Фільм беларускага рэжысёра атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі

“Амерыканка. All included” — фільм беларускага рэжысёра Віктара Корзуна — атрымаў галоўны прыз на Szczecin European Film Festival. Журы сфармулявала сваё рашэнне так: фільм пераможцы адкрывае новыя перспектывы ў дакументальным жанры.
 



Фільм распавядае пра жыццё ў турме беларускага КДБ, вядомай як “амерыканка”, палітолага, журналіста, пісьменніка Аляксандра Фядуты. Больш за 20 гадоў таму ён быў у камандзе першага і дагэтуль нязменнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, прычым дапамог яму перамагчы на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе, але потым сышоў ад яго ў апазіцыю.

Фядута знаходзіўся ў зняволенні 110 дзён пасля выбараў кіраўніка дзяржавы 2010 года. Тое сваё зняволенне ў “амерыканцы” герой стужкі апісаў у кнізе. Па словах рэжысёра Віктара Корзуна, ідэяй фільма было перакласці жахлівую рэчаіснасць на мову літаратуры, замяніць жанр з драмы на камедыю. У гэтым выпадку страшэнная дзяржаўная “махіна” паказваецца ў іранічных тонах, ператвараецца ў карыкатуру на саму сябе. Аляксандр Фядута паўстае перад гледачамі ў адным з самых сакрэтных месцаў краіны. А паколькі весці здымкі на тэрыторыі ўнутранай турмы КДБ немагчыма, аўтары стварылі анімаваны варыянт "амерыканкі".

Аўтарамі сцэнарыя выступілі Аляксандр Фядута (ён жа і выканаўца ролі самога сябе) і Віктар Корзун, прадзюсарам стала Кася Камоцкая. Таксама ў працы ўзялі ўдзел аператары Наталля Шырк і Яўген Жоўты, гукарэжысёр Тарас Сянчук, мастакі Анатоль Тадорскі і Віктар Тумар. Фільм здымаўся ў Кіеве ў павільёне кінастудыі імя Даўжэнкі ў 2013 годзе, яшчэ да расійска-ўкраінскай вайны.

Віктар Корзун звяртае ўвагу на той факт, што ягоны фільм атрымаў Гран-пры “за новыя формы развіцця рэжысуры ў дакументальным кіно”. “Гэта ўзнагарода — не проста за тэму правоў чалавека, не проста за тэму беларускіх палітвязняў, але, паводле меркавання журы, за творчыя дасягненні, — кажа аўтар фільма. — Мы не змаглі быць на гэтым фестывалі, бо здымалі ў Маскве матэрыял для новага фільма. Гэтую прэмію прысуджае асабіста мэр Шчэціна, і паколькі мы не змаглі там быць, нас папрасілі накіраваць відэазварот выступу замест сваёй прысутнасці на ўручэнні ўзнагароды. Я ў гэтым відэазвароце сказаў: вельмі рады, што прэмія прысуджана менавіта за творчыя дасягненні, а не за тэму”.

Важным было вызначыць, дзе герой фільма будзе дзейнічаць. Было ясна, што ў саму “амерыканку” нас ніколі не пусцяць, таму прыйшла ідэя зрабіць маляваны інтэр’ер, маляваных персанажаў, якія б мінімальна рухаліся, а герой мог ляжаць на нарах, сядзець на крэслах, хадзіць па камеры, заглядаць у акенца-“кармушку”. Мінімальная анімацыя, але герой рэальны. Мы вырашылі, што гэта мае дачыненне да дакументальнага кіно, бо фактура дакументальная, аўтар рэальны, ён грае самога сябе і грае тое, што было рэальна, — падкрэслівае Віктар Корзун. — Мастак Анатоль Тадорскі фантастычна і максімальна дакладна намаляваў інтэр’еры турмы, і так атрымалася, што гэтаму фільму шмат што спрыяла, таму ён трапіў у кропку”.

У той жа час, кажа рэжысёр, ён пакуль што не імкнецца да шырокага распаўсюду свайго твора ў Беларусі.

Калі мы заканчвалі фільм, акурат пачалася вайна ва Украіне. Спачатку трагічныя падзеі на Майдане, потым амаль два гады ідзе вайна, і я проста маральна не адчуваю сябе гатовым паказваць такі сатырычны, напаўгумарыстычны і напаўдраматычны фільм, таму што я гэта бачу як адваротны бок медаля ўкраінскіх падзеяў, — уздыхае Віктар Корзун. — То бок, з украінцамі было б яшчэ горш, каб Майдан не перамог. Ім і зараз не пазайздросціш. Вось такая правакацыя, якая адбылася ў Беларусі 19 снежня 2010 года і якая мела такія наступствы, на маю думку, планавалася і ва Украіне. Але не разлічылі, што там іншы народ з іншымі маштабамі ды іншай ментальнасцю і тэмпераментам. Таму я не магу арганізоўваць паказы адносна лёгкага фільма, калі там адбываюцца такія трагічныя падзеі. Магчыма, гэтае асабістае адчуванне з цягам часу і пройдзе”.

“Мы не спяшаемся паказваць у Беларусі гэты фільм, але гэта не значыць, што час гэтага фільма прайшоў. На жаль, фільм актуальны. Мы і разлічваем, што нашы фільмы будуць актуальныя не толькі на сённяшні дзень, але і на будучыню, а гістарычныя стужкі — у прынцыпе надоўга. Доказам таму — паказ нашага фільма пра Уладзіміра Караткевіча “Як сканаю — душа застанецца” на нядаўні юбілей слыннага пісьменніка і паэта. Цікавасць ёсць, і ўзнятыя пытанні застаюцца актуальнымі доўгі час”, — мяркуе Віктар Корзун.

Фестывалі, на якіх яшчэ быў прадстаўлены фільм “Амерыканка. All included”:

  • DOK Leipzig 27 кастрычніка — 2 ліспапада 2014 г. (Ляйпцыг, Германія)
     у намінацыях: Doc International Programme, Film Prize “Leipziger
    Ring”, Animadoc Award

 

  • European Media Art Festival in Osnabrueck (Оснабрук, Германія) — 22–26 красавіка 2015 г.

 

  • ETHNOCINECA 2015 Film Format — 4–8 мая 2015 г.
  • International Festival of Local Televisions — Košice, Slovakia — (Кошыцэ, Славакая, 17–20 чэрвеня 2015 г.) — Ганаровая ўзнагарода

 

  • FESTIVAL FILMES SOBRE ARTE PORTUGAL 2015 (Партугалія) 1–4 кастрычніка 2015 г.

 

  • “Człowiek w Zagrożeniu” (25–28 ліспапада 2015 г.), Лодзь, Польшча

Каментаваць