінаванне ў Рушчыца «панпсіхізму» ва ўспрыманні прыроды. Немажліва феномен мастака звесці і да ўплыву бёклінаўскай школы, уплыву расійскага сімвалізму на творчасць мастака-рэаліста. Самабытнасць майстра ў большай ступені абумоўлена светапогляднай глебай.



Прызнанне

Узімку 1899 года ў Варшаве з поспехам прайшла выстава нядаўняга студэнта Пецярбургскай акадэміі мастацтва. Культурны свет схамянуўся: «У друку загуло. Скрозь туман словаў праступала нейкае дзіва. За адну ноч невядомы мастак становіцца з'явай, імя Рушчыца разнеслася па ўсёй Польшчы», — згадваў мастак Караль Ціхі.

Цалкам сфармаваны творца паказаў свае краявіды. Ужо падзея! У тагачасным польскім мастацтве краявід не дамінаваў у жанравай палітры з-за такіх пазамастацкіх фактараў, як нацыянальна-вызваленчыя ідэі і патрыятычная скіраванасць, якія спрыялі актуалізацыі іншых жанраў. Работы мэтраў — Станіслаўскага, Падкавінскага, Камоцкага ды іншых панарамна ахоплівалі натуру, выклікалі пачуццё шырыні абсягаў, дужага краю і скіроўвалі да патрыятычных роздумаў. Не больш. Зрэдку «партрэты натуры» насычаліся немудрагелістымі жанравымі сцэнамі — воз сена, выбіранне бульбы ці яшчэ нейкімі падкрэслена настальгічнымі этнапрыкметамі.

Творы Рушчыца, што не вызначыш як краявіды (хутчэй карціны), уразілі ўсім: новым поглядам, новым бачаннем, новым разуменнем. Блізкія да камерных, кампазіцыйна разнастайныя, напісаныя са скарыстаннем прамой перспектывы. Уяўлялі яны погляд зблізку, без «шырыні ахопу», без пафасна-гераічнага надрыву і закладалі чысціню тэматычна-музычнага тону беларускіх мастакоў наступных пакаленняў. Паэтызацыя выяваў не надта значных побытавых аб'ектаў—млын, дом, мост, дрэвы, яблыні, зямля, аблокі — паўставалі натуральна, проста, сціпла і ўвекапомневалі знакі, этнічныя архетыпы быцця Краю. Каліва Сусвету, у якім прысутная Душа.

Прызнанне не завіхурыла, не збіла з панталыку. У 1898 годзе Фердынанд вяртаецца на сталае жыццё да ўласнага кавалку зямлі ў багданаўскае «роднае гняздо», дзе «стасункі паміж людзьмі больш натуральныя, каб у спакоі, нават пэўнай апатыі, аднавіць раўнавагу». У Багданава ды яго ваколіцах за якія дзесяць гадоў была створана большасць ягоных лепшых твораў.

Блукаючы па наваколлі, займаючыся гаспадарчымі клопатамі, робячы алоўкавыя накіды ці працуючы над эцюдамі, эскізамі, ён асэнсоўвае шлях свайго краю. Лёс сям'і. Прызначэнне чалавека. Прагаворвае дзённіку сваю мару: «Быць добрым сынам сваёй Айчыны, для яе працаваць, араць, і калі выспее што-небудзь, аддаць ёй у дар усе здабыткі. Таму што люблю яе ўсім сэрцам і толькі ёй належу целам і душой». Імпульсы, што праціналі яго на гэтай зямлі і пад гэтым небам, набывалі эстэтыка-філасофскую завершанасць і ўвасабляліся на палатне.

Сюжэт

Ад краю да краю напоўніцу дыхае, дыбіцца гурбамі камлюкаватая, апрытомнеўшая ад зімовай сцюжы зямля. Асязальна ўвекапомнены кругагляд Сусвету — ралля. Гэты сапраўдны, трывалы грунт жыцця ахоплівае частку жыццёвай прасторы, па над якой суцэльна пануе Неба. Бязмежнае і спрадвечнае, сіняе да болю ў вачах і блакітна-лагоднае адначасова, яно перапаўняе прастору і рвецца вонкі. Вірыць «барочнымі» аблокамі, адухоўленая бялюткасць якіх — супрацьвага рэалістычна-матэрыяльнай зямлі. На гледача з нетраў небакраю павольна сунуцца магутна-грувасткія істоты, здатныя перакуліць зямлю дагары, — валы. Налягаючы на плуг, следам рушыць па ворыву постаць аратая.

Чалавек — масток між Небам і Зямлёй — сваёй прысутнасцю нябачным чынам нітуе і ўраўнаважвае боскія супрацьлегласці. Касмічныя акорды вясны і абуджэння, акорды еднасці ўсяго існага поўняць сэрца пачуццямі шчыра-малітоўнымі, нараджаюць мелодыю з простымі словамі народнай песні...

Мажорна-свежы твор «Зямля» быў напісаны Рушчыцам увосень, напярэдадні зімы 1898 года, і стала экспануецца на асобнай сцяне ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Вёска Багданава, магіла Фердынанда Рушчыца



* * *

Удзельнікі мінскай вечарыны памяці ў Доме Ваньковічаў сустрэнуцца з творам, які выразна і эмацыйна перадае ідэю непарушнага адзінства Зямлі і Неба, вызначае ў сімволіка-алегарычнай форме галоўны кірунак чалавечага руху.

Спадзяемся, госці змогуць пазнаёміцца з забытай старонкай мастацкага жыцця Мінску — адной з першых выставаў у горадзе, зладжанай у 1911 годзе, сярод арганізатараў якой быў «неўтаймоўны» Фердынанд, і ўдзел у якой узяло каля трыццаці мастакоў. Змогуць скласці ўяўленне пра жыццё і творчасць мастака, яго выкладчыцка-арганізацыйную і грамадскую дзейнасць. Уявіць няпростыя стасункі мастака з беларускім адраджэнскім рухам пачатку ХХ стагоддзя. Апрача гэ­тага можна будзе дазнацца шмат цікавага з «музейнай легенды» карціны, пачуць гісторыю Касцёла Міхала Архангела, пабудаванага дзякуючы фундацыі Пятра Паца і ўвасобленага на палатне Рушчыца.

Каментаваць